Яшчэ восем камплектаў ключоў ад арэндных кватэр у новым 30-кватэрным доме ў Дзятлаве атрымалі маладыя спецыялісты – работнікі сфераў медыцыны і адукацыі раёна.



Сустрэча, прымеркаваная з гэтай нагоды, прайшла ў Дзятлаўскім райвыканкаме. З важнай падзеяй навасёлаў павіншавала кіраўніцтва раёна і арганізацый, куды яны прыбылі на першае рабочае месца.

– Прэзідэнтам краіны, органамі ўлады на ўсіх узроўнях надаецца вялікая ўвага ўмовам работы і жыцця маладых спецыялістаў. Матываваная, адукаваная, актыўная моладзь – стратэгічны рэсурс нашай краіны, і нам вельмі прыемна бачыць маладыя кадры ў нашым раёне, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. – Адметна, што Дзятлаўшчына стала стартавай пляцоўкай у вашым прафесійным станаўленні, рады падтрымаць яго важным для кожнага чалавека фактарам – вашым першым уласным жыллём. Жадаю стаць сапраўднымі гаспадарамі ў новых кватэрах і працаваць у нашым раёне многія гады.













Шчаслівыя ўладальніцы новых кватэр падзяліліся сваімі эмоцыямі.

Алена Белякала, доктар акушэр-гінеколаг Дзятлаўскай ЦРБ:

– Я – выпускніца Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. У жніўні мінулага года прыбыла сюды на першае працоўнае месца з суседняга Зэльвенскага раёна. На Дзятлаўшчыне мяне сустрэлі вельмі добра, калектыў тут дружны, адміністрацыя ідзе насустрач у розных пытаннях, выдатны вопытны настаўнік Таццяна Данільчык дапамагае па любых пытаннях. Калі прыехала, адразу атрымала пакой у інтэрнаце побач з бальніцай, дзе жыла разам з калегай і сяброўкай. Цяпер разам пераязджаем, таксама будзем суседкамі па пляцоўцы. Нечакана і вельмі радасна так хутка пераехаць у асобнае жыллё. Ужо бачыла новы дом, але яшчэ не была ў сваёй двухпакаёвай кватэры, сёння пацікаўлюся. Мэблю і рэчы на першы час дапамогуць набыць бацькі, але многае планую купіць за свае зберажэнні, якія змагла назапасіць з добрага заробку.
Лізавета Вярэніч, выхавальніца ясляў-сада № 1 горада Дзятлава:

– Прыехала працаваць на Дзятлаўшчыну з Івацэвіцкага раёна пасля заканчэння Ваўкавыскага каледжа. Вельмі спадабаўся ўтульны прыгожы горад, тут добрыя ветлівыя людзі. Дагэтуль я жыла на кватэры з сяброўкай і калегай, а ключы ад сваёй аднапакаёвай кватэры сталі для мяне сапраўдным сюрпрызам. Планую ў хуткім часе пераехаць, у гэтым дапамогуць бацькі, буду абжывацца паступова. Калегі сёння прыйшлі падтрымаць і падарылі вельмі важную рэч у новы дом – патэльню.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашалепшае #нашелучшее