15 чэрвеня дзятлаўчан чакае адна з самых яркіх культурных падзей гэтага лета – юбілейны карнавал-фестываль роставых лялек, які збярэ сяброў з усёй Беларусі.
Арганізатар фестывалю Іван Каско расказаў, чым адзначыцца сёлетняе мерапрыемства і якія сюрпрызы чакаюць яго гасцей.
– Іван Іванавіч, з чаго ўсё пачыналася?
– Ідэя правядзення карнавалу ўзнікла ў 2014 годзе, першымі ўдзельнікамі сталі 13 калектываў, якія прадстаўлялі Брэсцкую, Мінскую, Гродзенскую вобласці – усяго 42 роставыя лялькі і
27 аніматараў. Гэта ўнікальная падзея аб’яднала людзей усіх узростаў і падарыла незабыўныя эмоцыі, бо роставыя лялькі – гэта нешта чароўнае, яны ажыўляюць любімых персанажаў і ствараюць атмасферу казкі. Мы хацелі, каб наш горад стаў месцам, дзе кожны зможа акунуцца ў гэты цудоўны свет.
– Пяты, юбілейны фестываль – гэта значная падзея. Чым ён будзе адрознівацца ад папярэдніх?
– Сёлета мы пастараліся зрабіць карнавал яшчэ больш запамінальным: запрасілі больш удзельнікаў, падрыхтавалі новыя конкурсы і інтэрактыўныя шоу. Асаблівую ўвагу надалі параду роставых лялек, які стане яркім момантам праграмы. Удзельнікі змогуць праявіць сябе ў некалькіх намінацыях: лялечны дызайнерскі паказ, прадстаўленне ў час дызайнерскага паказу і інтэрактыўнае тэатралізаванае шоу. Лепшы калектыў атрымае ў падарунак роставую ляльку “Зайчык Ляля”, а астатнія ўдзельнікі – грашовыя прызы. Мы хочам, каб кожны, хто наведае фестываль, застаўся з усмешкай і добрымі ўспамінамі.
– Хто і як можа далучыцца да карнавалу-фестывалю?
– Падаць заяўку для ўдзелу можна па тэлефонах: 8-01563-2-21-71, 8-01563-6-07-90, +375-44-7989167, +375-33-3078973, на электронныя адрасы: dyatlovo-rmcnt@yandex.by, Dolls4All@yandex.ru. Мы будзем рады кожнаму, хто захоча стаць часцінкай свята ў Дзятлаве. Усіх аматараў лялек, песень і добрага настрою чакаем 15 чэрвеня ў Дзятлаве на плошчы 17 Верасня.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga