З нагоды Дня маці і Дня бацькі ў палацава-паркавым комплексе ў Свяцку прайшоў штогадовы ўрачысты прыём ад імя старшыні Гродзенскага аблвыканкама, на які былі запрошаны 19 сем’яў з усіх раёнаў вобласці. Дзятлаўшчыну на ім сёлета прадставіла сям’я Казушчыкаў.

Такі выбар заканамерны і невыпадковы: сам Сяргей Казушчык ужо 19 гадоў стаіць на варце выратавання жыцця людзей, сем з іх – узначальвае Дзятлаўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Сёлета яго імя было занесена на раённую Дошку гонару. Жонка Кацярына Пятроўна і дзеці вельмі ганарацца сваім мужам і татам і яго прафесіяй. Аднак у Тыдзень бацькоўскай любові хочацца пагаварыць не пра работу, а пра сям’ю, якая з’яўляецца надзейнай падтрымкай і апорай кожнага мужнага і валявога мужчыны.

Сяргей Казушчык узгадвае, што са сваёй жонкай пазнаёміўся, калі сам быў курсантам, а яна – выпускніцай школы. Жылі непадалёку адзін ад аднаго – у суседніх населеных пунктах на адлегласці 15 кіламетраў, аднак пазнаёміліся ўжо дарослымі праз агульных знаёмых. Наступная сустрэча адбылася толькі праз два гады і стала адпраўной кропкай у біяграфіі іх сям’і. Сяргей Сяргеевіч запрасіў Кацярыну на свой выпускны ў Гомельскім інжынерным інстытуце.

– Гэты дзень я помню ў дэталях дагэтуль, – расказвае мужчына. – Мы гулялі па прыгожым парку, каталіся на цеплаходзе. Найлепшы момант прасіць рукі і сэрца ў сваёй абранніцы.

Быць жонкай афіцэра – гэта павышаная адказнасць і сапраўдная работа, з якой Кацярына Пятроўна спраўляецца на “выдатна”. Яна заўсёды падтрымлівала мужа, якога пасля вучобы размеркавалі ў горад Іўе, а ў 2011 годзе – у Дзятлава.

– Праз год службы ў Дзятлаўскім РАНС мне далі службовае арэнднае жыллё, і тады сям’я змагла да мяне пераехаць. Ужо падрастала старэйшая дачка, першы год жыцця якой мы адзначалі ў Дзятлаве. Усё тут спадабалася: ціхі ўтульны гарадок, ветлівыя людзі, насычаная цікавая работа. Усе вырашылі, што застаёмся тут, а значыць, прыйшоў час падумаць пра сваё жыллё, – расказвае Сяргей Казушчык.

Мужчына сказаў – мужчына выканаў, і неўзабаве на адной з вуліц Дзятлава вырас новы дом, дзе пасялілася шчасце. У шматдзетнай сям’і Казушчыкаў – трое дзяцей, усе дзяўчынкі. Старэйшая Ангеліна ўжо год як пакінула бацькоўскі дом: яна вучыцца ў дзявятым класе Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча.

– Дачка пачула пра такую форму навучання ў час прафарыентацыі ў школе і загарэлася туды паступаць, – расказаў Сяргей Сяргеевіч. – Мы, вядома, перажывалі, што ўжо пасля сёмага класа давядзецца так надоўга развітвацца з дачкой, аднак падтрымалі яе ва ўсім. Перад пачаткам навучальнага года яна запрасіла нас на ўрачыстую лінейку і паабяцала сюрпрыз. Ім было тое, што наша Ангеліна атрымала права даць першы званок, бо стала лепшай па выніках уступных іспытаў. Ганарымся сваёй дачкой і яе выбарам.

Таксама ў сям’і падрастаюць яшчэ дзве школьніцы. Ульяна скончыла музычную школу па класе баян, асвойвае ігру на гітары і нават выступае на важных сямейных мерапрыемствах, такіх як дзень нараджэння мамы. Малодшая Сафія – сонейка, гарэза, актыўная дзяўчынка. Яна ніколі не сядзіць на месцы, шукае прыгоды. З дзяцінства ёй цікава ўсё – ад таго, што адбываецца навокал, да татавых будаўнічых інструментаў. Яна сябруе з суседзямі, хатнімі жывёламі, шчыра любіць сваю сям’ю і ўвесь свет.

Калі прызванне гаспадара сям’і – у выратаванні людзей, то яго жонка Кацярына Пятроўна таксама рэалізавалася ў дапамозе людзям. Вось ужо пяць гадоў яна аберагае шчасце і дабрабыт дзятлаўчан у ролі страхавога агента прадстаўніцтва па Дзятлаўскім раёне “Белдзяржстрах”. Свабодны графік дазваляе ўдзяляць дастаткова часу і рабоце, і сям’і. Акрамя таго, жанчына з’яўляецца лідарам прафсаюзнай пярвічкі свайго калектыву.

Сяргей і Кацярына Казушчыкі адказалі на некалькі пытанняў пра сваю сям’ю.

Пытанні да Сяргея Сяргеевіча

– Хто адказвае за ўладкаванне быту ў доме?

– Утульнасць у нашым доме – сфера кантролю гаспадыні, але мы, чым можам, дапамагаем. Старэйшыя дочкі ўжо падраслі, яны маюць свае хатнія абавязкі. Я адказваю за гаспадарчую частку – дзе што адрамантаваць, пабудаваць, вырашыць няштатныя сітуацыі.

– Хто галоўны банкір у сям’і?

– Распараджаемся кожны сваім заробкам, плануем сямейны бюджэт разам, але дублікат маёй банкаўскай карткі ў жонкі, канечне, ёсць.

– Як любіце бавіць час разам?

– Шчыра скажу, усе мы любім працаваць на зямлі, робім гэта пастаянна не толькі на сваім участку, але і ў бацькоўскім доме, куды рэгулярна ездзім дапамагаць. Таксама ўсім нам падабаецца сумеснае катанне на веласіпедах, ролікавых каньках. Ахвотна ўдзельнічаем у раённых мерапрыемствах: дрэва нашай сям’і расце на сямейнай алеі каля раённага Цэнтра культуры, таксама рады былі прадстаўляць свой раён на фестывалі сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” у гастранамічнай секцыі. Мы прэзентавалі традыцыйную страву сям’і – цэпеліны.

– Дарэчы, хто гатуе ў сям’і?

– Наша мама, як і я, працуе, таму гатуем пры магчымасці таксама разам. Калі жонка затрымліваецца на рабоце або іншых справах, разам з дзецьмі стараемся яе парадаваць смачнай вячэрай.

Пытанні да Кацярыны Пятроўны

– Якая ваша сям’я?

– Дружная, надзейная, вясёлая, з намі ніколі не засумуеш. Каталізатарам з’яўляецца малодшая дачка Сафія, у яе заўсёды шмат энергіі для ўсіх справаў, якія выклікаюць розныя эмоцыі.

– Хто галоўны ў сям’і?

– Муж, адназначна. Мы яго заўсёды падтрымліваем ва ўсіх справах. У нашай сям’і жыве ўзаемаразуменне і павага, ключавыя рашэнні мы прымаем з ім разам. 

– Як сумяшчаеце работу, быт і выхаванне дзяцей?

– Усё атрымліваецца, бо я не адна. Падтрымліваем, выручаем адзін аднаго, працуем і адпачываем разам. Няма справаў маміных і татавых: калі трэба, ідзём мы мужу дапамагаць у будоўлі, і наадварот – ён мне на кухні.

– З чаго складаецца шчасце сям’і?

– З умення слухаць адзін аднаго, саступаць і бясконца падтрымліваць, не чакаючы нічога ўзамен. Напрыклад, у нас ніколі не гучыць “я”, ёсць толькі “мы”. У мужа надзвычай важная работа – выратаванне людзей, але ніколі ён не кажа, што яго справа больш важная, паважае інтарэсы сям’і. А для мамы галоўнае, каб усе былі здаровыя.

– Як адчуваеце сябе ў Дзятлаве?

– Мы прыехалі сюды крыху нечакана, у сувязі з работай мужа, але за гэты час горад паспеў стаць родным, адчуваем сябе ўпэўнена, спакойна. Падабаецца, што тут ціха і ўтульна, камфортна расціць дзяцей. Тое, што мы пабудавалі дом у Дзятлаве, лепш за словы расказвае пра нашы адносіны да гэтага месца.

Наталля АВЯРЧУК

Фота з архіва газеты “Перамога”, сям’і Казушчыкаў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации