Categories: Падзеі

Сувязныя вякоў і пакаленняў: Францыск Скарына і Ігнат Дварчанін

Грамадскасць Беларусі рыхтуецца адзначыць у верасні 2017 года 500-годдзе кнігадрукавання, якое ў нашым уяўленні цесна звязана з асобай Францыска Скарыны. Па карпатлівых падліках бібліёграфаў, Францыску Скарыну прысвечана больш за 6 тысяч публікацый. Лічба значная. А хто былі тыя першыя даследчыкі, якія звярнуліся да асобы першадрукара, усебакова асэнсавалі ролю Францыска Скарыны ў нашай нацыянальнай гісторыі?

Шукаючы адказ на гэта пытанне, можна даведацца, што сярод скарыназнаўцаў згадваецца імя і нашага земляка Ігната Дварчаніна.

Ігнат Сымонавіч Дварчанін (1895-1937 гг.) — яркая асоба ў нашай айчыннай гісторыі. Ён быў таленавітым педагогам і літаратуразнаўцам, вучоным і вядомым грамадскім дзеячам, паэтам і перакладчыкам. Прырода шчодра надзяліла яго талентамі, паставіла ў шэраг выбітных асобаў беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. Яму, як і многім беларусам таго часу, прыйшлося прайсці праз шматлікія выпрабаванні. Мяркуйце самі: удзельнік Першай сусветнай вайны і рэвалюцыі, актыўны барацьбіт за правы працоўных у Заходняй Беларусі, дэпутат польскага сейма, вязень лагера ў Салаўках.

Нарадзіўся Ігнат Дварчанін у вёсцы Погіры ў сям’і дробнага арандатара ў 1895 годзе. Пасля атрымання пачатковай адукацыі жыццёвыя дарогі прывялі яго ў Дзятлаўскую царкоўна-настаўніцкую школу, дзе правучыўся тры гады (1909-1912). Аб гэтым перыядзе яго жыцця расказвае мемарыяльная дошка, прымацаваная на будынку былога палаца Радзівілаў: “Тут у настаўніцкай семінарыі з 1909 па 1912 год вучыўся наш зямляк Ігнат Сымонавіч Дварчанін, вядомы дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, доктар філасофіі”.

Гістарычныя падзеі пачатку 20 стагоддзя захапілі маладога беларуса. Ён шмат друкуецца, супрацоўнічае са шматлікімі перыядычнымі выданнямі, выступае з лекцыямі. Паказальным з’яўляецца яго ўдзел у правядзенні ў ліпені 1918 года ў Маскве нарады настаўнікаў школ Беларусі. Газета “Дзянніца” паведамляе: “Ігнат Дварчанін выступіў на нарадзе з дакладам пра задачы школьнай справы на Беларусі, падкрэсліўшы пры гэтым, што неабходна вывучаць беларускую мову, літаратуру, каб народ беларускі пазнаў самога сябе і лічыў сябе не нізшым пасярод другіх, а чуў сябе як роўны з роўнымі”.

Восенню 1921 года ён становіцца студэнтам Пражскага ўніверсітэта. У гэты час Ігнат Дварчанін піша вершы, змяшчае іх у рукапісным часопісе “Перавясла”, вядзе навуковую працу ў галіне гісторыі беларускай літаратуры. У 1925 годзе абараняе доктарскую дысертацыю па тэме: “Францыск Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве”. Чаму іменна гэту тэму абраў для сваёй доктарскай працы малады даследчык? Верагодна, на выбар тэмы для даследавання паўплываў той факт, што ў гэты час у многіх славянскіх краінах ішла падрыхтоўка да святкавання 400-годдзя беларускага кнігадрукавання, і захацелася расказаць аб лёсе і працы чалавека, які ўнёс велізарны ўклад у беларускую культуру.

Як адзначаюць даследчыкі, лёсы Францыска Скарыны і Ігната Дварчаніна шмат у чым падобныя. Па-першае, свой духоўны і інтэлектуальны патэнцыял яны змаглі рэалізаваць у Празе. Па-другое, у сваёй дзейнасці абапіраліся на здабыткі чэшскай культуры. І, нарэшце, іх з поўным правам можна назваць абуджальнікамі, адраджэнцамі нацыянальнай свядомасці, хоць і на розных адрэзках часу.

Наколькі плённым быў пражскі перыяд дзейнасці Францыска Скарыны, сведчыць той факт, што, пачынаючы з 1517 года, за два з паловай гады ён выпусціў 23 кнігі амаль у 2400 старонак. Гэта было сапраўдным подзвігам першадрукара. “Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению”, — так вызначыў сэнс і мэту сваёй галоўнай справы — выдання Бібліі на роднай мове сам асветнік.

Наш слаўны суайчыннік абвергнуў пашыранае сярод свецкай і духоўнай знаці на Захадзе ўяўленне, быццам на Беларусі пануе цемра і невуцтва. Ён, Францыск, сын Скарыны з Полацка, сцвердзіў, што ідэалы Адраджэння, асабліва культ ведаў і дзейснага, плённага жыцця, прызнаюцца і шырацца ў яго краі.

Асветнікам і прадаўжальнікам справы Францыска Скарыны з’яўляецца Ігнат Дварчанін. Нягледзячы на тое, што маштаб іх дзейнасці розны, аб’ядноўвае іх вялікае жаданне служыць свайму народу.

Пражскі перыяд і для Ігната Дварчаніна быў вельмі плённым. Гады вучобы ў Пражскім універсітэце сталі трывалым інтэлектуальным падмуркам для маладога навукоўца. У аўтабіяграфіі пра сваю дысертацыю ён пісаў: “Гэта кніга пісалася па-чэшску як дысертацыйная доктарская праца пры выпуску са Старога Пражскага ўніверсітэта. Хацелася выкарыстаць матэрыял пра Францыска Скарыну ў месцы, з якім звязана найлепшая пара дзейнасці нашага гуманіста”. Ён сцвердзіў думку, што рознабаковая дзейнасць пачынальніка беларускага Адраджэння адкрыла новую эпоху ў гісторыі беларускай культуры, шмат у чым вызначыла яе нацыянальную спецыфіку і асноўныя напрамкі будучага развіцця.

Лёс гэтай працы склаўся драматычна. Напісаная ў 1926 годзе, яна была незапатрабаванай больш за 60 гадоў і толькі нядаўна была перакладзена на беларускую мову і ўведзена ў навуковы ўжытак. Як сцвярджалі тагачасныя даследчыкі, а іх падтрымліваюць і сучасныя навукоўцы, дысертацыя Ігната Дварчаніна з’явілася самым сапраўдным адкрыццём невядомых старонак жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны. Яна не страціла сваёй актуальнасці і цяпер, таму што стала стымулятарам адраджэння ў беларускім народзе згубленай нацыянальнай памяці. У тым, што мы сёння ёсць як нацыя і грамадзяне, найпершая заслуга нашага слаўнага першадрукара, а таксама прадаўжальнікаў яго справы, такіх, як Ігнат Дварчанін.

Рыхтуючыся да слаўнай даты — 500-годдзя кнігадрукавання, нельга забываць імя таго, хто падарыў нам друкаваную кнігу, хто стаяў ля вытокаў тых мільёнаў тамоў, што выдаюцца цяпер. А яшчэ памятаць і нашых землякоў, якія збераглі для нас здабыткі першадрукара.

К. МІХАЛЕВІЧ,
настаўніца Наваельнянскай сярэдняй школы

administrator

Recent Posts

Тэрыторыя дзяцінства. “Пошта даверу”. Для чаго існуе? Як звяртацца?

Сёлета ва ўстановах адукацыі Дзятлаўшчыны ўкаранёна новая форма аказання дапамогі і падтрымкі навучэнцам – “Пошта…

5 часов ago

Трыумф берагіняў традыцый: Дзятлаўшчына бліснула на фестывалі “Скарбы Гродзеншчыны”

У Год беларускай жанчыны асабліва прыемна адзначаць поспехі тых, хто сваім талентам, адданасцю і шчырай…

5 часов ago

Колькі каштуе чалавечае жыццё?

На Дзятлаўшчыне прайшоў семінар-нарада па ўмовах і ахове працы, накіраваны на прафілактыку вытворчага траўматызму, для…

6 часов ago

Хто на Дзятлаўшчыне “Уладар сяла”?

10 чэрвеня пляцоўка каля Дварэцкага дома культуры ператварылася ў сапраўдны кірмаш талентаў, спартыўнага запалу і…

6 часов ago

Міністр ЖКГ правёў прыём грамадзян у Дзятлаве

10 чэрвеня Дзятлаўшчыну з рабочым візітам наведаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Генадзь Трубіла. Ён…

7 часов ago

Канікулы са спартыўным настроем

Сёння на стадыёне “Колас” сабраліся самыя актыўныя, спартыўныя выхаванцы аздараўленчых летнікаў на раённую спартландыю “Звонкія…

7 часов ago