Святочны вечар 25 снежня дзятлаўчане і госці горада сустрэлі разам ва ўтульнай зале раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, які запрасіў гасцей на канцэртную праграму “Раство бывае раз на год”.

У зале быў аншлаг, а прафесійныя і самадзейныя артысты раёна радавалі слухачоў сваімі найлепшымі творчымі нумарамі.








Упершыню “Батлейка” ў выкананні маленькіх і юных парафіян касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі горада Дзятлава была прадстаўлена на раённай сцэне пад шквал апладысментаў.








Гасцей мерапрыемства павітаў ксёндз-пробашч касцёла Андрэй Лішко і павіншаваў усіх з Нараджэннем Хрыстовым. Ён пажадаў беражліва захоўваць Збаўцу-немаўля ў сваіх сэрцах, быць адкрытымі да Бога і спагадлівымі да людзей. Словы віншавання ён падмацаваў песенным падарункам для ўсіх.


Калядны канцэрт адзначыўся шэрагам яркіх прэм’ер, такіх як новыя танцы ў выкананні аматарскага танцавальнага калектыву “Эліт Данс” і дзіцячай танцавальнай групы “Сунічкі”. У гэты вечар прагучалі цікавыя дуэты і сольныя нумары ў выкананні групы “Бархат”, Юліі Болбат, Анастасіі Голуб, Валерыі Свіб, Валерыя Макарчыка, Сяргея Малышчыка, Алёны Гузавец, Алы Чарняўскай, Марыны Варган і Таццяны Дудкінай.








Па добрай каляднай традыцыі сярод гасцей канцэрта быў разыграны прыз. Яго ўладальніцай стала Кацярына, якая прыехала на святы на малую радзіму. Яна павіншавала землякоў з Нараджэннем Хрыстовым і пажадала кожнаму знайсці сваё шчасце.








Наталля АВЯРЧУК, Вольга ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае