Наш зямляк, удзельнік раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Віталь Крэйдзіч, пабыў на адкрытым абласным турніры “Гродна-Прэміум” па тэнісе для невідушчых са статусам міжнароднага, які праходзіў у абласным цэнтры.
За перамогу ў спартыўных баталіях тры дні змагаліся 25 мужчын і 14 жанчын з Гродна, Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Навагрудка, Дзятлава, Ваўкавыска, Маладзечна, Слуцка, Калінінграда.
– Для мяне гэта быў першы турнір па шоўдаўне, – дзеліцца ўражаннямі Віталь Крэйдзіч. – Мяркую, што прайшоў іспыт я някепска, хоць і не трапіў у паўфінал. Справа ў тым, што давялося згуляць з моцным іграком, другой ракеткай Беларусі 2017 года па шоўдаўне Ігарам Сугакам.
Але для мяне галоўнай была не перамога, а ўдзел. Я толькі пачынаю гуляць у тэніс для невідушчых, і мне важна выпрацаваць навыкі гульні, зразумець памылкі, якія раблю.
Варта зазначыць, што ў Гродне сабраліся сур’ёзныя ігракі. Нават першай ракетцы Беларусі Сяргею Шкібелю давялося папацець, аднак аспрэчыць яго лідарства на працягу спаборніцтваў не ўдалося. Перамагчы Сяргея ў гульні здолеў толькі Уладзімір Літвінаў з Віцебска, гэта дапамагло яму завяршыць турнір з трэцім вынікам сярод мужчын.
Мне сустрэча спадабалася, гуляў я з вялікай ахвотай і азартам, збіраюся і надалей прадоўжыць займацца шоўдаўнам, прымаць удзел у падобных турнірах. Тэніс для сляпых цікавы і адносна бяспечны. Калі гуляць правільна і карыстацца абавязковай пальчаткай для абароны рукі, нічога дрэннага не павінна здарыцца. Невялікі пластыкавы мяч для шоўдаўна змяшчае ўсярэдзіне металічныя шарыкі, якія ствараюць эфект званочка і дазваляюць сляпому вызначаць яго месцазнаходжанне. У арсенале ігракоў таксама ёсць чорныя акуляры і драўляныя выцягнутыя ракеткі. Мяч не лятае, а коціцца па стале, яго трэба закаціць у спецыяльную лузу на палове саперніка, за што можна атрымаць два ачкі. Каб мяч не выкаціўся, стол мае борт. Замест сеткі ў сярэдзіне стала ўсталяваны экран, пад якім і трэба правесці мяч. Экран выконвае і ахоўную функцыю, калі ў запале гульні сапернік не разлічыць удар.
На жаль, у Дзятлаве няма ўсяго пералічанага абсталявання, і на трэніроўкі я ездзіў у Гродна. Моладзь нашага раёна пакуль не праяўляе цікавасці да шоўдаўна, а гэта выдатная гульня і магчымасць сустрэцца з новымі сябрамі.
На турніры ў Гродне панавала цёплая атмасфера. Толькі ў час гульні мы былі сапернікамі, а канчалася спаборніцтва – ішлі разам піць каву, спяваць песні пад гітару, па-сяброўску размаўляць. Ігар Сугака, дарэчы, патлумачыў мне, чаму ён перамог, якія памылкі былі ў мяне, на што варта звяртаць увагу ў далейшым.
Карыстаючыся магчымасцю, хачу звярнуцца да невідушчых людзей. Ведайце: жыццё і спорт існуюць і для нас, проста трэба падняць вышэй галаву і ісці наперад. Тады знойдуцца добрыя людзі, цікавы занятак, работа і нават другая палавінка. Абмежаванняў для нас не існуе, калі ёсць ахвота чаго-небудзь дабіцца. Асабіста я тры месяцы запар ездзіў трэніравацца ў Гродна, жыў там у сябра па некалькі дзён. Вельмі ўдзячны за чуласць і дапамогу ў час такіх падарожжаў вадзіцелю Васілю Жыху. Прыемна было, што, прыехаўшы ў абласны цэнтр, ён абавязкова праводзіў мяне да патрэбнага тралейбуса, чакаў, калі я спазняўся на яго аўтобус, а калі мы прыязджалі на Дзятлаўшчыну, выходзіў, каб дапамагчы мне зарыентавацца ў прасторы, паказаць накірунак. Дзякую яму за чалавечнасць і імкненне дапамагчы.
Ірына КАЎКЕЛЬ
Грамадзяне маюць магчымасць у адным месцы падаць заявы і атрымаць рашэнні па адміністрацыйных працэдурах згодна…
Оперативная информация Управления сельского хозяйства и продовольствия райисполкома на утро 18 августа 2026 года. Подписывайтесь…
Усебеларускі народны сход сёлета адзначае сваё 30-годдзе. Настаўніца гімназіі № 1 горада Дзятлава Наталля Клімец,…
Беларусь с начала года посетили более 153 тыс. иностранцев без виз. Об этом БЕЛТА сообщили…
Завяршэнне жніва, падрыхтоўка да асенняй сяўбы, свята ўраджаю, капітальныя рамонты, педагагічная канферэнцыя, Адзіны дзень інфармавання…
Пад Смаргонню дзіцячае свавольства з запалкамі прывяло да буйнога пажару ў полі і сур’ёзных матэрыяльных…