Тэма інтэрнэт-махлярстваў у прэсе ўжо набіла аскоміну, тым не менш нават у нашым раёне грамадзяне прадаўжаюць трапляць на падманы зламыснікаў.
Пра чарговае злачынства ў гэтай сферы расказала старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Ірына Яновіч:
– У наш аддзел звярнуўся жыхар райцэнтра. Дзятлаўчанін паведаміў аб тым, што яму ў дадатку “Viber” патэлефанаваў невядомы і назваў сябе супрацоўнікам праваахоўных органаў. Ён сказаў, што на імя нашага земляка махляры спрабуюць аформіць крэдыт, і, каб спыніць гэтыя злачынныя дзеянні, наш зямляк сам павінен узяць крэдыт у банку і перавесці грошы на названы яму рахунак. Мужчына згадзіўся дапамагчы “праваахоўнікам”, узяў крэдыт на суму чатыры тысячы рублёў і поўнасцю перавёў грошы злачынцам.
На жаль, нягледзячы на маштабную прафілактычную работу, беларусы прадаўжаюць верыць махлярам і застаюцца без значных сумаў грошай, пераводзячы ўласныя сродкі на “абароненыя рахункі” або наогул беручы банкаўскія крэдыты, каб “ануляваць” рахунак, які нібыта аформілі на іх нядобрасумленныя грамадзяне. Пры гэтым пацярпелых не трывожыць, што званок ім паступае праз месенджар і што пра незаконныя дзеянні ліпавыя спецыялісты паведамляюць, пазбягаючы асабістай сустрэчы.
Ірына Яновіч дала некалькі слушных парадаў, што рабіць у выпадку, калі паступае званок ад “прадстаўнікоў банка” ці “праваахоўнікаў”.
Па-першае, трэба ўдакладніць у таго, хто тэлефануе, яго асабістыя даныя і назву арганізацыі, якую ён прадстаўляе, затым пакласці трубку. Далей праз даведачную службу або ў інтэрнэце знайсці кантактныя даныя такой арганізацыі і звязацца з яе супрацоўнікамі па тэлефоне. Пры гэтым важна нікому не паведамляць свае асабістыя даныя, даныя банкаўскіх картак, абарончыя коды, коды з SMS-паведамленняў. Калі з картай сапраўды адбываюцца махлярскія аперацыі, банк сам можа яе заблакіраваць.
Па-другое, каб не стаць ахвярамі злачынцаў, важна ў час такога званка не паддавацца паніцы і пастарацца любым чынам спыніць размову. Таксама нельга перадаваць свае грошы незнаёмым людзям.
Калі ўсё ж бяда здарылася, неадкладна звяртайцеся ў праваахоўныя органы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga