У рамках электаральнай кампаніі па выбарах Прэзідэнта дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Орда сустрэўся з працоўным калектывам сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк” РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” і педагогамі Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук.

У саставе інфармацыйнай групы таксама былі намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова.

Выступаючы перад аграмілкаўцамі, дэпутат расказаў, што яму асабліва прыемна наведваць сельгасфіліял, бо тут адразу пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 горада Дзятлава ў майстэрнях тагачаснага калгаса “Расія” ён пачынаў сваю працоўную дзейнасць, адгукнуўшыся на параду бацькі асвоіць спачатку рабочую прафесію. Міхал Орда падкрэсліў, што гледзячы на сітуацыю праз гады, аб такім выбары ні разу не пашкадаваў, бо сельская праца і людзі зрабілі яго больш загартаваным, навучылі ўзважана падыходзіць да любых жыццёвых рашэнняў.

Звяртаючыся да ходу папярэдняга галасавання, дэпутат падзякаваў калектыву гаспадаркі за тое, што ўжо многія з работнікаў паспелі аддаць свой голас за нашу агульную будучыню.

– За трыццаць гадоў незалежнасці Беларусь упэўнена развівалася і рухалася наперад, – падкрэсліў Міхаіл Сяргеевіч. – Цяпер мы таксама прымаем рашэнне для сябе, абараняючы ўласныя нацыянальныя інтарэсы. Многіх гэта не задавальняе. Безумоўна, у нашай краіне няма багатых радовішчаў нафты ці іншых карысных выкапняў, аднак беларусы ўсяго дасягаюць сваёй руплівай працай. Адзначаюць гэта і іншаземныя госці, якім вельмі падабаецца прыгожая і чыстая Беларусь. Мы з вамі павінны ўсё гэта зберагчы і перадаць дзецям, у тым ліку галасуючы за мір, стабільнасць, шчаслівую будучыню.

На сацыяльна-эканамічным развіцці і дасягненнях Дзятлаўскага раёна спыніўся Вадзім Бялятка.


Аспекты выбарчага заканадаўства патлумачыла Вольга Рагачова і расказала, што за тры дні папярэдняга галасавання сваё выбарчае права рэалізавалі ўжо 27,15 % ад агульнай колькасці выбаршчыкаў.

Рабочы візіт дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у наш раён прадоўжыла наведванне Новаяльнянскага дома культуры. Міхаіл Орда пацікавіўся, як наладжана карыснае баўленне вольнага часу падрастаючага пакалення па-за сценамі школы, што за аб’яднанні па інтарэсах працуюць пры Доме культуры, якія яшчэ формы занятасці прадугледжаны для моладзі і як надалей можна ўдасканаліць гэту работу.



Наступным прыпынкам стала будаўнічая пляцоўка, якая разгарнулася на падворку Новаяльнянскай гарадской бальніцы. Загадчыца гэтай установы аховы здароўя Ілона Чайкоўская расказала, якія камфортныя сучасныя бальніца і паліклініка тут пачнуць функцыянаваць па завяршэнні ўсіх работ.

У Новаяльнянскай сярэдняй школе імя А. А. Шаўчук дэпутат разам з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Марынай Лашкоўскай і дырэктарам установы Аленай Кругловай агледзеў шматфункцыянальную спартыўную пляцоўку, народны музей “Дзеці ліхалецця”, а пасля размовы з педагагічным калектывам пабываў яшчэ і на ўчастку для галасавання № 16, які размешчаны ва ўстанове адукацыі. У наглядальнікаў Міхаіл Сяргеевіч пацікавіўся ходам датэрміновага галасавання і даведаўся, што яно праходзіць у рабочым рэжыме.




Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Президент #Выборы