На змену стацыянарным гандлёвым аб’ектам у маланаселеныя вёскі Беларусі паступова прыходзяць сучасныя аўтамагазіны.

Гандлёвая сетка Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства – не выключэнне. Вось і ў Лядзінах два гады таму была неабходнасць закрыць стары магазін, цяпер замест яго жыхароў тройчы на тыдзень абслугоўвае аўталаўка маршруту № 5.


Падобная задача стаіць перад усёй сістэмай спажыўкааперацыі нашай краіны – галоўнага аператара для сяльчан. Рашэнне дапамагае знізіць выдаткі Белкаапсаюза на ўтрыманне стацыянарных аб’ектаў, у цэлым забяспечыць прыбытковую работу галіны, адпаведна і дастойную зарплату прадаўцам, а пакупнікам – шырокі асартымент свежай харчовай прадукцыі і неабходных тавараў. Дарэчы, у аўталаўках ёсць магчымасць індывідуальна заказваць нават не толькі паўсядзённыя пакупкі, а бытавую тэхніку, іншыя патрэбныя рэчы, якія прыбудуць “з дастаўкай на дом”. Радуе таксама, што загрузка аўтамагазіна ажыццяўляецца рэгулярна, таму на маршрут ён выходзіць са свежымі прадуктамі: хлебам, малочнымі і каўбаснымі вырабамі. Цэны такія ж, як і па ўсёй гандлёвай сетцы, асартымент дастаткова шырокі. Для вёскі Лядзіны, дзе жывуць некалькі дзясяткаў чалавек, такі варыянт даволі спрыяльны.


Выслухаць меркаванне і пажаданні вяскоўцаў на адзін з прыпынкаў аўталаўкі (у Лядзінах яна спыняецца двойчы) прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская і намеснік дырэктара філіяла Алеся Лазута.

– Мясцовы магазін быў закрыты два гады таму, і важна ведаць, як абслугоўваюцца грамадзяне, ці ўсім яны задаволены, ці ўсяго хапае, якія ўзнікаюць пытанні, – расказала Вольга Жэлезоўская. – Увогуле, абслугоўванне аўталаўкамі сельскага насельніцтва – на пастаянным кантролі аддзела эканомікі Дзятлаўскага райвыканкама. Сёння са словаў пакупнікоў мы ўпэўніліся, што праблемных момантаў у Лядзінах няма, вяскоўцы задаволены якасцю гандлю.
– Зразумела, што мясцовым жыхарам псіхалагічна было больш прыемна прыходзіць у стацыянарны магазін, – прадоўжыла тэму Алеся Лазута. – Яны маглі пастаяць, пагаварыць, нешта абмеркаваць, калі што недакупілі – вярнуцца, у аўталаўкі ж ёсць графік, пэўны час і месца стаянкі. Тым не менш, калі людзі звяртаюцца па пытанні дадатковых прыпынкаў, то па ўзгадненні з райвыканкамам мы можам іх дадаць, памяняць лакацыю.

Мясцовы магазін быў закрыты не па волі філіяла, проста ў прадаўца настаў пенсійны ўзрост, далей працаваць не дазваляў стан здароўя. Рашэнне прымалі ўзважана: прааналізавалі, што вазіць з райцэнтра новага работніка немэтазгодна, а праз Лядзіны ўсё роўна праязджае аўталаўка, таму найлепшы варыянт – задзейнічаць менавіта яе ў забеспячэнні таварамі трыццаць мясцовых жыхароў.
Аб якасці абслугоўвання вяскоўцы сёння выказаліся станоўча. Асартыментны пералік тавараў у аўтамагазінах мы пастаянна трымаем на кантролі, час ад часу ладзім маніторынгі. Працуем і па папярэдніх заказах, для чаго вядуцца спецыяльныя журналы. Калі да святаў пакупнікі жадаюць набыць прадукцыю вытворчасці нашага філіяла – дастаўляем. Часта запытваюць камбікорм, яго, як і іншыя важкія заказы, стараемся давезці да дома чалавека. Прадавец маршруту № 5 Жанна Скрундзь працуе ў нашай сістэме чацвёрты месяц, ёю мы задаволены. Скаргаў і нараканняў у насельніцтва таксама няма.

У цэлым на сёння наш філіял з’яўляецца асноўным аператарам па гандлёвым абслугоўванні сяльчан Навагрудскага і Дзятлаўскага раёнаў. Для забеспячэння неабходнымі таварамі маланаселеных і аддаленых вёсак функцыянуюць 15 аўталавак. Машынны парк паступова абнаўляем. Цэны на тавары і іх асартымент не горшыя, чым у горадзе. Прадаўжаецца аўтаматызацыя магазінаў на колах, якую мяркуем завяршыць да 25 чэрвеня.

Цікава было выслухаць і саміх вяскоўцаў.
Андрэй Сайчык:

– Безумоўна, для пакупнікоў стацыянарны магазін заўжды больш зручны, бо няма такой моцнай “прывязкі” да часу, аднак і да графіка аўталаўкі ўжо прызвычаіліся. Да таго ж у многіх ёсць магчымасць пры жаданні куды-небудзь выехаць па пакупкі.
Асартымент у нашым аўтамагазіне шырокі, усіх задавальняе. Ёсць прысмакі і для дзяцей. Сёння вось – марожанае. Калі нешта патрэбна дадаткова, можна заказаць загадзя. Ніякіх праблем не бачу.
Марыя Буднік:

– Жыву якраз насупраць прыпынка аўталаўкі, таму мне даволі зручна. Зразумела, што яна – не магазін, не пастаіш і не перагледзіш той тавар, які цікавіць, на выбар адчувальна менш часу, аднак і да гэтага прывыкла. Якасць прадуктаў мяне задавальняе, а каб набыць усё неабходнае, чаго хопіць да наступнага прыезду аўтамагазіна, пішу спіс і аддаю яго прадаўцу. Несці пакупкі – блізка. Што трэба дадаткова – заказваю, прывозяць. Усё добра.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае