Прайшло чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 і камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.

Былі разгледжаны пытанні аб прызнанні дзяцей з дзвюх сем’яў, дзе выяўлены прыкметы недабрабыту, у сацыяльна небяспечным становішчы; аб магчымасці вяртання бацькам дзяцей, раней прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне; разгледжаны адзін адміністрацыйны пратакол.

Праблемы вярнуліся ў сям’ю

Сацыяльнае расследаванне ў адносінах сям’і, дзе гадуюцца трое непаўналетніх, правялі педагогі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава. Сярод выяўленых прыкметаў недабрабыту – злоўжыванне бацькоў спіртнымі напоямі і тое, што дарослыя пэўны час нідзе не працуюць, хоць сцвярджаюць, што праходзяць медыцынскую камісію для працаўладкавання ў адну з гаспадарак раёна.

Раней дзяцей з гэтай сям’і двойчы прызнавалі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, аднак вярталі бацькам, якія браліся за розум, нават на некаторы час было адменена сацыяльна ненадзейнае становішча ў адносінах непаўналетніх. На жаль, дарослым так і не хапіла самакантролю, яны зноў паўтарылі былыя памылкі. Са студзеня бацька нідзе не працуе, маці пачала дапускаць прагулы і таксама вырашыла звольніцца з работы. Суседзі і педагогі адзначаюць, што дарослыя час ад часу бываюць п’янымі.

Улічыўшы выяўленыя факты і ранейшыя праблемы сям’і, члены каардынацыйнага савета па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 райвыканкама прызналі трох непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы. Бацькам параілі звярнуцца па дапамогу да доктара-нарколага і не цягнуць з працаўладкаваннем. Сітуацыя, якая склалася ў сям’і, даволі сурь’ёзная: калі дарослыя не справяцца з недабрабытам, іх могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў.

Які прыклад для сына?

Жыровіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж правёў сацыяльнае расследаванне ў сям’і аднаго са сваіх навучэнцаў. Паколькі сям’я жыве на Дзятлаўшчыне, рашэнне адносна прызнання непаўналетняга ў сацыяльна ненадзейным становішчы прымаў каардынацыйны савет па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 Дзятлаўскага райвыканкама.

Пра сям’ю вядома, што бацька юнака працуе, маці – не. Раней жанчына прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Жывуць непаўналетні і яго бацькі ў добраўпарадкаванай кватэры, дзе ёсць усё неабходнае для навучэнца. Галоўная праблема дарослых – гэта ўжыванне спіртных напояў, з-за чаго дзеці раней неаднаразова прызнаваліся ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Прычым, калі выпівае маці, яна становіцца агрэсіўнай, правакуе сямейныя скандалы. Амаральны лад жыцця жанчыны – кепскі прыклад для сына-падлетка. У складаныя моманты на дапамогу сям’і прыходзіць бабуля, бярэ на сябе клопаты аб унуку, да яе па выхадных ён прыязджае і цяпер.

Нягледзячы на тое, што маці падлетка выказала намер на некаторы час паехаць у Мінск па сямейных справах, яшчэ не зразумела, ці стабілізуецца сітуацыя ў сям’і. Па выніках сацыяльнага расследавання і з улікам ранейшых праблем каардынацыйны савет па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 Дзятлаўскага райвыканкама прызнаў юнака ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Распрацаваны міжведамасны план мерапрыемстваў па рабоце з гэтай сям’ёй.

Ёсць станоўчая дынаміка

Некалькі месяцаў спецыялісты раённых службаў прафілактыкі назіралі за паводзінамі мужа і жонкі, якія сталі абавязанымі асобамі пасля прызнання трох іх непаўналетніх дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Дарослым, як кажуць, “з пераменным поспехам” удавалася спраўляцца з праблемамі сямейнага недабрабыту, галоўная з якіх – “сяброўства з зялёным зміем”. За гэты час муж і жонка прайшлі лячэнне ад алкагольнай залежнасці і падалі дакументы на развод. На афіцыйным скасаванні шлюбу настаяла маці непаўналетніх, паколькі не мае ўпэўненасці, што бацька зможа поўнасцю адмовіцца ад спіртнога. У мужчыны былі некалькі “зрываў”, і менавіта з-за яго паводзінаў дзецям не ўдалося датэрмінова вярнуцца дахаты. Апошнім часам муж трымае сябе ў руках, але наколькі доўгай будзе рэмісія – невядома.

Тым не менш, спецыялісты службаў прафілактыкі адзначаюць станоўчую дынаміку ў сям’і і выказваюць спадзяванне, што дарослыя змогуць нарэшце ўпэўнена стаць на шлях выпраўлення. Менавіта па гэтай прычыне члены камісіі па справах непаўналетніх вырашылі даць ім шанц і прынялі рашэнне вярнуць дзяцей. Аднак сям’я і надалей будзе знаходзіцца пад пільным кантролем.

Лёс дзіцяці вырашыць суд

Паўгода таму непаўналетні, 2019 года нараджэння, быў прызнаны маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне з-за таго, што яго маці злоўжывала алкагольнымі напоямі і стварала пагрозу для жыцця немаўляці. За час, пакуль сын знаходзіўся ў Гродзенскім доме дзіцяці, жанчына прыняла некалькі важных рашэнняў. На жаль, гэта не спрыяла выпраўленню сітуацыі ў сям’і.

Спачатку маці выказала жаданне аформіць адносіны з сужыцелем (біялагічным бацькам дзіцяці), паехаць да яго ў Баранавічы і там знайсці сабе работу. Аднак ужо на наступным пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама яна памяняла сваё рашэнне. На гэты раз планавала застацца на Дзятлаўшчыне, атрымаць жыллё. Жанчыне выдзелілі дом, які доўгі час пуставаў і патрабаваў значнага рамонту. Зрабіць яго бацькі не паспелі, нягледзечы на тое, што сужыцель звольніўся з работы і таксама пераехаў жыць на Дзятлаўшчыну.

Засталася актуальнай для жанчыны і праблема пазбаўлення ад алкагольнай залежнасці. Хоць гора-маці прайшла лячэнне ад алкагалізму яшчэ ў снежні мінулага года, ужо ў красавіку сёлетняга яна зноў пачала ўжываць спіртное. Жанчына нават не пабаялася прыйсці п’янай на кансультацыю ў сацыяльна-педагагічны цэнтр і дапусціла некалькі прагулаў на рабоце.

Паколькі патрабаванні міжведамаснага плана абароны правоў непаўналетняга засталіся нявыкананымі, а асноўныя прыкметы недабрабыту не ўхілены, члены камісіі па справах непаўналетніх прынялі рашэнне накіраваць у суд дакументы на пазбаўленне жанчыны бацькоўскіх правоў.

Без інструктара – забаронена

Многія бацькі жадаюць, каб іх дзеці хутчэй асвоілі навыкі ваджэння аўтамабіля. Для гэтага яны не аддаюць юнакоў і дзяўчат у аўташколы, а садзяць іх за руль на дарогах і гарадскіх вуліцах, чым аказваюць сабе і непаўналетнім “мядзвежую паслугу”. Нядаўна і жыхар нашага раёна перадаў руль свайму шаснаццацігадоваму сыну. Машыну спынілі дзяржаўтаінспектары. У выніку мужчына быў пакараны штрафам, а яго сына выклікалі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.

Паколькі юнак характарызуецца станоўча і не мае ўласнага заробку, члены камісіі папярэдзілі яго аб недапушчэнні падобных паездак у далейшым. Аднак на працягу года з хлопцам будуць праводзіць індывідуальную прафілактычную работу. Таксама будучаму вадзіцелю далі слушную параду: адпрацоўваць навыкі ўпраўлення аўтамабілем можна толькі пад наглядам інструктара аўташколы або на закрытых аўтадромах.

Святлана ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Уладзімір СВЯТОХА, першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі

Похожие публикации