Дом Уладзіміра Пятровіча і Ядвігі Вікенцьеўны стаіць пры шашы, якая шэрай стужкай мінае лес і бяжыць праз вёску Скрундзі.

Прозвішча нашых землякоў поўнасцю супадае з назвай вёскі, паказваючы, што менавіта тут бярэ пачатак іх сямейны радавод. На дварэ лістапад, апошні месяц восені. Нягледзячы на пейзажы за акном, якія становяцца ўсё больш сціплымі, Уладзімір і Ядвіга Скрундзі лічаць гэтую пару года адметнай для сябе.

Для мудрай сямейнай пары лістапад багаты на святы і ўспаміны аб мінулым. Наперадзе нашых землякоў чакае прафесійнае свята – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі, якой Скрундзі аддалі шмат сілаў і большую частку жыцця. Ядвіга Вікенцьеўна была даяркай у калгасе “Слава працы”, там жа спачатку падвозчыкам, а затым малаказборшчыкам працаваў Уладзімір Пятровіч. За працоўныя дасягненні Скрундзі неаднаразова былі адзначаны граматамі і каштоўнымі падарункамі.

– Працавалі шмат, стараліся, нягледзячы на цяжкасці, – дзеліцца ўспамінамі Ядвіга Скрундзь. – Трыццаць два гады я была даяркай на ферме ў Скрундзях (цяпер яе закрылі). Даілі рукамі па трынаццаць кароў, радзюжкамі на сваіх плячах падносілі корм. Стала лягчэй, калі для падвозу кармоў выдзелілі каня, а на дапамогу даяркам прыйшлі даільныя апараты, тады мы паспявалі даіць ужо па 20 жывёлін. У 1991 годзе я выйшла на пенсію, але яшчэ некаторы час клікалі ў гаспадарку папрацаваць на замене – адгукалася на просьбы, дапамагала.

– Майму гаспадару, – расказвае пра мужа Ядвіга Вікенцьеўна, – давялося зарабляць на жыццё з дванаццаці гадоў, бо яго старэйшы брат хварэў, рана памёр. Работа была звязана з коньмі: ён і араў, і адвозіў угнаенні, і доўгі час працаваў малаказборшчыкам. Безумоўна, вельмі прывязаўся да разумных жывёлін, таму ва ўласнай гаспадарцы мы ўжо шаснаццаць гадоў трымаем каня.

Цікаўлюся, якія заняткі яшчэ па душы Уладзіміру Скрундзю, і даведваюся, што ў гэтага шчырага працаўніка – залатыя рукі, здольныя справіцца з любымі будаўнічымі работамі і работай па гаспадарцы. Нягледзячы на перасцярогі жонкі, ён не сядзіць без справы і на восьмым дзясятку жыцця.

– А як жа, – уключаецца ў размову гаспадар, – ці можна жыць без працы? Я без яе сумую. Яна, як музыка, – акрыляе душу.

Дарэчы, з музыкай Уладзімір Пятровіч таксама на “ты”. З юных гадоў іграў на гармоніку. За добрае сэрца і музычны талент Уладзіміра і палюбіла Ядвіга з суседняй Чарлёнкі. Маладыя людзі згулялі вяселле 2 лістапада 1959 года, а сёлетняй восенню Скрундзі адсвяткавалі брыльянтавы юбілей сумеснага жыцця. Шэсцьдзясят гадоў поруч прайшлі разам праз радасці і выпрабаванні і ніколі не пашкадавалі, што сталі мужам і жонкай.

– За ўвесь час мы ні разу сур’ёзна не пасварыліся, – дзеліцца сакрэтамі сямейнага ладу Ядвіга Вікенцьеўна, – ды і навошта: з праблемамі лягчэй спраўляцца разам, а зло ў сабе трымаць нельга, яно “раз’ядае” душу. Родным людзям трэба сябраваць, шкадаваць адзін аднаго, я і дочак гэтаму заўсёды вучу.

На дочак Скрундзям пашанцавала, вырасцілі цэлы кветнік – пяць дзяўчынак. За гэта Ядвіга Вікенцьеўна адзначана ордэнам Маці, але галоўнай сваёй узнагародай лічыць тое, што дзеці выраслі годнымі людзьмі.

– Нашы дзяўчаты заўсёды нас радавалі. Настаўнікі хвалілі іх за вучобу, дапамагалі яны і па гаспадарцы, і на работу да мяне прыбягалі кароў даіць – шкадавалі нас з бацькам і цяпер вельмі шкадуюць, стараюцца парадаваць пры кожным сваім прыездзе. Старэйшая Ліда жыве ў Верцялішках, працуе на птушкафабрыцы. З дзяцінства яна прыгожа чытае вершы, таму яе часта запрашаюць выступаць на мерапрыемствах, аднойчы нават перад прэзідэнтам верш чытала. А летась яна была адзначана рэспубліканскай ўзнагародай ў намінацыі “Гаспадыня сяла”. Галіна засталася на Дзятлаўшчыне, працуе ў Новаяльнянскім доме быту швачкай, цешыць і мяне абноўкамі – то новую сукенку пашые, то сарафан. Раіса – выхавальніца ў дзіцячым садку ў Слоніме. Ёй блізка, таму часта прыязджае нас адведваць. Вельмі любіць хадзіць у лес па грыбы. Лена жыве ў вёсцы Студзянец Ваўкавыскага раёна. Яна настаўніца пачатковых класаў, але таксама працуе выхавальніцай ў дзіцячым садку. Жанна працуе бухгалтарам у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. Добрыя ў нас дзяўчаты, працавітыя, уважлівыя, дружныя.

Уладзімір і Ядвіга Скрундзі дачакаліся сямёра ўнукаў і чатырох праўнукаў. Расказваюць, што калі дзеці з сем’ямі прыязджаюць на святы, то дом святлее, поўніцца галасамі, у ім цеснавата для такой вялікай сям’і, але цёпла і дружна пад адным дахам.

Сямейная гісторыя гэтых простых і шчырых людзей гучыць, як лістападаўсакая рапсодыя, дзе галоўныя ісціны, як сем звонкіх нот, ствараюць мелодыю. Яе хочацца слухаць, бо яна натхняе на жыццё, а ў такт ёй, як песня, гучаць мудрыя словы Уладзіміра і Ядвігі Скрундзёў: “Любіце адзін аднаго, шкадуйце, падтрымлівайце, бо на свеце няма большай каштоўнасці, чым блізкія людзі”.

Ірына СТЫРНІК

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?
Следующая новость

Похожие публикации