Падведзены вынікі XVII абласнога конкурсу работ даследчага характару па вучэбных прадметах “Крыштальная Альфа”.
Наколькі ён быў паспяховым для навучэнцаў Дзятлаўшчыны, расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:
– Усяго да абароны на абласным конкурсе было дапушчана дванаццаць работ. Актыўнымі ўдзельнікамі сталі такія ўстановы адукацыі нашага раёна, як сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, якая прадаставіла пяць работ: па адной па рускай літаратуры, грамадазнаўстве, геаграфіі і дзве па матэматыцы. Тры работы па гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі, фізіцы, дадатковай адукацыі (біятэхналогіі) паступілі з гімназіі № 1 горада Дзятлава. Дзве работы – па інфарматыцы і дадатковай адукацыі (энергетыка будучыні) – падрыхтавалі навучэнцы Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук. Па адной рабоце было прадастаўлена з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы (фізіка) і Дварэцкай сярэдняй школы (беларуская мова).
Па выніках іх абароны навучэнцы нашага раёна заваявалі дзевяць дыпломаў, тры з якіх – першай ступені.
“Залатымі” пераможцамі ў намінацыі “Інфарматыка” за гульню-сімулятар “Тэхна-школа” стала Лізавета Маліка (педагог Валерый Нагорны), у намінацыі “Энергетыка будучыні” – Аляксей Умоўскі за вынаходніцтва “Пясочная батарэя цеплавой энергіі” (педагог Сяргей Сокал) – усе яны прадстаўнікі Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук. Яшчэ адзін пераможны дыплом у намінацыі “Геаграфія” за работу “Забеспячэнне развіцця лячэбна-аздараўленчага турызму ў Дзятлаўскім раёне” заваявала Лізавета Дварчанін з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча (педагог Вольга Роўба).
Дыпломам другой ступені ў намінацыі “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” за работу “Адлюстраванне сацыяльна-эканамічных працэсаў на беларускіх землях першай паловы ХХ стагоддзя ў купчай на зямлю ад 19 чэрвеня 1921 года” адзначана Яўгенія Радомская з гімназіі № 1 горада Дзятлава (педагог Алена Радомская).
Дыпломамі трэцяй ступені ўзнагароджаны ў намінацыі “Біятэхналогіі” гімназіст Іван Урбановіч за работу “Вывучэнне рэакцыі пшаніцы на дозу квантавага выпраменьвання па зменлівасці морфаметрычных параметраў праросткаў” (педагог Валянціна Багдановіч); у намінацыі “Энергетыка будучыні” навучэнка сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы Лізавета Якубоўская за работу “Востравы цяпла” (педагог Наталля Белаус), а таксама навучэнцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Ангеліна Залучан – намінацыя “Грамадазнаўства”, работа “Стан і перспектывы развіцця экалагічнага турызму ў Дзятлаўскім раёне (на прыкладзе рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ліпічанская пушча”) (педагог Марыя Шавель); Дар’я Заблоцкая і Ілья Калюцік, намінацыя “Матэматыка”, работа “Дзе логіка?” (педагог Кацярына Латушка); у гэтай жа намінацыі Соф’я Каско з работай “Практычнае значэнне арыфметычнай і геаметрычнай прагрэсій” (педагогі Таццяна Вянско і Алена Шымко).
Віншуем пераможцаў і іх педагогаў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае