Сёлета ў красавіку ў Гродне прайшоў рэспубліканскі метадычны фестываль педагагічных ідэяў для маладых настаўнікаў “Прызванне — педагог”, у якім удзельнічалі і прафесіяналы педагагічнай справы: прадстаўнікі настаўніцкіх дынастый, удзельнікі конкурсу прафмайстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, члены рэспубліканскага клуба “Хрустальны журавель”. У межах фестывалю працавалі секцыі па актуальных накірунках адукацыйнай дзейнасці, было арганізавана ток-шоу “Прызванне — педагог” з удзелам настаўніцкіх дынастый, ладзіліся майстар-класы і адкрытыя ўрокі. Мерапрыемства было скіравана на павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі, перадачу лепшага педагагічнага вопыту маладым настаўнікам. Сярод дэлегатаў фестывалю была наша зямлячка, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы №3 горада Дзятлава Алена Уладзіміраўна Мацюкевіч.

— Я не малады спецыяліст, але мерапрыемства мне спадабалася, многаму навучыла. Тут былі дэлегаты з усіх абласцей нашай краіны, некалькі сямейных дынастый педагогаў. Я наведала майстар-класы “жураўлікаў” — членаў клуба “Хрустальны журавель”, пабыла на уроку ў незнаёмым класе, які праводзіла наша зямлячка Інэса Зубрыліна. Цяпер яна выкладае замежную мову ў адной з мінскіх гімназій, з’яўляецца старшым выкладчыкам кафедры паслядыпломнай адукацыі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Нікога не пакінулі раўнадушным інтэрактыўныя перапынкі, у час якіх нас запрашалі да выпуску насценнай газеты, вырабу паштовак для ветэранаў, выканання песень. Цікава праходзіла прэзентацыя вопыту педагагічных дынастый — людзей, якія “захварэлі” настаўніцкай справай і змаглі прывіць любоў да яе сваім дзецям і ўнукам.

 

Дарэчы, Алена Уладзіміраўна Мацюкевіч і сама прадстаўніца адной з такіх дынастый, агульны педагагічны стаж якой складае ўжо сто трыццаць чатыры гады. І гэта яшчэ не фінал, бо бацькі, сястра і сама Алена Уладзіміраўна прадаўжаюць працаваць ва ўстановах адукацыі.

Першым на настаўніцкую дарогу ступіў дзядуля Алены Уладзіміраўны — Мікалай Цітавіч Любах , ураджэнец вёскі Забалоцце Кастрычніцкага раёна Гомельскай вобласці. Нарадзіўся ён у 1934 годзе. У час Вялікай Айчыннай вайны страціў родных: матулю, трох братоў і сястрычку спалілі фашысцкія карнікі разам са многімі жыхарамі вёскі. Сам Мікалай Цітавіч з-за жахаў вайны дзяцінства амаль не бачыў, рана стаў дарослым. Магчыма таму ён марыў стаць настаўнікам, дарыць радасць ад мірнага жыцця і цяпло свайго сэрца дзецям. Скончыў Аршанскі настаўніцкі інстытут, завочнае аддзяленне Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага, выкладаў матэматыку ў Слаўкавіцкай сярэдняй школе Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Пазней Мікалай Цітавіч перавёўся ў родную Забалоцкую школу, дзе прайшоў шлях ад настаўніка і завуча да дырэктара ўстановы. Памёр ён на 59-ым годзе жыцця, маючы за плячамі 38 гадоў настаўніцтва.

Дачка Мікалая Цітавіча Любаха — Ганна Мікалаеўна (цяпер — Лішык) з дзяцінства марыла прадоўжыць справу бацькоў (матуля таксама была педагогам) і не ўяўляла сябе ў іншай прафесіі. Пасля заканчэння школы яна адпрацавала год піянерважатай, а ў 1976 годзе паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моваў. У 1981-ым атрымала дыплом настаўніцы англійскай і нямецкай моваў, па размеркаванні была накіравана на Дзятлаўшчыну, дзе трапіла ў калектыў сярэдняй школы №1. Калі ў Дзятлаве пабудавалі СШ №3, Ганна Мікалаеўна разам з некаторымі сваімі калегамі-настаўнікамі перавялася ў гэтую навучальную ўстанову, дзе і працуе на працягу 26 гадоў. Агульны педагагічны стаж Ганны Мікалаеўны Лішык ужо перасягнуў бацькоўскі і складае 39 гадоў.

Муж настаўніцы — Уладзімір Анатольевіч Лішык родам з Дзятлаўшчыны, вёскі Драбавічы. Ён скончыў Казлоўшчынскую СШ, працаваў трактарыстам у калгасе “Слава працы”, затым паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, атрымаў “чырвоны” дыплом “інжынера-механіка”. Пасля пераезду ў Дзятлава пачаў працаваць выкладчыкам вучэбна-вытворчага камбіната, паспяхова скончыў Мозырскі педінстытут (факультэт агульнатэхнічных дысцыплін і фізікі), што дазволіла выкладаць фізіку, чарчэнне, працоўнае навучанне ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава. Сёння педагагічны стаж Уладзіміра Анатольевіча таксама складае 30 гадоў.

Дзве дачкі Лішыкаў не сталі здраджваць сямейнай традыцыі і таксама працуюць педагогамі. Старэйшая — Алена Уладзіміраўна Мацюкевіч — скончыла на выдатна факультэт пачатковай адукацыі  Мінскага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. З 1996 па 2012 гады працавала настаўніцай пачатковых класаў сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, але аднойчы вырашыла памяняць што-небудзь у жыцці, па-ранейшаму не здраджваючы прафесіі. Паколькі выдатна ведала англійскую мову, паступіла ў акадэмію паслядыпломнай адукацыі на спецыяльнасць “замежная мова”. Пасля заканчэння вучобы працягвае педагагічную дзейнасць па новай спецыяльнасці ў сярэдняй школе №3 горада Дзятлава. Цяпер яна — класны кіраўнік і настаўнік англійскай мовы ў сваёй малодшай дачкі Кацярыны.

Другая дачка Лішыкаў — Тамара Уладзіміраўна Марцінкевіч заўсёды была актыўнай, захаплялася спортам. Яе выбар прафесіі быў зроблены на карысць спецыяльнасці “выхавальнік-метадыст, педагог-арганізатар фізічнага выхавання”, якую Тамара атрымала ў Мінскім педагагічным ўніверсітэце імя М. Танка. Пасля заканчэння ВНУ чатыры гады яна адпрацавала настаўніцай фізкультуры ў адной з мінскіх школ, а цяпер працуе трэнерам па плаванні ў яслях-садзе №281 горада Мінска.

Калі вялікая і дружная сям’я Лішыкаў збіраецца разам, размова абавязкова закране акалічнасці педагагічнай справы, цікавыя здарэнні і сітуацыі ў школе, бо больш за палову іх жыцця праходзіць у сценах установаў адукацыі побач з дзецьмі. Дома цэнтрам увагі з’яўляюцца ўнукі — будучыня сям’і. Іх у Лішыкаў трое: васьмікласніца Яўгенія і шасцікласніца Кацярына Мацюкевічы, а таксама пяцігадовы Макар Марцінкевіч. Дарослыя сочаць за іх поспехамі, радуюцца маленькім перамогам. Дарэчы, старэйшай Яўгеніі ўжо ёсць чым ганарыцца: сёлета яна заняла першае месца на раённай алімпіядзе па англійскай мове. На жаль, васьмікласнікі не ўдзельнічаюць у абласным і рэспубліканскім этапах прадметнай алімпіяды, але Жэня спадзяецца на добрыя вынікі і ў наступным годзе. Варта зазначыць, што культ замежнай мовы даўно пануе ў сям’і Лішыкаў-Мацюкевічаў, бо і бабуля, і матуля могуць свабодна размаўляць з дзецьмі па-англійску.

Настаўнікі педагагічнай дынастыі Лішыкаў цвёрда ўпэўнены, што школа — гэта месца, дзе застаешся вечна маладым душой, бо дзеці пастаянна прымушаюць развівацца, чытаць, удасканальваць веды, адшукваць новае і сачыць за знешнім выглядам. Работа педагога сумнай не бывае, бо гэта не толькі цікавыя ўрокі, але і паходы, экскурсіі, паездкі, карысныя калектыўная справы, школьныя вечары і шматлікія конкурсы розных узроўняў. Тут галоўнае — быць актыўным, ініцыятыўным, творчым, каб прывіць гэтыя якасці характару сваім вучням.

І. КАЎКЕЛЬ

 

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации