Раніца ў горадзе. Для мяне гэта самы любімы час сутак, калі асфальт яшчэ вільготны ад расы, а сонца толькі пачынае залаціць верхавіны дамоў. У гэтыя хвіліны горад здаецца вялізным сонным арганізмам. Але пройдзе паўгадзіны, і ён прачнецца. Паветра напоўніцца гулам матораў, шоргатам шын і нецярплівымі гукамі.

Я часта стаю на скрыжаванні і гляджу на гэтую плынь. Машыны імчацца па сваіх справах, людзі спяшаюцца, перасякаючы тратуары. І паміж усімі намі, такімі рознымі, ёсць нябачны дагавор. Ён запісаны сухой мовай у кніжачках пад назвай “Правілы дарожнага руху”. Але на самой справе гэта не проста правілы. Гэта ноты, па якіх іграе наша агульная сімфонія жыцця.

Мне здаецца, мы часта забываемся, што стаім на парозе вечнасці. Крок на праезную частку ў неналежным месцы – гэта не проста парушэнне. Гэта спроба паспрачацца з лёсам. Адно імгненне – і яркая, непаўторная мелодыя нечага жыцця можа абарвацца назаўжды, пакінуўшы пасля сябе толькі страшную цішыню. Я баюся гэтай цішыні. Таму, калі падыходжу да дарогі, гляджу не столькі на знакі, колькі ў вочы свайму жыццю. Я бачу ў іх столькі ўсяго, што яшчэ не адбылося: першы сур’ёзны іспыт, доўгачаканае вандраванне, сустрэчу з кімсьці вельмі важным, шум летняга лесу і цеплыню маміных рук. Няўжо можна ўсім гэтым рызыкаваць дзеля таго, каб прабегчы на ​​чырвонае святло? Няўжо можна прамяняць будучыню на дзесяць сэканомленых секунд? Каштоўнасць жыцця не вымяраецца ў хуткасці. Яна вымяраецца ва ўдарах сэрца, якія мы чуем, калі абдымаем блізкіх. У смеху, які мы дорым сябрам. У заходах, якія мы паспяваем убачыць.

Выконваць законы дарог –  значыць, казаць жыццю “так”: вяртаючыся са школы, быць упэўненым, што ты абавязкова ўвойдзеш у дом, дзе пахне пірагамі; праводзячы сябра, ведаць, што ён шчасліва дабярэцца і напіша табе ўвечары.

Давайце не будзем глухімі ў гэтым шумным свеце. Давайце чуць не толькі роў матораў, але і ціхі голас розуму, які шэпча: “Спыніся. Пачакай. Жыццё вартае таго, каб яго зберагчы”. Няхай нашы дарогі будуць не полем бітвы, а проста шляхам, які злучае нас з тымі, каго мы любім. Бо нічога больш важнага за гэта няма.

Ганна СІНЕВІЧ,
навучэнка 11 класа гімназіі № 1 г. Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации