Усе спецыяльнасці ў сельскай гаспадарцы каштоўныя і патрэбныя. Сапраўды, кожнага работніка ў КСУП “Войневічы” цэняць і паважаюць, гэты факт многія з іх называюць першым у ліку стымулаў да добрай работы, такога меркавання прытрымліваецца і вадзіцель Станіслаў Кулеш.

– Маю ўжо нямала гадоў стажу вадзіцелем, 15 з іх кірую аўтамабілем ГАЗ-53 тут, у гаспадарцы. Цяпер важу муку, камбікорм на малочнатаварныя комплексы, угнаенне на палі, летам адвожу збожжа ад камбайнаў, – расказвае мужчына.

Сам Станіслаў Іванавіч родам з вёскі Маркавічы нашага раёна, аднак быў час, калі шукаў сваёй долі і работу ў Мінску, на Віцебшчыне, нават на Магілёўшчыне, паблізу Крычава. І недарэмна: там сустрэў сваю будучую жонку, разам з якой і вярнуўся на малую радзіму.

Былы старшыня сельгаспрадпрыемства Васіль Маліка паабяцаў яму выдзеліць службовае жыллё, і абяцанне сваё стрымаў: сям’я атрымала кватэру ў Войневічах, дзе жыве і працуе дагэтуль. Цяперашні кіраўнік Сяргей Францішчык таксама не крыўдзіць ні рублём, ні добрым словам.

Так і працуюць у гаспадарцы сямейным падрадам разам з жонкай: Станіслаў Іванавіч вадзіцелем, Марыя Іванаўна – даглядчыцай цялят на комплексе “Ёцавічы”.

– Ваша прафесія ўніверсальная, маглі б уладкавацца дзе заўгодна. Чаму засталіся верным сельскагаспадарчай сферы? – пытаюся ў суразмоўцы.

– Люблю рух і змену дзейнасці. Тут мае маршруты хуткія, насычаныя, перавозкі чаканыя, патрэбныя ўсім работнікам гаспадаркі. А вось быць у некага персанальным вадзіцелем, чакаць начальства з перагавораў і пасяджэнняў – не ў маім характары, – шчыра прызнаецца ён. – З іншага боку, тут стабільнасць, жыллё, дабрабыт: працуючы разам у сельгаспрадпрыемстве, мы траіх дзяцей выгадавалі, далі ім усё неабходнае. Старэйшыя цяпер працуюць у нашым раёне, дачка вучыцца ў Мінску. А мы радуемся, калі яны наведваюць бацькоўскі дом.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации