У райвыканкаме прайшла традыцыйная сустрэча са святарамі, на якой узнімаўся шэраг актуальных пытанняў па ўзаемадзеянні органаў заканадаўчай і выканаўчай улады, дзяржаўных арганізацый з рэлігійнымі абшчынамі на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна.

Сустрэчу праводзілі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Вадзім Бялятка, начальнік і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова і Марына Абрамчык.

– У нас добра наладжана ўзаемадзеянне, – падкрэсліў Вадзім Аляксандравіч, – пры правядзенні ў раёне мерапрыемстваў і акцый пастаянна ўдзельнічае і духавенства, гэта вельмі радуе і гаворыць пра тое, што мы ідзём поплеч у гэтым жыцці.

Марына Абрамчык расказала пра рэалізацыю закона “Аб змяненні закона па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый”, асаблівая ўвага была скіравана на перарэгістрацыі рэлігійных абшчын, якую неабходна будзе завяршыць да 5 ліпеня 2025 года.

На сустрэчы абмеркавалі, як неабходна захоўваць і правільна выкарыстоўваць культавыя будынкі і збудаванні, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева патлумачыла патрабаванні заканадаўства, што неабходна выконваць пры правядзенні рамонтных і рэстаўрацыйных работ на такіх аб’ектах.

Актуальную тэму пажарнай бяспекі, якая тычыцца і рэлігійных будынкаў, закрануў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык. Ён нагадаў сачыць за спраўнасцю аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, а напярэдадні калядных святаў – электрагірляндаў, праверыць наяўнасць пярвічных сродкаў пажаратушэння.

Што такое экстрэмізм, якая прадугледжана адказнасць за рэгістрацыю на інтэрнэт-рэсурсах, прызнаных экстрэмісцкімі, пра распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце расказаў начальнік аддзялення крымінальнага вышуку АУС Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Пацыновіч.

Напрыканцы сустрэчы Вадзім Бялятка адзначыў, што мы павінны жыць і прапагандаваць нармальныя традыцыйныя як грамадзянскія, духоўныя, так і сямейныя каштоўнасці, якія з’яўляюцца трывалым падмуркам нашага жыцця. Ён павіншаваў святароў з надыходзячымі навагоднімі і каляднымі святамі, пажадаў здароўя, міру, дабрабыту.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации