У Гродне прайшла другая чарговая сесія моладзевага парламента пры абласным Савеце дэпутатаў. Маладыя парламентарыі абмеркавалі вынікі работы за мінулы год і асноўныя напрамкі дзейнасці на гэты.

Дзятлаўшчыну ў абласным цэнтры прадстаўляла дэлегацыя ў саставе членаў моладзевага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў: ад палаты студэнцкай і рабочай моладзі – дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Марына Нячай, ад вучнёўскай палаты – навучэнцы сярэдніх школ № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Станіслаў Якаўчык і Новаяльнянскай імя А. А. Шаўчук Аляксандра Якшук. Удзельнічала ў форуме і старшыня моладзевага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў – навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Кацярына Роўба. Таксама была на пасяджэнні дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык.

Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта расказала, што ў мінулым годзе маладыя парламентарыі далучыліся да важных для нашай краіны грамадскіх падзей. У наш час моладзь са школы рыхтуецца пераходзіць у дарослае палітычнае жыццё і гатова ўключацца ў рэалізацыю праектаў, скіраваных на захаванне гістарычнай праўды і памяці, многіх іншых. Асноўныя сёлетнія праекты таксама будуць звязаны са святкаваннем Вялікай Перамогі. Моладзевы парламент працуе не толькі ў рамках Гродзеншчыны, але і на міжнародным узроўні: падпісана пагадненне з Ніжагародскім моладзевым парламентам.
Уражаннямі ад паездкі на форум падзялілася Марына Нячай:

– Другая сесія моладзевага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў прайшла ў абноўленым фармаце: з удзелам вучнёўскай, студэнцкай і працоўнай моладзі. За мінулы год зроблена многае. Лічу, што парламент стаў своеасаблівай пляцоўкай для рэалізацыі шматлікіх ініцыятыў, праектаў, скіраваных на прыцягненне моладзі да грамадска-палітычнага жыцця ў рэгіёне і краіне. Новы ж фармат дазваляе перадаваць вопыт ад старэйшага малодшаму пакаленню, фарміраваць пераемнасць і, што вельмі важна, выхоўваць актыўных маладых грамадзян. Сведчанне таму – праведзены летась моладзевы фестываль.
Хаця орган толькі пачынае заяўляць аб сабе, пры ім ужо створаны прэс-цэнтр, што паспрыяе аператыўнаму інфармаванню грамадзян аб праведзенай рабоце, дазволіць мець уласны кантэнт, наладжваць супрацоўніцтва. Створана і першая ў краіне Асацыяцыя моладзевых парламентаў Гродзеншчыны, у састаў якой увайшлі старшыні моладзевых парламентаў пры раённых і гарадскіх Саветах дэпутатаў.
Упэўнена, што моладзевы Савет актыўна пашырае свае гарызонты, прыцягвае падрастаючае пакаленне да стварэння кантэнту і супрацоўніцтва ў розных сферах.
Ірына СТЫРНІК
Фота ўдзельнікаў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#молодежь #парламент #Дятловщина #делегация