Сям’я Андрэя і Вольгі Ляхаў – “Захавальнікі традыцый”

Нядаўна ў сталічным Палацы спорту ў фармаце тэлешоу прайшоў фінал рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года-2026”.

За перамогу змагаліся сем шматдзетных сем’яў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Гродзеншчыну прадстаўлялі абласныя і раённыя пераможцы – сям’я Андрэя і Вольгі Ляхаў. Сямёрка фіналістаў – узор вялікай моцнай беларускай сям’і, іх адабралі сярод 632 прэтэндэнтаў на рэгіянальных этапах.

У час фіналу ў творчым праекце “Сям’я: формула шчасця” ўдзельнікі раскрылі свой уклад, традыцыі, захапленні, таксама кожная сям’я абараняла сацыяльны праект, прысвечаны Году беларускай жанчыны. У выніку мацнейшай прызнана сям’я Свірыдзюк з Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Астатнія сем’і сталі пераможнамі розных намінацый. Дзятлаўчане Андрэй і Вольга Ляхі, якія гадуюць чацвёра дзяцей – дачок Паліну, Кацярыну, Анастасію і сына Мірона – аб’яўлены “Захавальнікамі традыцый”. Кожная з сем’яў атрымала ўзнагароды, грашовыя прызы і падарункі.

Уражаннямі ад фінальнага этапу “Сям’і года-2026” падзяліліся як самі канкурсанты, так і тыя, хто быў побач, падбадзёрваў і падтрымліваў.

Андрэй і Вольга Ляхі:

– Фінал – гэта важкі вопыт і сапраўднае свята. Уразіла атмасфера вялікага шоу і маштаб каманды, якая працавала з намі на працягу ўсяго шляху. Увогуле праграма знаходжання ў сталіцы была вельмі насычанай: у першы дзень мы наведалі другі тэлевізійны канал, пабачылі студыі знутры, на некаторы час аказаліся па другі бок экрана любімай перадачы і пазнаёміліся з вядучымі. Безумоўна, на заключным этапе конкурсу найбольш запомнілася адчуванне адзінства. Дзякуючы шматлікім рэпетыцыям дзеці практычна перасталі хвалявацца і раскрыліся, а мы, дарослыя атрымалі бясцэнны вопыт выступлення на галоўнай сцэне краіны. Наогул, Паліна, Каця, Насця і Мірон успрымалі ўвагу з захапленнем. Рэпетыцыі і падтрымка дапамаглі ім перамагчы хваляванне, і шоу стала радасцю, а не стрэсам. Прызнаемся, што спачатку не імкнуліся трапіць на конкурс, але аглядваючыся назад, разумеем, які нялёгкі шлях пройдзены. Мы змаглі дайсці да рэспубліканскага фіналу і гэтым паказаць дзецям, што нават нязбыўныя на першы погляд мары становяцца рэальнасцю. У нас з’явілася шмат новых сяброў, яны адно з галоўных набыткаў конкурса. Мы цесна пасябравалі з сем’ямі фіналістаў, пазней убачыліся з імі на міжнародным форуме ў Полацку і ўжо плануем новыя сустрэчы. Сем’ям нашага раёна жадаем любіць адзін аднаго, даражыць кожнай хвілінай, праведзенай побач і не баяцца марыць. Разам вы зможаце ўсё.

Таццяна Нікіпорчык, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна:

– Фінал-тэлешоу прайшоў ярка, крэатыўна, падзейна. Сем’і, выступаючы ў такім фармаце, адчувалі сябе свабодна і камфортна. Кожная прэзентацыя і праект былі па-свойму прыгожымі, цікавымі, арыгінальнымі. Безумоўна, мы хварэлі за дзятлаўскую сям’ю, актыўна і гучна ўсе выступленні суправаджала група падтрымкі. Разам з тым было прыемна адчуваць, якія цудоўныя ў нас беларускія сем’і – адкрытыя, прыгожыя, творчыя, неабыякавыя. Яны паспяваюць гадаваць дзяцей, працаваць, трымаць вялікія дамы, пячы хлеб, дапамагаць людзям, быць творчымі. Адчувала вялікі гонар за суайчыннікаў на сцэне. Захацелася, каб і мае дзеці нарадзілі пабольш дзетак, былі такімі ж шчаслівымі, дружнымі. У Беларусі шмат робіцца для вялікіх сям’яў з боку дзяржавы: іх падтрымліваюць, яны ў пашане і павазе. У зале панавала цёплая атмасфера, прысутныя радаваліся адзін за аднаго, кожны разумеў, які гэта вялікі гонар выступаць на рэспубліканскай сцэне або знаходзіцца побач у зале, зараджацца пазітыўнай энергетыкай. Мне запомніліся словы вядучых: “Вялікі дом будуецца, дзякуючы маленькім дамам”. Сапраўды, за сем’ямі, якія гадуюць шмат дзяцей, будучыня. Асабліва прыемна, што з сямі рэспубліканскіх фіналаў “Сям’і года” (столькі адбылося ў цэлым), у двух удзельнічалі дзятлаўчане. Гэта сведчыць аб вялікім патэнцыяле нашага раёна, дзе жывуць моцныя, таленавітыя людзі, якія рознабакова развіваюць сваіх дзяцей. Застаецца заклікаць: прыязджайце жыць і гадаваць дзетак на Дзятлаўшчыну.

Алена Васкель, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”:

– Конкурс задуманы як самы душэўны, цёплы, утульны. Ён не столькі пра спаборніцтвы, колькі пра дэманстрацыю сямейных каштоўнасцяў і традыцый. Удзельнікі паказвалі творчыя візітоўкі, сацыяльныя праекты, дзяліліся “формулай шчасця”. Ключавая ідэя, што гучала ад усіх фіналістаў: галоўнае ў сям’і – адзінства, павага, падтрымка.

Рэспубліканскі конкурс “Сям’я года”, мяркую, адін з самых шчырых і значных сацыяльных праектаў Беларусі. Галоўнае ў ім – не спаборніцтва, а падтрымка інстытута сям’і. Конкурс не пра тое, хто лепшы, а пра ўнікальнасць кожнай сям’і. Удзельнікі паказваюць не ідэальную карцінку, а рэальнае жыццё, з яго радасцямі і іспытамі.

Сям’я дзятлаўчан дастойна прадставіла Гродзенскую вобласць у фінале і заваявала дыплом пераможцы ў намінацыі “Захавальнікі традыцый”. Дэлегацыя раёна атрымала шмат станоўчых эмоцый і зарад энергіі пасля ўдзелу ў шоу.

“Сям’я года” – не проста мерапрыемства, а люстэрка таго, якія каштоўнасці грамадства лічыць важнымі, і тое, што ў цэнтры ўвагі аказваюцца каханне, вернасць, клопат і пераемнасць, безумоўна, самае вартае ў гэтым рэспубліканскім праекце.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины 

administrator

Recent Posts

“Цяпло мацярынскага сэрца”

Урачыстая сустрэча пад такой назвай сабрала ў Дзень маці ў раённым Цэнтры культуры і народнай…

11 часов ago

В Беларуси намолотили более 9,9 млн тонн зерна

По оперативным данным на 14 октября, в сельскохозяйственных организациях и крестьянско-фермерских хозяйствах намолочено зерновых с…

14 часов ago

Магазин завышает цены? Обращайтесь в профсоюзные общественные приемные

Профсоюзные общественные приемные будут работать в каждом областном центре в четверг, 15 октября. Как и…

15 часов ago

Регистрационное подразделение МО ГАИ  Слонимского РОВД предоставляет ряд дополнительных услуг для населения

Первое. Специалисты могут помочь подобрать  регистрационный знак с желаемой комбинацией цифр. Если подходящий номер есть…

15 часов ago

Ці змогуць узяць сябе ў рукі?

У Жукоўшчынскім сельвыканкаме пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі прайшло чарговае пасяджэнне  грамадскага пункта…

15 часов ago

14 октября – День рождения БМООСП!

Дятловское районное объединение Белорусской молодежной общественной организации спасателей-пожарных насчитывает в своих рядах 65 активных молодых…

18 часов ago