Ён быў адкрыты ў памяць 800-годдзя з дня заснавання абіцелі прападобнага Елісея Лаўрышаўскага. Чын асвячэння здзейсніў сакратар Навагрудскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Дзмітрый Сёмуха пры ўдзеле святароў Дзятлаўскага благачыння.

У мерапрыемстве прымала ўдзел кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім, калектыў Парэцкага сельвыканкама, КСУП “Хвінявічы”, педагогі і навучэнцы Хвінявіцкай сярэдняй школы, мясцовыя жыхары.

Вернікі павіталі гасцей дзятлаўскай зямлі хлебам-соллю. 

– Кожную справу, якую мы робім у жыцці, трэба пачынаць з Божай дапамогай, тады яна будзе ладзіцца, – звярнуўся да прысутных Дзмітрый Сёмуха. – Памятны знак, які мы асвячаем, вянчаецца крыжом Гасподнім, а крыж – зброя ад усіх ворагаў бачных і нябачных, ад усіх супраціўных рэчаў, якія мае ў жыцці хрысціянін. Жадаю, каб мы не адштурхоўвалі Бога, а сваімі добрымі справамі, дабрадзейнасцю запрашалі яго ў сваё сэрца. Памятны знак будзе натхняць кожнага, хто будзе праходзіць ці праязджаць побач, на палітву, просьбу аб божай дапамозе ў сваіх справах. Сардэчна дзякую ўсім, хто працаваў над стварэннем гэтага знака – кіраўніцтву раёна, мясцовым прадпрыемствам, прыхаджанам.

Пасля малітвы ён асвяціў памятны знак і ўручыў узнагароды тым, хто прымаў самы актыўны ўдзел у яго ўзвядзенні. Медалямі Прападобнага Елісея Лаўрышаўскага былі адзначаны настаяцель храма святых благаверных князёў Барыса і Глеба ў Накрышках протаіерэй Мікалай Пінчук, кіраўніцтва Дзятлаўскага раёна ў асобе старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, дырэктар КСУП “Хвінявічы” Мікалай Бубноўскі; Архіерэйскай граматай Маскоўскага патрыярхата – старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка; падзякай Навагрудскай епархіі – будаўнік Сяргей Грынцэвіч.

Мікалай Пінчук выказаў словы ўдзячнасці духавенству, гасцям, прыхаджанам барысаглебскага праваслаўнага прыхода за дапамогу ў будаўніцтве знака і арганізацыі мерапрыемства.

Благачынны цэркваў дзятлаўскай акругі Іаан Кісель узгадаў, што ў гэты дзень праваслаўныя хрысціяне Дзятлаўшчыны ўшаноўваюць памяць земляка архіепіскапа Феафана Семянякі, які пачынаў свой духоўны шлях на гэтай зямлі, у Накрышках, і прыняў пакутніцкую смерць за веру 10 лістапада 1937 года.

Андрэй Садоўскі адзначыў, што пры вялікай колькасці спраў, якія рэалізуюцца на Дзятлаўшчыне, кіраўніцтва раёна не абыходзіць увагай справы духоўныя:

– Некалькі гадоў таму было прынята рашэнне пабудаваць у раёне пяць памятных знакаў у аграгарадках, дзе няма храмаў, каб мясцовыя жыхары маглі памаліцца, асвяціць дары на свята. Сёлета мы падышлі да завяршальнага этапу гэтага праекта: адкрываем пяты па ліку знак. Гэты год асаблівы для нашай епархіі: сёлета мы адзначаем не толькі 800-годдзе з дня заснавання Лаўрышаўскага манастыра, але і юбілейную дату з дня заснавання Жыровіцкага. Сённяшняе адкрыццё – нагода зрабіць паўзу ў мірскіх клопатах і аддаць даніну справам Божым. Мы заўсёды знаходзім час і рэсурсы для богаўгодных спраў. У працэсе – закладка ў гарпасёлку Казлоўшчына купелі, якая будзе асвечана ў свята Хрышчэння 19 студзеня. Запрашаю ўсіх, хто можа дапамагчы ў будаўніцтве, далучыцца да работы. Хачу падзякаваць усім за сумесную малітву. Упэўнены, што пад апекай Божай мясцовыя справы будуць ісці яшчэ лепш, а людзі па-ранейшаму жыць у міры, спакоі і дабрабыце.

На завяршэнні мерапрыемства кіраўніцтва раёна разам з духавенствам высадзілі побач з памятным знакам маладыя туі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА #ЧистоПоГродненски

Похожие публикации