З 2016 года сярэдняя школа №1 горада Дзятлава прымае ўдзел у рэспубліканскім праекце “Школа будучыні”.
Яго арганізатарамі з’яўляюцца канцэрн “Беллегпрам”, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь. Па заказе ўстановаў адукацыі беларускія вытворцы прапаноўваюць калекцыі адзення для ўніфікацыі дзелавога стылю ў той ці іншай школе.
У рамках рэалізацыі праекта адміністрацыя і педагогі сярэдняй школы №1 горада Дзятлава вывучылі меркаванне бацькоў. Адзіную школьную форму пажадалі заказаць бацькі навучэнцаў 1-4 класаў і 5 “Б” класа.
Вырашылі, што гэта будуць жылеты бардовага колеру з лагатыпам установы адукацыі. Заказ на такую школьную форму атрымала фабрыка “Палессе”. Як зазначыла дырэктар школы Аксана Міхайлаўна Пацыновіч, працаваць з фабрыкай было прыемна. Заказ выканалі не марудзячы, некалькі камплектаў, якія не адпавядалі навучэнцам па размерах, замянілі на адпаведныя.
Па выніках эксперымента, як заяўлена арганізатарамі праекта “Школа будучыні”, у далейшым будзе прынята рашэнне аб мэтазгоднасці і неабходнасці ўвядзення ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі вызначаных (адзіных для канкрэтнай установы або рэгіёна) мадэляў адзення дзелавога стылю.
І. КАЎКЕЛЬ