1 ліпеня на Дзятлаўшчыне прайшло выязное пасяджэнне пастаяннай камісіі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў 29-га склікання па прамысловасці, будаўніцтве, транспарце, сувязі, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадарцы.



Як адзначылі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта і старшыня гэтай пастаяннай камісіі Ігар Ляшэнка, у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў сустрэчы – пытанні добраўпарадкавання, рамонту, будаўніцтва, павышэння якасці жыцця.
– Наша мэта – абмяняцца вопытам, пазнаёміцца з падыходамі, якія выкарыстоўваюцца ў розных раёнах вобласці, у тым ліку Дзятлаўскім, даведацца, як вядзецца работа з насельніцтвам, якія ўзнікаюць праблемы, і выпрацаваць шляхі іх вырашэння, – задала тон размове Алена Пасюта.
– Пастараемся пачуць адзін аднаго, зразумець сутнасць агучаных прапаноў, і, калі з’явяцца рацыянальныя ідэі, абавязкова іх улічым у далейшай працы. Асаблівую ўвагу надаем жыллёва-камунальнай гаспадарцы: як яна арганізавана, як узаемадзейнічае з насельніцтвам, як выбудоўваецца зваротная сувязь.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што сёлета гэта асабліва актуальна, таму на Дзятлаўшчыне выконваецца значная колькасць мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года добраўпарадкавання. Насельніцтва раёна – каля 22 тысяч чалавек, бюджэт складваецца з прафіцытам і на 75 % фарміруецца за кошт уласных даходаў. Адпаведна ёсць свабодныя астаткі, якія можна размеркаваць на патрэбы раёна. Большая частка гэтых сродкаў укладваецца менавіта ў сацыяльную сферу – ахову здароўя, адукацыю, сістэму ЖКГ і мерапрыемствы інвестпраграмы. Напрыклад, за ўласныя сродкі рыхтуецца кабінет пад рэнтген-апарат і мамограф, рамантуюцца дахі дзвюх школ, дадаткова выдзяляюцца грошы на капрамонт жылля, асфальтуюцца вуліцы, добраўпарадкуюцца дваровыя тэрыторыі, набываецца абсталяванне. Вось і цяпер у раёне ідуць 15 будоўляў.


Генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання “Жыллёва-камунальная гаспадарка Гродзенскай вобласці” Сяргей Пятровіч патлумачыў, чым адметны Год добраўпарадкавання праз прызму службы 115. Як аказалася, па усіх напрамках работы ідзе зніжэнне колькасці заявак, адпаведна гэта дазваляе скараціць тэрмін рэагавання на іх. Сярод задач, якія стаяць перад камунальнай службай, – больш далучаць да спраў па добраўпарадкаванні само насельніцтва.

– Важна выпрацоўваць сістэмны падыход, каб людзі не проста чакалі, што ім “нехта абавязаны зрабіць”, а самі ўключаліся ў добрыя справы, варта далучаць валанцёраў, каб дапамагалі састарэлым людзям у сельскай мясцовасці, – акцэнтавала ўвагу прысутных Алена Пасюта. – У год добраўпарадкавання і пяцігодку якасці трэба мяняць свядомасць людзей. Няхай не кожны дзень, а ў час суботнікаў, сумесных працоўных дэсантаў жыхары павінны па-гаспадарску паклапаціцца пра свой двор, вуліцу, тады і ламаць дрэўцы ці лавачкі ніхто не будзе.

З ходам работ па добраўпарадкаванні населеных пунктаў нашага раёна прысутных азнаёміў дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк. Так, толькі за пяць месяцаў гэтага года адрамантаваны пяць вуліц, каля 450 метраў квадратных тратуараў, пяць дзіцячых пляцовак, высаджана па сто дрэваў і хмызнякоў, у райцэнтры адкрыты фантан, добраўпарадкаванне прадаўжаецца.

Другая частка сустрэчы была прысвечана знаёмству з аб’ектамі.

У гарадскім пасёлку Наваельня ўдзельнікі пасяджэння пабачылі добраўпарадкаванне земляў агульнага карыстання з уладкаваннем пешаходных дарожак і аўтамабільных парковак паміж вуліцамі Леніна і Шашэйнай, прасачылі, як у пасёлку ажыццяўляецца мадэрнізацыя добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі жылых дамоў па вуліцах Снітко, 3 і 5, Дзятлаўскай, 45 і 45 А, Чырвонаармейскай, ад старшыні мясцовага сельвыканкама Людмілы Радзевіч даведаліся, што яшчэ робіцца для паляпшэння якасці жыцця гарпасялкоўцаў.



У райцэнтры ўбачылі, як адбываецца рэканструкцыя лазнева-аздараўленчага комплексу па вуліцы Навагрудскай з выдзяленнямі чэргаў будаўніцтва пад фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Цяпер ідзе першая чарга работ – рамонт лазні.
Прыемным момантам стала кароткая экскурсія па цэнтральнай частцы Дзятлава і ў каталіцкі храм райцэнтра.









У гарадскім пасёлку Казлоўшчына гасцям расказалі, як ідзе ачыстка ад донных адкладанняў вадаёма па вуліцы Азёрнай, запрасілі агледзець будынак былога інтэрната сельскагаспадарчага ліцэя па вуліцы Леніна, 35 А, які быў рэканструяваны ў арэнднае жыллё, наведалі яны і мясцовую зону адпачынку – крыніцу ў гонар іконы Божай Маці “Живоносный источник” і паслухалі справаздачу аб добраўпарадкаванні старшыні Казлоўшчынскага сельвыканкама Алы Гародка.








– Як бачым, работа на месцах наладжана, і калі ў раёне ёсць узаемадзеянне, то старшыні сельвыканкамаў выконваюць каардынуючую ролю і дапамагаюць вырашаць пытанні пры падтрымцы ЖКГ і іншых прадпрыемстваў, у гарадах, магчыма, патрэбен іншы механізм, каб далучыць людзей да навядзення парадку, – падвяла вынікі сустрэчы Алена Пасюта. – Дзятлаўскі раён можна назваць узорным, бо тут адчуваецца сістэмны падыход, дакладна спланаваны ўсе мерапрыемствы. У Год добраўпарадкавання якраз трэба дэманстраваць механізмы, якія спрацоўваюць, а не выпрацоўваць іх. Таму складваецца станоўчы лозунг: невялікія раёны – вялікія магчымасці. На Дзятлаўшчыне ёсць усё неабходнае для жыцця.
Алена Пасюта падзякавала за работу і арганізацыю сустрэчы кіраўніку раёна Андрэю Садоўскаму і старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Бараноўскаму і падкрэсліла, што станоўчыя дасягненні – гэта вынік правільных кіраўнічых рашэнняў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga