Свае правы ведай, але абавязкі выконвай!

Да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у дзіцячым садзе № 2 горада  Дзятлава прайшло шэраг мерапрыемстваў: гутаркі, дыдактычныя гульні, віктарыны, выставы.

Але самую вялікую цікавасць выклікала сустрэча ўдзельнікаў дашкольнага лясніцтва “Баравічок” з намеснікам кіраўніка Дзятлаўскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксеем Урбановічам. Дзеці даведаліся, якія правы і абавязкі юных грамадзян нашай краіны закладзены ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, яшчэ раз пагаварылі аб неабходнасці беражлівых адносін да лесу і яго насельнікаў, клопаце аб навакольным свеце. У сваю чаргу юныя сябры лесу расказалі, якую работу дашкольнае лясніцтва правяло зімой, у якіх акцыях удзельнічалі і якія важныя справы запланавалі на вясну.

Домікі для птушак гатовы

Навучэнцы Казлоўшчынскай сярэдняй школы змайстравалі хаткі-шпакоўні для крылатых сяброў. Акцыя “Да сустрэчы шпакоў гатовы!” вучыць дзяцей не толькі беражліваму стаўленню да прыроды, але сумеснай працы. Шпакоўні вырашылі павесіць каля купелі побач з крыніцай у гонар іконы Божай Маці “Жыватворная крыніца”.

Ведай пра кібербулінг у інтэрнэце!

У рамках PR-акцыі “Дзіцячы свет без жорсткасці і гвалту” у Дварэцкай сярэдняй школе прайшла інтэрактыўная гутарка “Кібербулінг у інтэрнэце: што гэта і як ад яго абараніцца”. Навучэнцы 6 класа даведаліся, што такое булінг і кібербулінг, у чым іх небяспека, як можна засцерагчы сябе і што рабіць, калі ты стаў ахвярай цкавання ў інтэрнэце. Пазнаёміліся таксама з адказнасцю, прадугледжанай законам для тых, хто ўчыняе такія супрацьпраўныя дзеянні.

Маленькія крокі ў вялікі спорт

Свае дзверы для выхаванцаў старэйшай групы № 8 дзіцячага сада № 2 адчыніла Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Дырэктар Святлана Лагута расказала дзецям пра навучэнцаў школ райцэнтра, якія дасягнулі вынікаў у спартыўных спаборніцтвах. Выкладчыца Аксана Афанасенкава запрасіла хлопчыкаў і дзяўчынак наведаць спартыўныя залы па лёгкай атлетыцы і футболе, трэнажорную залу. Выхаванцам удалося не толькі паназіраць за трэніроўкай, але і паспрабаваць свае сілы.

У дзіцячым садку дзяцей чакала сюжэтна-ролевая гульня “Спартыўная школа” з новымі гульнявымі атрыбутамі і трэнажорамі.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации