Няхай пакаленне ведае герояў

З мэтай фарміравання ведаў навучэнцаў аб гераічных учынках аднагодкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, усведамлення важнасці захавання гістарычнай памяці і выхавання пачуцця гонару за сваю краіну ў 6-х класах Казлоўшчынскай сярэдняй школы праведзены занятак “Піянеры-героі” ў рамках праграмы “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”. Навучэнцы гаварылі аб піянерах-героях Мараце Казеі, Лёні Голікавым, Зіне Партновай, Валянціне Коцік, як школьнікі ў гады вайны здзяйснялі подзвігі, становячыся прыкладам мужнасці. Кіраўнік музея правяла экскурс у гісторыю “Няхай пакаленне ведае і памятае герояў”.
Беларусь памятае

У рамках рэалізацыі праекта “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма” для навучэнцаў 7 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава прайшло мерапрыемства “Беларусь памятае. Памятае кожнага”. Класны кіраўнік расказала дзецям, што гэты праект – унікальны інфармацыйны рэсурс, які напаўняецца ўсімі наяўнымі звесткамі аб жыцці, подзвігах і ўзнагародах воінаў Вялікай Айчыннай вайны, прадзедаў. Ён аб’яднаў пошукавікаў, гісторыкаў і валанцёраў. Іх задача – вярнуць імёны герояў, аднавіць справядлівасць і даць сем’ям магчымасць даведацца праўду аб сваіх продках. Дзеці адзначылі, што кожны можа ўнесці свой уклад у захаванне памяці, наведваючы музеі і мемарыялы, вывучаючы гісторыю ваенных гадоў свайго краю і біяграфіі ветэранаў і сведкаў ваенных падзей, расказваючы пра вайну і яе герояў сваім блізкім і сябрам.
“Смак роднай мовы!”

Пад такім дэвізам у рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта ў групе інтэграванага навучання і выхавання Новаяльнянскага дзіцячага сада прайшлі тэматычныя мерапрыемствы: літаратурныя вячоркі, выстава кніг “З любоўю да роднай мовы”, знаёмства з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, назвамі адзення беларускага народнага касцюма, не абышлося без гульняў і гульнявых практыкаванняў.

У рамках PR-акцыі “Дзіцячы свет без жорсткасці і насілля” тут прайшла акцыя “Сіняя стужка”. З выхаванцамі праведзены гутаркі, гульні, распаўсюджаны сінія стужкі. Важнай часткай акцыі з’явілася не толькі барацьба з гвалтам, але і фарміраванне сяброўства, даверу і ўзаемадапамогі сярод дзяцей.
Як ратаўнікі навучаюць дзяцей

Супрацоўнікі РАНС дапамаглі замацаваць правілы бяспекі дзецям Казлоўшчынскай сярэдняй школы, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Разам яны разбіралі небяспечныя сітуацыі і адпрацоўвалі правільныя алгарытмы паводзінаў, удзельнічалі ў сюжэтна-ролевых гульнях і віктарынах, вучыліся, як дзейнічаць пры пажары, замацоўвалі правілы бяспечных паводзінаў на вуліцы і дома.
Прафарыентацыйная экскурсія

Навучэнцы 9 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава наведалі папраўчую ўстанову “ПКП № 26”, якая знаходзіцца ў аграгарадку Гезгалы.

Прадстаўнік установы правёў экскурсію па яе тэрыторыі, расказаў пра асаблівасці паступлення ў Акадэмію МУС, школу міліцыі.
З мэтай прафілактыкі супрацьпраўных дзеянняў школьнікам арганізавалі сустрэчу з асуджаным за распаўсюджванне наркатычных сродкаў.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga