Сельскагаспадарчы сезон завершаны, і дачнікі ўсё радзей бываюць на сваіх “летніх сядзібах”.
Надзейныя замкі не заўжды засцерагаюць маёмасць у нежылым доме ад пасягальніцтваў злодзеяў, існуе і іншая пагроза, пра якую расказала следчы раённага аддзела Следчага камітэта Анастасія Сідаровіч:
– Не менш чым на шэсць месяцаў дачы і бацькоўскія дамы ў сельскай мясцовасці застаюцца без нагляду. Некаторыя гаспадары просяць суседзяў наглядаць за пабудовамі і прысядзібным участкам. На жаль, нямала вёсак зімой застаецца без жыхароў, а старыя дамы з простымі замкамі не могуць стрымаць жадаючых “пагаспадарыць” у іх, пакуль адсутнічаюць законныя ўладальнікі. Тое ж тычыцца і хутароў.
Аднак падобная нерухомая маёмасць прываблівае не толькі аматараў скрасці “што кепска ляжыць”, але і асоб без пастаяннага месца жыхарства ці грамадзян, якія вядуць амаральны лад жыцця. Яны не супраць пажыць у свабодным доме ў час халадоў.
Каб пазбегнуць непажаданых візітаў, Следчы камітэт раіць не расказваць трэцім асобам аб сваіх дачах і маёмасці, не пакідаць людзям, у сумленнасці якіх вы не ўпэўнены, ключы ад такіх дамоў, на зіму забіраць з сабой усе дарагія рэчы, а пра любыя спробы пранікнення ці крадзяжу абавязкова паведамляць у міліцыю – так вы не толькі зберажэце сваю ўласнасць, але і ў выпадку затрымання зламысніка абароніце ад злачынных пасягальніцтваў іншыя дачы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga