Калі я была маленькая, дарога здавалася мне проста шырокай шэрай стужкай, якая вядзе ад дома да школы, парку або бабулі ў госці. Чым старэйшай я станаўлюся, тым ясней разумею: дарога – гэта не проста паласа асфальту, гэта прастора павышанай адказнасці і небяспекі.
Мне дванаццаць гадоў. Узрост, калі ўжо не трымаеш маму за руку пры пераходзе вуліцы, а сама адказваеш за свае ўчынкі. Ніколі нельга пераходзіць дарогу ў навушніках, слухаючы любімую музыку на поўную гучнасць. Чалавек перастае чуць машыну, якая пад’язджае, шум тармазоў або сігнал. У гэты момант ён знаходзіцца ў вялікай небяспецы. І самае страшнае, што гэты ўчынак можа зрабіць няшчасным не толькі аднаго чалавека, але і вадзіцеля, які проста ехаў па сваіх справах.
Паводзіны на дарозе для мяне – гэта праява павагі да сябе і іншых. Выйшаўшы з дому, я ператвараюся ва ўдзельніка дарожнага руху. І ў мяне, як у пешахода, ёсць свае правы і абавязкі. Самае галоўнае правіла, якое я вынесла для сябе: не трэба думаць, што вадзіцель абавязаны мяне заўважыць і спыніцца. Так, ён прафесіянал, але штосьці можа адцягнуць яго ўвагу, асляпіць сонца або ў машыны можа перастаць дзейнічаць тормаз. Нават калі гарыць зялёнае святло святлафора, заўсёды спыніся і паглядзі па баках.
Дарогу заўжды трэба пераходзіць толькі па пешаходным пераходзе. Я шмат разоў бачыла, як мае аднагодкі выбягаюць на “зебру”, уткнуўшыся ў тэлефон, ці як дарослыя перабягаюць дарогу ў неналежным месцы, таму што ім “тут бліжэй”. Нават адна сэканомленая хвіліна не вартая таго, каб рызыкаваць жыццём. “Зебра” – гэта вельмі важная разметка. Вадзіцель бачыць яе і скідае хуткасць, пешаход бачыць яе і пераконваецца ў бяспецы. Але мая дарога ў школу заканчваецца вельмі хутка.
Раней я думала, што правілы – гэта сумна. Што яны прыдуманыя, каб абмяжоўваць нашу свабоду. Але цяпер разумею, што менавіта яны даюць нам гарантыю бяспекі, дазваляюць свабодна і без страху рухацца па горадзе. Выконваць закон дарог – значыць быць дарослым, адказным чалавекам.
Я неідэальная вучаніца: магу атрымаць двойку, забыць дома зменку, але дакладна ведаю, што павінна быць ідэальным удзельнікам дарожнага руху і выбіраю дарогу, на якой я ўважлівая, ветлівая і асцярожная.
Валерыя НІЧЫПАРОВІЧ,
навучэнка гімназіі № 1 г. Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga