Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына атрымала ад аднаго з наглядальнікаў скаргу на саму сябе. Аб гэтым кіраўнік ЦВК Беларусі паведаміла сёння журналістам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
“Гэта кур’ёзны выпадак. Учора я атрымала скаргу на сябе ж”, – сказала Лідзія Ярмошына. Яна адзначыла, што гэта паказвае ўзровень палітычнай культуры чалавека, які падаў скаргу.
Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што ў Беларусі яшчэ з 2013 года ўведзена практыка, калі выбаркам вырабляе інфармацыйныя брашуры або лісткі з данымі аб кандыдатах. Гэта друкаваная прадукцыя раскладваецца па паштовых скрынях выбаршчыкаў. Аднак адзін з наглядальнікаў з Гомеля прыслаў кіраўніку ЦВК скаргу, дзе піша, што неабходна “спыніць незаконную дзейнасць” невядомых людзей, якія распаўсюджваюць “незаконныя агітацыйныя матэрыялы”, дзе змяшчаюцца звесткі аб чатырох кандыдатах.
Але гэта і ёсць той інфармацыйны матэрыял, які выраблены ЦВК і афіцыйна распаўсюджваецца праз РУП “Белпошта”. Наглядальнік жа прыняў гэтыя лістоўкі за агітацыйныя матэрыялы. “Няма там ніякай агітацыі. Вы ж самі бачылі гэту лістоўку”, – адзначыла Лідзія Ярмошына.
Развіваючы тэму палітычнай культуры, кіраўнік ЦВК сказала, што ўзрасла палітычная і прававая дасведчанасць насельніцтва і кандыдатаў. Але пры гэтым яна адзначыла, што ў 1990-я выбаршчыкі вельмі цікавіліся выбарамі. “Тады не было праблемы сабраць подпісы. Чаму з’явілася ў Канстытуцыі норма аб 100 тыс. подпісаў? Таму што нікому і ў галаву не прыходзіла, што гэта стане перашкодай для кандыдатаў у прэзідэнты, а цяпер гэта стала. Выбаршчыкі менш ахвотна ўдзельнічаюць, але пры гэтым яны больш разбіраюцца. Прававая дасведчанасць тых, хто збірае подпісы, і тых, хто іх ставіць, значна вышэйшая”, – сказала Лідзія Ярмошына.
Што ж датычыцца палітычнай культуры, то, на думку Лідзіі Ярмошынай, яна звязана непасрэдна з асабістай культурай чалавека. “Калі кандыдат у прэзідэнты культурны як асоба, значыць, у яго будзе і з палітычнай культурай усё ў парадку. Калі ён хаміць у жыцці і мае звычкі дваровага хулігана, то ён будзе гэтак жа паводзіць сябе і ў перыяд выбарчай кампаніі”, – адзначыла кіраўнік ЦВК.