На чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое праходзіла пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, разгледжаны два пытанні.

Аб эфектыўнасці прымаемых мер, скіраваных на прафілактыку безнагляднасці, правапарушэнняў, п’янства, наркаманіі сярод непаўналетніх, абарону іх правоў і законных інтарэсаў расказаў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вадзім Бялятка. Ён адзначыў, што з 1 студзеня 2025 года ў сілу ўступіла пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб прызнанні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы, маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне”. Гэта функцыя, а таксама ўсе этапы работы па ўстанаўленні прыкмет сямейнага недабрабыту: ад наяўнасці крытэрыяў і паказчыкаў да прызнання ў сацыяльна ненадзейным становішчы – ускладзены на камісію па справах непаўналетніх, таксама яна каардынуе дзейнасць службаў і структур соцыуму.
Нягледзячы на прафілактычную работу, з нуля да аднаго ў першым паўгоддзі 2025 года ў раёне дапушчаны рост злачынстваў, учыненых непаўналетнімі: падлетак скраў электронную цыгарэту. Раней хлопец трапляў у поле зроку праваахоўнікаў, год з ім вялася індывідуальная прафілактычная работа. Летась былі разгледжаны чатыры пастановы аб спыненні крымінальных спраў на непаўналетніх, якія не дасягнулі ўзросту адказнасці, сёлета такія не разглядаліся. Для папярэджання падобных з’яваў у падлеткавым асяроддзі праведзены адкрытыя выязныя пасяджэнні камісіі ва ўстановах адукацыі, на якіх прааналізаваны пытанні аб мэтазгоднасці змяшчэння юных парушальнікаў у спецыялізаваныя закрытыя ўстановы адукацыі.
З аднаго да пяці сёлета адзначаецца рост адміністрацыйных правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Іх дапусцілі навучэнцы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы (3), Казлоўшчынскай сярэдняй школы (1), каледжа (1). Злачынстваў па лініі наркакантролю не рэгістравалася. З двума непаўналетнімі, у адносінах да якіх выяўлены адзінкавыя факты ўжывання алкаголю, вядзецца індывідуальная прафілактычная работа, а ўсяго яна праводзіцца з дзесяццю падлеткамі.

Неабходна прымаць дадатковыя меры па ўкараненні эфектыўных метадаў навучання непаўналетніх распазнаванню дыструктыўных суполак, у тым ліку экстрэмісцкай скіраванасці, бо судом Дзятлаўскага раёна разгледжаны два выпускнікі за публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі (рабілі гэта ў групе гульцоў у электронныя гульні).
У раёне вядзецца мэтанакіраваная работа па абароне дзяцей ад любых відаў гвалту, функцыянуе “дружалюбны пакой”. Летась былі дапытаны шэсць дзяцей, сёлета – ніводнага. З усімі пацярпелымі і іх бацькамі праведзены псіхолага-педагагічныя кансультацыі. Сёлета накіраваны два інфармаванні аб магчымым гвалце і жорсткім абыходжанні ў адносінах да непаўналетніх.
На 1 ліпеня ў раёне ў сацыяльна ненадзейным становішчы знаходзяцца 75 дзяцей з 32 сем’яў (летась 96 з 43), восем прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, трое вернуты бацькам, бацькоўскіх правоў на трох дзяцей пазбаўлены столькі ж бацькоў, 30 дзяцей-сірот і пакінутых без апекі жывуць у 16 апякунскіх, дзвюх прыёмных сем’ях раёна, дзіцячым доме сямейнага тыпу, іх уладкаванне склала 100 %. Асноўная прычына прызнання дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы – амаральны лад жыцця і п’янкі дарослых. З кантролю пасля выпраўлення сітуацыі сёлета зняты 16 сем’яў, дзе гадуюцца 27 непаўналетніх, эфектыўнасць работы – 79,4 %. Зніжэнню сямейнага недабрабыту спрыяе выніковая прафілактычная работа. Тым не менш актуальным застаецца павышэнне эфектыўнасці міжведамаснага ўзаемадзеяння ў пытаннях кантролю ўмоваў жыцця і выхавання дзяцей, аказання дапамогі бацькам у пераадоленні цяжкіх жыццёвых сітуацый.

Якая работа па папярэджанні сямейнага недабрабыту і негатыўных з’яваў у падлеткавым асяроддзі вядзецца ўстановамі адукацыі, расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. Сярод прычын адмоўных паводзінаў дзяцей яна назвала неспрыяльнае акружэнне, даступнасць негатыўнай інфармацыі, недастатковы кантроль дарослых, упушчэнні ў маральным выхаванні, у сувязі з чым перагледжаны некаторыя падыходы выхаваўча-прафілактычнай работы.

Аналізуючы тэму, Андрэй Садоўскі адзначыў, што работа камісіі па справах непаўналетніх больш скіравана на выпраўленне сітуацый, асноўную ж прафілактычную мэту выконвае сфера адукацыі, якая ўзаемадзейнічае ў гэтым напрамку з бацькамі, соцыумам, і значныя задачы ляжаць менавіта на класных кіраўніках, сацыяльных педагогах, псіхолагах, актывістах моладзевых аб’яднанняў. Паказчыкі адрозніваюцца і па ўстановах адукацыі. Кіраўнік раёна даручыў перагледзець меры прафілактыкі і павысіць іх эфектыўнасць.

Аб ходзе выканання даведзенага задання па зборы, нарыхтоўцы і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў арганізацыямі раёна ў першым паўгоддзі 2025 года расказала начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Алена Грамко. З яе слоў, у першым паўгоддзі сабрана 698,9 тоны другасных матэрыялаў, або 79 % ад плана. Гадавыя заданні па здачы паперы ўжо выканалі Дзятлаўская сельгастэхніка, прадстаўніцтва Белдзяржстраху, вузел электрасувязі РУП “Белтэлекам”, цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Дзятлаўскі філіял КУП “Гроднааблпаліва”, Данілавіцкі, Дварэцкі, Жукоўшчынскі, Парэцкі сельвыканкамы. Сярод прычын, якія паўплывалі на недасягненне некаторымі арганізацыямі паказчыкаў плана: невыкананне патрабаванняў па адасобленым зборы адходаў, адсутнасць станцыі сартавання змешаных камунальных адходаў, з-за чаго другасныя рэсурсы разам са смеццем трапляюць на палігон. Пастаянна ў раёне адсочваецца санітарны стан пляцовак для смецця, тэрыторый арганізацый, правільнае складаванне другасных матэрыялаў, аднак парушэнні яшчэ сустракаюцца.
Падводзячы вынікі тэмы, Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што работа па зборы другаснай сыравіны не новая, для выканання планаў ёсць рэзервы і магчымасці, якія павінны быць выкарыстаны.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga