Міжнародны дзень роднай мовы работнікі райвыканкама адзначылі напісаннем дыктанта па беларускай мове.













Як расказала намеснік дырэктара Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Ганна Вянско, тэкст яна выбрала пра беларускую асветніцу Ефрасінню Полацкую, жыццё якой з’яўляецца яркім прыкладам служэння Айчыне і народу, каб яшчэ раз даць магчымасць сваёй аўдыторыі акунуцца ў нашу славутую гісторыю.
Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская ўдзельнічае ў напісанні дыктоўкі ўжо трэці раз і адзначае:

– Добра, што ёсць такая магчымасць і нам, дарослым, праверыць веданне беларускай мовы. Гэта вельмі важна – не забываць і не цурацца яе, шанаваць, бо яна наша, родная. Патрэбна і моладзі прывіваць любоў да мовы, размаўляць на ёй, бо гэта не сорам, як многія яшчэ лічаць, а наадварот, паказчык тваёй адукаванасці і самабытнасці . Наша беларуская мова прыгожая, мілагучная, свая, блізкая сэрцу, яе мы чулі з маленства ад бабулі. Дыктоўку пісала з задавальненнем, дарэчы, сённяшняя аўдыторыя добра піша па-беларуску.
Галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры райвыканкама Яўгенія Ярмаловіч:
– Я апошнім часам пастаянны ўдзельнік дыктоўкі. І гэтым вельмі задаволена. Пішу даволі граматна, навыкі, якія дала школа, грунтоўныя, сваім дзецям таксама прывіваю любоў да роднай мовы. Лічу такія мерапрыемствы вельмі важнымі, каб не забывацца пісаць па-беларуску, помніць свае карані.
Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае