З кожным днём мы набліжаемся да важнага для нашай краіны свята – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Сваё падарожжа па Дзятлаўшчыне прадаўжае і тэматычная юбілейная акцыя “Равеснікі вызвалення”. На гэты раз у рамках праекта музычную паштоўку да свайго 80-га дня нараджэння ад творчага калектыву сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці з найлепшымі віншаваннямі атрымала наша зямлячка Лідзія Грэбень.

У вёску Разважжа да Лідзіі Канстанцінаўны накіраваліся Іван Кашко, Ірына Бакшук і Святлана Венская. Дзень сустрэчы, як і пажаданні артыстаў, выдаўся сонечным і цёплым. На сваім падворку імянінніца сустракала гасцей разам з дачкой Людмілай і ўнучкай Аляксандрай. Артысты пажадалі юбілярцы моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі і бадзёрасці духу, актыўнага даўгалецця, цёплых сустрэч, радасных падзей, светлых дзён, сагрэтых клопатам і ўвагай блізкіх людзей.

Звонкія гукі баяна нібыта вярнулі Лідзію Канстанцінаўну ў далёкія часы яе юнацтва, і “равесніца вызвалення” расказала землякам сваю жыццёвую гісторыю. Нарадзілася  жанчына ў простай сялянскай сям’і, дзе яшчэ гадавалася старэйшая сястра Алена, якая і стала для маленькай Ліды надзейнай нянькай, у сястрычак на ўсё жыццё склаліся вельмі цесныя і цёплыя адносіны.

Сярод самых ранніх дзіцячых успамінаў Лідзіі Грэбень, вядома ж, вясковыя будні, напоўненыя руплівай сялянскай працай. Працавітасць дзяўчынка “ўпітала” з малаком маці і хлебам надзённым. Нават і сёння Лідзія Канстанцінаўна з цеплынёй узгадвае, як яе маленькую бралі з сабой, калі выконвалі розныя гаспадарчыя справы. Помніць яна непаўторны водар спелага збожжа, калі спала ў копах, пакуль маці з сястрой жалі жыта. Скончыла наша зямлячка ўсяго 5 класаў, бо ў хуткім часе і ёй давялося шмат працаваць фізічна.

– З маленства, дапамагаючы сваёй сям’і, я пасвіла кароў і авечак, некалькі гадоў працавала на цагельні – вырабляла цэглу, потым больш за 20 гадоў даглядала ў калгасе маленькіх цялят, нават пасля выхаду на пенсію яшчэ пэўны час збірала ў вяскоўцаў малако, – пералічвае свае “жыццёвыя ўніверсітэты” Лідзія Канстанцінаўна.

Вядома ж, акрамя працоўнай дзейнасці, яшчэ была вялікая ўласная гаспадарка, сям’я – муж Вікенцій Аляксандравіч, сын Васіль, дачка Людміла, – яны таксама чакалі ўвагі і клопату.

– Усё маё жыццё – гэта праца і дзень, і ноч, – заключае “равесніца вызвалення”, – аднак іншага мы, сяляне, сабе і не ўяўлялі. Памятаю, як аднойчы пайшлі ў калгас жаць жыта, а ў гаспадарку прыгналі новыя камбайны. У той дзень нас адправілі з поля па хатах, дык мы з жанчынамі, ідучы, заліваліся слязьмі, бо не ведалі, як будзем жыць далей.

– Наша матуля і бабуля – чулы, шчыры, добразычлівы чалавек, для нас яна самая ўважлівая і пяшчотная, а яшчэ бабуля наш “галоўнакамандуючы”, бо яе жыццёвая мудрасць, вопыт, слушныя парады дапамагаюць нам, сямейнікам, у складаныя і адказныя хвіліны жыцця, – характарызуюць юбілярку яе дачка Людміла і ўнучка Аляксандра. – Разам з татам яны пражылі 48 гадоў. Для ўсіх родных іх шлюб – яскравы прыклад сямейнага ладу, узаемапавагі, цёплага кахання, паразумення, на які хочацца раўняцца.

Лідзія Канстанцінаўна і ў свае шаноўныя 80 гадоў застаецца шчырай працаўніцай і берагіняй сямейных традыцый. Маладому пакаленню “равесніца вызвалення” пажадала шчаслівага жыцця, дабрабыту на роднай зямлі і каб над галавой заўжды было мірнае неба.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі сектара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации