На Дзятлаўшчыне завершана ўборка збожжавых і зернебабовых культур, адгрымелі яркімі акордамі раённыя “Дажынкі”, але работа аграрыяў на гэтым не заканчваецца.

У разгары ўборка кукурузы на сілас, нарыхтоўка кармоў і яравога рапсу. Трэці тыдзень у ААТ “Граніт-Агра” прадаўжаецца ўборка цукровых буракоў, якія адразу ж транспарціруюцца на ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат”. Аб тым, ці парадаваў салодкі ўраджай, расказала галоўны аграном гаспадаркі Алена Майсейчык:

– Сёлета мы павялічылі пасевы цукровых буракоў на 20 гектараў, плошча складае 380 гектараў. На сёння ўбрана 110 гектараў з ураджайнасцю не ніжэй за 500 цэнтнераў з гектара, што з’яўляецца высокім вынікам для ранняй копкі. На цукровы завод па стане на раніцу 7 верасня здадзена 2400 тон гэтай культуры, грузавыя машыны прадастаўляе завод, ад нас працуюць два цягачы “Джон-Дзір”, пагрузчык, якім нам дапамагло КСУП “Войневічы”, заняты спецыяліст па афармленні дакументаў і прыцягваюцца па меры неабходнасці паляводы для прыбірання поля пасля работы тэхнікі.

– Калі раней цукровыя буракі вы здавалі ў кастрычніку, то апошнія гады выбіраеце раннія тэрміны. Ці выгадна гэта?

– У такой сітуацыі ёсць шэраг “плюсаў”. Па-першае, у эканамічным плане мы не губляем, бо за раннюю здачу прадукцыі заводам прадугледжана грашовая надбаўка. Мы збіраем буракі ў аптымальнае для тэхнікі сухое надвор’е, не патрабуецца дадатковай тэхнікі для буксіроўкі. Палеткі, вызваленыя ад ураджаю буракоў, паспяваем засеяць азімымі культурамі па добрым папярэдніку.

У бліжэйшых планах ААТ “Граніт-Агра” – завяршыць адвозку ўбраных буракоў, узяць па гэтай рабоце праўзу, пакуль спецыялізаваная тэхніка будзе працаваць у іншых гаспадарках раёна, і прадоўжыць пасля ў тым жа рытме. Галоўны аграном упэўнена, што невялікі перапынак пойдзе на карысць ураджайнасці: цукровыя буракі з кожным днём набіраюць вагу і яшчэ парадуюць аграрыяў высокімі паказчыкамі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
нашелучшее #нашалепшае