Валанцёры і праваахоўнікі Дзятлаўшчыны аб’ядналіся супраць наркапрапаганды і правялі сумесны рэйд-прафілактыку “Горад без трафарэтаў”.
Мерапрыемства было ініцыятывай членаў раённага валанцёрскага клуба “Мы разам!”, яго старшыні Таццяны Дзедавай з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, каардынатара дзейнасці клуба Ірыны Мішчанкі і навучэнцаў гімназіі №1 горада Дзятлава.

Асноўнай мэтай рэйда-акцыі было выяўленне і ліквідацыя надпісаў, якія змяшчаюць наркатычны кантэнт, што з’яўляецца важным крокам у барацьбе з нарказлачыннасцю і прапагандай наркотыкаў сярод моладзі нашага раёна.
Актыўную падтрымку мерапрыемству аказалі часова выконваючы абавязкі начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама Дзяніс Жыбарт і інспектар інспекцыі Арына Грыб.

Асноўнай мэтай рэйда стаў маніторынг мікрараёна вуліцы Навагрудскай райцэнтра па выяўленні графіці, якія прапагандуюць ужыванне наркотыкаў. У ходзе патрулявання ўдзельнікі “Горада без трафарэтаў” такіх надпісаў не знайшлі, і гэта парадавала. Разам з тым, нягледзячы на адсутнасць відавочных праяў наркапрапаганды, работа валанцёраў і супрацоўнікаў міліцыі не абмежавалася аднымі пошукамі: у рамках акцыі жыхарам райцэнтра былі раздадзены інфармацыйныя лістоўкі “МУС папярэджвае”, таксама школьнікі расказалі людзям, што пры выяўленні падазроных “трафарэтаў” трэба неадкладна паведамляць пра іх у органы ўнутраных спраў. Увогуле грамадзянам варта ведаць, што нанясенне падобных надпісаў забараняецца беларускім заканадаўствам, а за распаўсюджанне такой інфармацыі прадугледжана адказнасць.

Рэйд-акцыя “Горад без трафарэтаў” стала яркім прыкладам таго, як сумесныя намаганні моладзі і ахоўнікаў правапарадку могуць эфектыўна супрацьстаяць такім сур’ёзным сацыяльным праблемам, як наркапрапаганда. Ініцыятыва валанцёрскага клуба “Мы разам!” і падтрымка інспекцыі па справах непаўналетніх дэманструюць, што клопат пра бяспеку і дабрабыт роднага горада – гэта справа кожнага жыхара.

Мая ВАНЧУК,
карэспандэнт моладзевага медыяцэнтра “КУБ”, член раённага валанцёрскага клуба “Мы разам!”
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga