У Лідскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі прайшоў абласны турнір, прысвечаны Міжнароднаму дню робататэхнікі і Дню беларускай навукі.
Каля васьмідзесяці навучэнцаў з дзесяці раёнаў Прынёмання ў час іспытаў атрымалі каштоўны вопыт праграмавання робатаў і кіравання сцэнарыямі робататэхнікі.
Адметна, што свята ўжо на працягу некалькіх гадоў збірае на адной пляцоўцы не толькі прафесіяналаў галіны, але і юных вынаходнікаў інжынернай будучыні і даследчыкаў. Турнір спрыяе выяўленню і развіццю ў школьнікаў творчых здольнасцяў, якія дапамагаюць ім далучыцца да сферы тэхналогій і інжынерыі.
Наш раён на турніры прадстаўлялі навучэнцы гуртка “Кібертэрыторыя” Дзятлаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і іх педагог Віталій Халюкоў.
Юныя дзятлаўскія робататэхнікі заявіліся ў намінацыі “Следаванне па лініі”. У сур’ёзнай барацьбе нашым землякам удалося стаць прызёрамі абласнога турніру.


Дыпломам за другое месца адзначаны Мацвей Сямашка і Аляксандр Кучынскі. Уладальнікамі дыплома трэцяй ступені сталі Аляксандр Жукоўскі і Мацвей Маркевіч.
Варта адзначыць, што гурткоўцы “Кібертэрыторыі” і іх педагог Віталій Халюкоў ужо другі год запар трымаюць высокую планку і ва ўмовах сур’ёзнай канкурэнцыі займаюць лідарскія пазіцыі ў абласных выпрабаваннях. Летась у намінацыі “Следаванне па лініі: юніёры, адукацыйныя канструктары” навучэнцы Ілья Бекман і Аляксандр Жукоўскі былі пераможцамі і ўладальнікамі дыплома першай ступені.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашалепшае #нашелучшее