Да Дня моладзі і студэнцтва ў Гродзенскім аблвыканкаме 27 чэрвеня ладзіцца сустрэча кіраўніцтва вобласці з таленавітымі маладымі жыхарамі з розных куткоў Прынёмання.
У нефармальнай абстаноўцы яны пагутарылі з намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктарам Пранюком і начальнікам Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ігарам Булаўкам.
У ліку 25 запрошаных быў і наш зямляк – педагог дадатковай адукацыі Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Роберт Асіпук.

Імя Роберта Дзмітрыевіча занесена ў віртуальную кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці. Ён з’яўляецца ўдзельнікам І форума блогераў Беларусі, мае больш за 3,5 мільёны падпісчыкаў у Тіk-Тоk, быў героем відэасюжэтаў і рэпартажаў рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку канала АНТ і тэлеканала Беларусь-1.
– Мерапрыемства арганізавана на высокім ўзроўні, – падзяліўся ўражаннямі Роберт Дзмітрыевіч. – Было вельмі прыемна апынуцца сярод моладзі, якая ўносіць вялікі ўклад у развіццё сваёй краіны і будучыні.
Выстава работ навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах, дзе я з’яўляюся кіраўніком, таксама прайшла паспяхова. Гледачы ацанілі высокі ўзровень майстэрства дзяцей з Дзятлава. Вельмі многія падыходзілі і гаварылі словы ўдзячнасці. Таму пажаданне для моладзі Гродзеншчыны і нашага раёна ў мяне адно – развівацца ў сваёй любімай сферы, атрымліваць ад гэтага задавальненне і праз справу, якая падабаецца, уносіць істотны ўклад у развіццё грамадства і роднай Беларусі.
Ірына СТЫРНІК
Фота Роберта АСІПУКА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga