Categories: Падзеі

Шумеў-гудзеў дзятлаўскі сельгаскірмаш (абноўлена)

Дождж суботнім кірмашовым ранкам накрапваў, але разысціся не адважыўся. І дзякуй яму. І, безумоўна, велізарны дзякуй нашым сельгаспрадпрыемствам. Гаспадарчых клопатаў у іх на працягу большай часткі года шмат, а восенню – дык не абтрэсціся! Але на традыцыйны кірмаш прыехалі ўсе. І прадукцыю прывезлі, і свае дэкаратыўныя падворкі.

А найбольш “уклаўся” у кірмашовую дзею КСУП “Хвінявічы”. Што вырасцілі на палетках, на продаж прывезлі, і гадаванае на фермах дадалі: трусоў, авечак, бараніну, ялавічыну. Трусовае мяса, сказалі, лічыце дыетычным – дзецям з шасці месяцаў даваць можна. Іншае яшчэ нельга, а трусовае – ужо не зашкодзіць. І на жывых свойскіх зайчыкаў, кажуць, попыт ёсць: людзі купляюць, гадуюць. Чаму ж не гадаваць: размнажаюцца зайчыкі хутка, хутка растуць, “белыя веліканы” вырастаюць да пяці кілаграмаў. Пры належным доглядзе – прыбытковы занятак. Конкурсная камісія кірмашу на чале са старшынёю раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім КСУП “Хвінявічы” і прысудзіла першае месца.

На другім месцы – ААТ “Граніт-Агра”. “Уф…” – задаволена аддыхвалася пасля бойкага гандлю намеснік дырэктара “Граніта” Людміла Мядзведзь. “Усё прадалі!”. А яе каляжанкі не без гумару каментавалі фініш фірменнага гандлю: “Людміла Іванаўна гэтак налаўчылася на кірмашах, што можа і ката ў мяшку прадаць”. “Граніт” на кірмашы глядзеўся салідна і дыму, смажачы шашлыкі ды іншую мясную смакату, даваў больш за іншыя падворкі. “Гранітаўскі” размах – што ў полі, што на кірмашы.

Не змагла камісія вызначыцца, хто лепшы паміж двума прэтэндэнтамі на трэцяе прызавое месца і прыняла блізкае да саламонава рашэнне: прысудзіць два прызы за трэцяе месца, а райкам прафсаюза работнікаў АПК прадставіць усяму кірмашу як надзвычай шчодрага прызавога спонсара. Гэтак трэцімі сталі і КСУП “Жукоўшчына”, і КСУП “Русь-Агра”.

Прадавалі на кірмашы, не буду маніць, не скажу, што ўсё, але многае: рознае зерне (ячмень, трыцікале, жыта, авёс, грэчку, проса, ільносемя, насенне алейнай рэдзькі), саджанцы пладовых дрэваў і кустоў, саджанцы дэкаратыўных дрэваў і кустоў, жывую рыбу (карпаў, карасёў, амураў, самоў, шчупакоў), мёд ды іншыя прадукты пчалярства, прыправы, вядома ж – агародніну (капусту, моркву, сталовыя буракі, цыбулю, часнок, перцы, бульбу). Былі ў продажы і прамысловыя тавары: камбікармы, крухмал, сыры, безалкагольныя напоі. Была экзотыка: імянныя лыжкі, ручкі. Былі саматужныя рамесніцкія вырабы.

А тым, хто прыйшлі на кірмаш з грашыма, але не маглі вызначыцца, што ж ім купіць, дапамагала бяспройгрышная латарэя. І панеслі-павезлі дахаты хто мех бульбы, хто торбачку зерня (як казалі гумарныя латарэйшчыцы: не ведаем, якога), хто сподак (затое ў прыгожай каробцы), хто бляшанку салодкага густога малака, хто саджанец, ну, адным словам, каму на што пашчасціла. Каму – забаўка, каму – набытак …

Артысты (нашы, родненькія, і ўжо час прылюдна сказаць і прызнаць, часта не горшыя, а як у добрым тонусе, то нярэдка і лепшыя за прыезных) кірмашовую публіку весялілі: ігралі, спявалі і прытанцоўвалі. Адным словам, разагравалі.

Сустрэўся на кірмашы «атрад хуткага рэагавання» раённай арганізацыі БРСМ пад кіраўніцтвам першага сакратара Кацярыны Хілімончык. Хлопцы і асабліва актыўна іх лідар Кацярына прапаноўвалі пажылым людзям сваю дапамогу: падняць цяжкі груз, паднесці да транспарту.Вывозім кірмашовы набытак аўтамабілямі…

…тачкамі…

…роварамі…

…і проста выносім. Феміністкі, убачыўшы фотаздымак, павінны пратэставаць: публічная палавая дыскрымінацыя… -).

 

Будуць і ў Дзятлаве (акрамя Марса) яблыні цвісці.

 

Дзятлаўскі лясгас настойліва азеляняе  планету.

 

Прыгажосць оптам? Напраўду, гэта адзін куст, але які раскошны!

 

Яшчэ адзін прыгожы набытак.

Зіма не адменена і на сёлета.

  Прадукцыя пчалярства ў шырокім асартыменце.

 

Конкурсная камісія прыступіла да ацэнкі актыўнасці кірмашовага ўдзелу.

 

Сустракае дэкаратыўны падворак «Русь-Агра».

 

КСУП «Жукоўшчына» прадэманстравала адметную фантазію.

 

Падворак КСУП «Дварэц-Агра». Просімо…

КСУП «Слава працы». Палявая кухня. 

Ну хто самы мясны ў раёне? «Граніт-Агра»!

Дыплом і прыз за першае месца атрымлівае КСУП «Хвінявічы».

 

За другое — ААТ «Граніт-Агра».

Шчодры прызавы спонсар РК прафсаюза работнікаў АПК адзначыў «бронзавымі» прызамі КСУП «Жукоўшчына» (уверсе) і «Русь-Агра» (знізу).

 

«Залатая» кірмашовая каманда «Хвінявічаў».

«Сярэбраная» — «Граніт-Агра».

«Бронзавая» — «Русь-Агра».

Розыгрыш латарэі стартаваў…

Чаму ж нам не пець…

«Атрад хуткага рэагавання » БРСМ.

 

А дождж пайшоў. Апасля. Як кірмаш згарнуўся.

Б. Варна

administrator

View Comments

  • И кто ж этот апетиный шашлык нахаляву кушал?! Начальники, пока простые люди яблоки и капусту покупали.

  • Граждане! Требуйте отстоя пены всегда и везде.

  • Действительно, статус активно раздражающих обоняние граждан шашлыков на "падворках" не определен. Их не продают людям "с улицы", они для "внутреннего потребления" команды, которая мерзнет и мокнет в качестве обслуги "подворка". А уж кого там и как угощать "на безвозмездной" основе, решать команде. У гостей "подворков", кстати, есть право морального выбора на предмет, как угощаться.

Share
Published by
administrator

Recent Posts

Як дружна пырснулі сады…

Як дружна пырснулі сады,Закалыхаліся пад ветрам.Ляціць над светам пах такі,Што аж звініць вакол паветра.І з…

7 часов ago

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!

Дарагія ветэраны вайны і працы! (далее…)

9 часов ago

Святлана Лагута: “Здаровы сэнс перамог”

7 мая Міжнародны алімпійскі камітэт зняў усе абмежаванні з беларускіх спартсменаў, такім чынам адкрыўшы ім…

22 часа ago

Футбольныя мячы – да Дня Перамогі

Напярэдадні 9 Мая ў рамках мерапрыемстваў у падтрымку дзіцяча-юнацкага футбола ў Рэспубліцы Беларусь Дзятлаўшчыну наведаў…

22 часа ago

“Перамога: погляд праз 81 год. Спадчына, памяць, выбар маладых”

Дыялогавая пляцоўка пад такой назвай  прайшла ў гімназіі № 1 горада Дзятлава. Пагаварылі пра тое,…

23 часа ago

Актуальнае меркаванне. Гістарычная памяць – аснова працвітання грамадства

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага…

23 часа ago