22 студзеня ў кінатэатры “Спадарожнік” адбыўся паказ дакументальнага фільма “Птушка Фенікс Аляксея Талая”. Першымі гледачамі гэтай карціны ў нашым раёне сталі навучэнцы сярэдняй школы № 1 імя А. М. Чурыла горада Дзятлава.
Гэта 26-хвілінная стужка створана рэжысёрам Уладзімірам Луцкім на кінастудыі “Беларусьфільм”.
Аляксей Талай – вядомы беларускі паралімпіец, грамадскі дзеяч, матывацыйны трэнер і бізнесмен, заснавальнік дабрачыннага фонду, чэмпіён свету па плаванні, шчаслівы муж і бацька чацвярых дзяцей. У фільме паказаны абставіны трагедыі, якая адбылася з ім у 16-гадовым узросце. Ён стаў ахвярай няшчаснага выпадку: выбух міны, якая засталася ў зямлі з часоў Вялікай Айчыннай вайны, пакінуў яго без рук і ног. Ён мог бы адчаяцца, замкнуцца ў сабе, але жаданне жыць і імкненне да сваёй мары, неверагодная падтрымка родных і скосыя погляды нядобразычліўцаў дапамаглі яму адчуць у сабе сілы на шляху да поспеху. Аляксей навучыўся жыць і любіць жыццё, дасягнуў поспеху, а самае галоўнае – стварыў шчаслівую сям’ю, якая яго любіць, з’яўляецца для яго падтрымкай і апорай. Ён даказаў, што нават з інваліднасцю можна жыць, любіць, трэніравацца і нават стаць чэмпіёнам.
Гэта яскравы прыклад маладому пакаленню неймавернай сілы волі і вытрымкі.
Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga