Дэпутацкі корпус іграе важную ролю ў фарміраванні законаў, а яны, у сваю чаргу, скіраваны на развіццё нашай краіны і камфорт кожнага яе жыхара.

Усе мы выдатна разумеем, што, калі дэпутаты мясцовых Саветаў вырашаюць пытанні рэгіянальнага значэння, то ад іх калегаў з Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь залежыць лёс Беларусі ў цэлым.

Цяпер, як вядома, ідзе вялікая работа па змяненні заканадаўства. Чаго беларусам чакаць у бліжэйшы час, расказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзімір Сіняк, які з’яўляецца членам Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі і адказвае за падрыхтоўку новага законапраекта.

– 19 лістапада 2020 года Палатай прадстаўнікоў быў прыняты ў першым чытанні праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў”, – тлумачыць Уладзімір Аляксандравіч. – У цэлым, гэты законапраект закранае пытанні, якія тычацца сферы тэхнічнага рэгулявання і энергаэфектыўнасці. У рамках праекта будзе здзейснена карэкціроўка Кодэкса гандлёвага мараплавання Рэспублікі Беларусь і шэрагу законаў: “Аб газазабеспячэнні”, “Аб дзяржаўнай статыстыцы”, “Аб дзяржаўным і мабілізацыйным матэрыяльных рэзервах”, “Аб выкарыстанні атамнай энергіі”, “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”, “Аб энергазберажэнні”.

– Чым выклікана неабходнасць уносіць змяненні ў гэтыя нарматыўныя дакументы?

– Большасць карэкціровак звязана са змяненнем падыходаў у галіне тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі. Фактычна, гэта працяг комплекснай планамернай работы па ўзгадненні беларускага заканадаўства з палажэннямі Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, падпісанага ў Астане 29 мая 2014 года.

Сюды ўваходзіць замацаванне палажэння аб непасрэдным выкарыстанні нормаў тэхнічных рэгламентаў Еўразійскага эканамічнага саюза на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Раней у кожнай краіны быў свой тэхнічны рэгламент, і вытворцы Рэспублікі Беларусь, якія пастаўлялі сваю прадукцыю ў Расійскую Федэрацыю, Казахстан, Арменію, Кіргізію, павінны былі выконваць патрабаванні тэхнічных рэгламентаў як Рэспублікі Беларусь, так і іншых дзяржаў. Члены Еўразійскага эканамічнага саюза дамовіліся ўвесці абавязковыя патрабаванні для пэўнага пераліку аб’ектаў. З моманту, калі мы перайшлі на адзіныя патрабаванні, у нас яны аднолькавыя для пяці дзяржаў. Ужо ёсць 48 тэхнічных рэгламентаў, яшчэ 12 знаходзіцца ў распрацоўцы.

Усё, што адзначыў, у законапраекце “хаваецца” за невялікімі дапаўненнямі, часта незразумелымі простаму абывацелю. Здаецца, што мы ўзгадалі ў адной-дзвюх нормах тэхнічныя рэгламенты Еўразійскага эканамічнага саюза, а на самой справе гэта значны крок да зніжэння тэхнічных і адміністрацыйных бар’ераў, важны для стварэння адзінага рынку і свабоднага руху прадукцыі на тэрыторыі ЕАЭС.

– Патлумачце на канкрэтных прыкладах, як гэта будзе працаваць?

– Спынюся на больш зразумелым. Напрыклад, у Законе “Аб газазабеспячэнні” мы ўдакладнілі, што на асобныя аб’екты газазабеспячэння, а таксама на газ гаручы, могуць распаўсюджвацца тэхнічныя рэгламенты Еўразійскага эканамічнага саюза.

Да чаго гэта вядзе? З прыняццем змяненняў у закон ліквідуецца прабел у гэтым пытанні. Сёння адсутнічаюць абавязковыя для выканання беларускія тэхнічныя рэгламенты і стандарты – усё рэгулюецца выключна даагаворнымі адносінамі. А ў рамках ЕАЭС прыняты шэраг тэхнічных рэгламентаў, якія ўстанаўліваюць патрабаванні да газу. Гэта тэхнічны рэгламент “Аб бяспецы газу гаручага прыроднага, падрыхтаванага да транспартавання і (або) выкарыстання” і “Патрабаванні да звадкаваных вуглевадародных газаў для выкарыстання іх у якасці паліва”. Значыць, пастаўляць газ у рэспубліку можна толькі той, які адпавядае названым патрабаванням.

У галiне газазабеспячэння адкарэкціраваны значэнні тэрмінаў “газазабяспечвальная арганізацыя” і “пастаўшчык газу” Закона Рэспублікі Беларусь “Аб газазабеспячэнні” (артыкул 1).

Як прадстаўнік рэальнага сектара эканомікі – газавай галіны, я хачу падкрэсліць, што так мы расстаўляем па сваіх месцах усіх удзельнікаў газавага рынку, даючы ім дакладныя азначэнні і ўдакладняюць кола іх паўнамоцтваў.

Змены закранулі і артыкул, прысвечаны падставам для развіцця газіфікацыі: законапраект замацоўвае, што падставай павінны быць дзяржаўныя або галіновыя праграмы, прынятыя ва ўстаноўленым парадку.

Дзеючым Законам “Аб газазабеспячэнні” прадугледжана, што заказчыкам на будаўніцтва аб’ектаў газаразмеркавальнай сістэмы выступае толькі газазабяспечвальная арганізацыя. Законапраектам прадугледжваецца, што заказчык на будаўніцтва аб’ектаў газаразмеркавальнай сістэмы вызначаецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі дзеючага заканадаўства. Гэта значыць, што фізічная асоба, у тым ліку індывідуальны прадпрымальнік, можа быць заказчыкам на будаўніцтва такіх аб’ектаў.

Важнымі з’яўляюцца пытанні дзяржаўнага энергетычнага і газавага нагляду. Міністэрствам энергетыкі ў 2019 годзе створана дзяржаўная ўстанова “Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд”, якая ажыццяўляе дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд у форме мерапрыемстваў тэхнічнага (тэхналагічнага, праверачнага) характару і мераў прафілактычнага і папераджальнага характару.

Аднак патрабаванні Указа Прэзідэнта № 510 нельга выкарыстаць да фізічных асобаў – спажыўцоў газу ў побыце. Таму ў праекце замацаваны паўнамоцтвы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па вызначэнні парадку ажыццяўлення нагляду за выкананнем фізічнымі асобамі патрабаванняў да тэхнічнага стану, усталявання і тэхнічнай эксплуатацыі ўводных і ўнутраных газаправодаў, газавага абсталявання, інжынерных сістэм, што забяспечваюць бяспеку пры іх эксплуатацыі ў жыллёвым фондзе.

Акрамя таго, адкарэкціраваны артыкул 11 Закона ў частцы выключэння з паўнамоцтваў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання ў галiне газазабеспячэння нормы аб ажыццяўленні кантролю (нагляду) за забеспячэннем прамысловай, пажарнай i экалагiчнай бяспекi аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння, бо паводле Закона “Аб прамысловай бяспецы” гэта кампетэнцыя Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

– Вы анансавалі змяненні і ў такой важнай галіне эканомікі, як энергазабеспячэнне. Што чакае беларусаў у гэтым кірунку?

– Як кіраўнік, раней я пастаянна сутыкаўся з нармаваннем спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў, таму хачу адзначыць, што законапраектам прадугледжваюцца некаторыя крокі па спрашчэнні працэдуры ўстанаўлення і ўзгаднення нормаў расходу паліўна-энергетычнай сыравіны.

Калі разглядаць паліўны баланс рэспублікі, то мы бачым, што доля спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў шэрагам юрыдычных асобаў у ім зусім нязначная і складае менш за адзін працэнт. Сюды адносяцца ўстановы адукацыі, аховы здароўя, культуры, спорту і турызму. Яны спажываюць паліўных рэсурсаў няшмат, а працэдура ўзгаднення нормаў для іх ідэнтычная прамысловым гігантам.

Законапраект змяняе ніжнюю мяжу сумарнага спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў юрыдычнымі асобамі. Замест 100 тон умоўнага паліва гэты парог будзе складаць 300 тон умоўнага паліва. Значыць, пасля ўступлення ў сілу паправак кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія спажываюць менш за 300 тон умоўнага паліва, змогуць самастойна прызначыць нормы расходу, якія забяспечваюць канкурэнтаздольнасць выпускаемай прадукцыі, выкананых работ, аказаных паслуг.

Калі гаварыць пра рэспубліку ў цэлым, то такі падыход дазволіць вызваліць больш за 2000 юрыдычных асобаў ад працэдуры нармавання ў Дэпартаменце па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту і яго рэгіянальных упраўленнях.

Яшчэ адна інавацыя, якая, упэўнены, спадабаецца кіраўнікам прадпрыемстваў, – устанаўленне тэрміну дзеяння нормаў расходаў паліўна-энергетычных рэсурсаў на бягучы год замест каляндарнага. Юрыдычная асоба зможа сама ўстанавіць зручныя для сябе нормы расходу паліўна-энергетычных рэсурсаў, напрыклад, з трэцяга квартала 2021 года па трэці квартал 2022 года. Гэта дапаможа пазбегнуць ажыятажу, які традыцыйна ствараўся напрыканцы года.

– Калі нам чакаць гэтых змяненняў?

– Работа над законапраектам прадаўжаецца. Спадзяюся, усё пройдзе, як запланавана, і на вясновай сесіі Парламент разгледзіць гэты праект у другім чытанні.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Ведае ўчастковы. Хто дапаможа знайсці работу?
Праверылі парковачныя месцы для інвалідаў
Безопасный Новый год с БМООСП!

Похожие публикации