Падыходзіць да завяршэння чарада навагодніх святаў, на працягу якіх мы паспелі адпачыць, няспешна бавілі час у сустрэчах за святочным сталом і крыху паленаваліся ў вялікія выхадныя. І цяпер многія задумаліся, як прывесці сябе ў форму і дзе гэта можна зрабіць? Адразу заўважым, што ў нашым раёне дастаткова магчымасцяў для заняткаў фізкультурай, якімі можа скарыстацца любы жыхар. Раскажам падрабязней пра кожную з іх.


Трэнажорная зала
Не ўсе ведаюць, што ў цэнтры Дзятлава нават зімой можна атрымліваць правільныя фізічныя нагрузкі ў цяпле і камфорце. Тут працуе трэнажорная зала дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, размешчаная на вуліцы Чапаева, 17/1, скарыстацца паслугамі якой пасля папярэдняй аплаты можа кожны жадаючы ў будні з 18 да 21 гадзіны. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 3-01-48.

– Трэнажорная зала размешчана ў некалькіх памяшканнях і здольна прыняць адначасова да 20 чалавек, – расказала дырэктар Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Святлана Лагута. – У наяўнасці – кардыятрэнажоры (бегавая дарожка, велатрэнажор), комплексы для работы з верхнім плечавым поясам, рукамі, нагамі, рознапланавыя стартыўныя снарады для выканання практыкаванняў з грузамі. У нас ёсць гантэлі вагой ад 2 да 20 кілаграмаў, гіры, некалькі грыфаў рознай вагі, бліны да іх. Усяго гэтага дастаткова для якаснай збалансаванай трэніроўкі.


Пры гэтым, як адзначае Святлана Іванаўна, заняткі ў зале праходзяць самастойна, таму, збіраючыся “падкачацца” або набыць рэльеф, трэба мець свой план трэніровак. Пры неабходнасці кансультацыю можна атрымаць у любога са спецыялістаў спартыўнай школы. Акрамя таго, у кожнай з залаў размешчана наглядная інфармацыя па трэніровачным працэсе. Аматарам работы з вялікай вагой трэнеры раяць працаваць у трэнажорнай зале з таварышам, які будзе страхаваць у час выканання практыкавання.


Аднаразовае наведванне трэнажорнай залы для дарослых каштуе 5 рублёў, абанемент на месяц – 25 рублёў, дзейнічаюць скідкі для льготных катэгорый грамадзян. Аплата праводзіцца загадзя ў любым аддзяленні банка або праз ЕРИП, рэквізіты можна даведацца ў адміністрацыі спартыўнай школы. Выхаванцы ДЮСШ наведваюць залу бясплатна днём.

– Звяртаем увагу на тое, што абанемент для заняткаў у трэнажорнай зале могуць набыць не толькі фізічныя асобы, але і кіраўніцтва арганізацый для сваіх работнікаў, – расказаў загадчык сектара спорту райвыканкама Дзмітрый Ёда. – Такой паслугай ужо скарытсаліся Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, Дзятлаўскі лясгас, раённы аддзел Дэпартамента аховы МУС. Работнікі многіх сельгаспрадпрыемстваў раёна займаюцца фізкультурай у спартыўных залах па месцы работы.

Каток і лыжная траса
Нарэшце беларусы дачакаліся сапраўднай зімы! А разам з ёю і магчымасці заняцца зімовымі відамі спорту. Экстранна набываць лыжы і канькі не трэба, усё гэта можна ўзяць напракат у Дзятлаўскім фізкультурна-спартыўным клубе.
– Запрашаем жыхароў раёна на адкрытую лядовую пляцоўку, якая працуе ў райцэнтры на тэрыторыі стадыёна “Колас” (вуліца Міцкевіча, 9) кожны дзень з 12 да 21 гадзіны, – адзначыла дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба Вольга Васіленка. – У пракаце ёсць канькі ад 32 да 46 памеру. Адна гадзіна катання са сваімі канькамі каштуе 3 рублі, з пракатам канькоў – 5 рублёў. Таксама наш клуб прапануе арэнду лыжаў ад 36 да 45 памеру. У раёне стадыёна ёсць дзве лыжныя трасы працягласцю да кіламетра, плануецца пракладка новых. Хто хоча паспрабаваць сябе ў хакеі або далучыць да гэтай гульні сваіх дзяцей, могуць гэта зрабіць у выхадныя дні, наведаўшы трэніроўку хакейнай каманды на лядовай пляцоўцы.
Камандныя віды спорту
На базе раённага фізкультурна-спартыўнага клуба працуюць адразу некалькі аматарскіх каманд па гульнявых відах спорту – міні-футболе (дарослыя) і валейболе (асобныя групы дарослых і дзяцей). Усе яны трэніруюцца на пастаяннай аснове згодна з раскладам у спартыўнай зале сярэдняй школы № 3 імя І. Ю. Філідовіча. Можна далучыцца да кожнай з іх, аднак для гэтага трэба валодаць хаця б базавай тэхнікай гульні, каб упэўнена адчуваць сябе ў працэсе.
У аграгарадку Гезгалы тройчы на тыдзень праходзяць заняткі групы аматараў здаровага ладу жыцця пад кіраўніцтвам трэнера, у агульным доступе ёсць трэнажоры. Па больш падрабязную інфармацыю звяртайцеся да дырэктара ФСК па тэлефоне 8-044-5927175.
Што прапануюць школы?
Жыхарам населеных пунктаў, дзе размешчаны базавыя і сярэднія навучальныя ўстановы, увогуле пашанцавала: у кожнай з іх можна бясплатна займацца як сезоннымі, так і гульнявымі відамі спорту. У вольны ад вучэбнага працэсу час ёсць магчымасць наведаць спартыўную пляцоўку на тэрыторыі школы, каток (па інфармацыі аддзела адукацыі, такія былі заліты ў большасці навучальных устаноў) або пракаціцца па гатовай лыжнай трасе кожны дзень да 22 гадзін. Увесь спартыўны інвентар для такіх прагулак можна ўзяць тут жа, у школе, для гэтага трэба загадзя звярнуцца з такой просьбай да адміністрацыі навучальнай установы. Для заняткаў гульнявымі відамі спорту таксама створаны ўмовы: працуюць спартыўныя залы, ёсць мячы і іншы неабходны інвентар. Усім гэтым можна скарыстацца таксама па папярэднім запісе. Калі вы маеце сваю спартыўную каманду ў працоўным калектыве або сваім двары, таксама можна дамовіцца з навучальнымі ўстановамі аб правядзенні рэгулярных трэніровак на іх тэрыторыі.
Скарыстайцеся на 100 % магчымасцю актыўнага зімовага адпачынку і здаровага ладу жыцця. А прыйдзе лета – вас будуць чакаць байдаркі, катамараны, пляжны валейбол, займальныя велападарожжы і шмат цікавага.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае