У рамках электаральнай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзятлаўшчыну наведаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда.
Разам са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім яны правялі інфармацыйныя сустрэчы з калектывамі ААТ “Граніт-Агра”, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, адміністрацыяй цэнтральнай раённай бальніцы.
Андрэй Уладзіміравіч расказаў пра тое, што было зроблена на Дзятлаўшчыне за апошняе пяцігоддзе.
– Наш раён – прамысловы, які пастаянна і дынамічна развіваецца. Пацвярджэннем таму стала занясенне яго ў 2022 годзе на Дошку гонару Рэспублікі Беларусь, таксама ён увайшоў у дзясятку раёнаў з самым высокім узроўнем устойлівага развіцця. Ад мінулай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прайшло пяць гадоў, за гэты час наша краіна і Дзятлаўшчына ў прыватнасці зрабілі істотныя крокі наперад ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі. Плённай працай у рэальным сектары эканомікі дзятлаўчане папоўнілі раённы бюджэт, і гэтыя сродкі былі ўкладзены ў развіццё сацыяльнай сферы – адукацыю, ахову здароўя, спорт, культуру, інфраструктуру. За гэты час у раёне пабудавана новая пажарная часць, адкрыты тры малочнатаварныя комплексы, уведзены ў эксплуатацыю 14 шматкватэрных дамоў з арэнднымі кватэрамі, капітальна адрамантаваны навучальныя ўстановы, дваровыя тэрыторыі, дарожная сетка, на што ў мінулым годзе было выдаткавана звыш 2,5 мільёна рублёў. Заўважым, што пры гэтым Дзятлаўшчына ўваходзіць у пяцёрку найменш датуемых дзяржавай раёнаў.
Андрэй Садоўскі адзначыў, што 2025 год мы пачалі ўпэўнена, з высокімі фінансавымі паказчыкамі і амбіцыёзнымі планамі. Прадаўжаецца рамонт Новаяльнянскай бальніцы, мадэрнізацыя лазневага комплексу з пераўтварэннем у фізкультурна-аздараўленчы, якая праводзіцца ў два пускавыя комплексы. У Год добраўпарадкавання будзем прадаўжаць работу па рамонце дарог, рэканструкцыі шматкватэрных дамоў пад арэнднае жыллё.
– Як разам працуем дзеля дабрабыту малой радзімы, так і цяпер, у важны для краіны час, мы павінны праявіць згуртаванасць, салідарнасць, актыўную грамадзянскую пазіцыю, аддаць голас за развіццё і росквіт Беларусі, будучыню нашых дзяцей і ўнукаў.
Андрэй Садоўскі і Андрэй Жамойда абмеркавалі з кіраўніцтвам Дзятлаўскай ЦРБ замацаванне маладых спецыялістаў, будаўніцтва арэнднага жылля, павышэнне заробкаў медыкам і інавацыі ў сферы аховы здароўя.
– Азіраючыся на мінулыя 30 гадоў, мы бачым вялікі рывок у развіцці, які здзейсніла Беларусь пад кіраўніцтвам моцнага лідара. Удалося не толькі захаваць краіну, назапашаны прамысловы патэнцыял, але і пабудаваць новую вытворчасць, выйсці на больш высокі ўзровень жыцця, – адзначыў у сваім выступленні Андрэй Жамойда. – Беларусы шануюць тое, што маюць: высокаэфектыўныя працоўныя месцы, дастойны заробак, добры сацыяльны пакет, а галоўнае – бяспеку і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Сёння ўсе катэгорыі насельніцтва адчуваюць клопат дзяржавы аб сваіх грамадзянах. Мы і далей хочам быць упэўненымі ў тым, што звыклыя нам сістэма каштоўнасцяў і парадак будуць абаронены, а наша будучыня – толькі наш выбар і адказнасць.
Андрэй Садоўскі пазнаёміў парламентарыя з праектамі, якія рэалізуюцца на Дзятлаўшчыне ў межах Года добраўпарадкавання. У іх ліку – ачыстка возера ў гарпасёлку Казлоўшчына, якую праводзіць КУП “Дзятлаўскае ПМС”.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Президент #Выборы