Адбыўся справаздачна-выбарны сход раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”. Новым старшынёй аб’яднання стаў Ілья Касцюк, таксама выбраны члены праўлення і кантрольна-рэвізійнай камісіі.

Сустрэча праходзіла ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, старшыні Цэнтральнага праўлення ГА “БелТІ” Васіля Лукашэвіча і Гродзенскай абласной арганізацыі гэтага ж аб’яднання Айдына Аліева.

З аналізам работы за справаздачны перыяд выступіла старшыня раённай арганізацыі інвалідаў Аксана Вырко. Расказала, што на ўліку ў аб’яднанні 119 членаў, працуюць тры пярвічкі – новаяльнянская, казлоўшчынская, дзятлаўская. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з аддзяленнем сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў “Праменьчык”. Такое ўзаемадзеянне спрыяе далучэнню людзей з інваліднасцю да розных мерапрыемстваў і сустрэч, павышэнню ролі і значнасці аб’яднання ў іх жыцці, дапамагае прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем людзей з інваліднасцю. На працягу апошніх шасці гадоў асаблівыя дзятлаўчане былі ўдзельнікамі раённых, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемстваў, дзе заваявана нямала дыпломаў і прызавых месцаў. Толькі апошнім часам нашы землякі пабывалі ў Мінскім дэльфінарыі, на абласным адборачным этапе рэспубліканскага фестывалю роўных магчымасцяў “Час моцных”, а ў ліпені 2024-га на Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў “Віцебск-2024” дыпломам ІІІ ступені адзначаны Алег Бяляк. 

Сярод важных кірункаў работы – удзел членаў арганізацыі ў маніторынгах па стварэнні безбар’ернага асяроддзя. У 2024 годзе даступнымі сталі чатыры аб’екты Дзятлаўшчыны: жылы дом, два ФАПы, сярэдняя школа № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурыла. На гэты год намечана зрабіць такімі яшчэ тры: жылы дом, ФАП, гімназію № 1 горада Дзятлава. 

Даючы ацэнку рабоце ў раёне, Васіль Лукашэвіч адзначыў, што дзятлаўчанам трэба павысіць актыўнасць, прыцягваць у арганізацыю моладзь. Увогуле, работа на гэтай ніве вельмі важная, паколькі ў Беларусі налічваецца 550 тысяч людзей з інваліднасцю, зразумела, што членствам у аб’яднанні ахоплены не ўсе, аднак у краіне функцыянуе 7 абласных і 220 раённых арганізацый. У іх удзельнікаў ёсць магчымасць сябе праявіць і не замыкацца ў чатырох сценах. Інваліды паспяхова выступаюць на “Славянскім базары ў Віцебску”, Фестывалі нацыянальных культур у Гродне, актывізуецца міжнароднае супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі і многія іншыя напрамкі культурнай і спартыўнай дзейнасці, ёсць магчымасць прайсці навучанне на курсах камп’ютарнай адукаванасці ці навучыцца рукадзеллю, яшчэ адзін важны кірунак – працаўладкаванне інвалідаў. Сур’ёзную падтрымку грамадскаму аб’яднанню аказвае дзяржава, увогуле ў Беларусі дзейнічае развітая сістэма льгот і гарантый для людзей з інваліднасцю. Васіль Лукашэвіч заклікаў прысутных выбраць у лідары раённай арганізацыі актыўных, дзелавых, неабыякавых людзей і гарантаваў ім падтрымку з боку Цэнтральнага праўлення ГА “БелТІ”.

Намер прадоўжыць плённае супрацоўніцтва з раённай арганізацыяй і аказанне дапамогі яе членам выказала дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык. Яна падкрэсліла, што ў аснове гэтага ўзаемадзеяння адна агульная і надзвычай важная справа – сацыяльная абарона ўразлівых катэгорый жыхароў Дзятлаўшчыны, якой і займаецца Цэнтр сацабслугоўвання.

На тым, што раённая ўлада і дэпутацкі корпус зацікаўлены ў павышэнні камфорту і якасці жыцця дзятлаўчан, акцэнтаваў увагу і Аляксандр Бараноўскі.   

Нарэшце прыспеў час для галасавання. Паколькі старшыня раённай арганізацыі ГА “БелТІ” Аксана Вырко заявіла самаадвод, то з залы прагучала некалькі прапановаў аб магчымых кандыдатах на ролю новага кіраўніка.

Пра аднаго з іх, псіхолага сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Ілью Касцюка, расказала загадчыца аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў Алена Калюцік. Адзначыла, што наш малады зямляк скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы, працуе па спецыяльнасці. Ён актыўны, ініцыятыўны, да таго ж у грамадска карыснай рабоце часта могуць спатрэбіцца яго прафесійныя ўменні і веды.

Кандыдатуру Ільі Сяргеевіча прысутныя падтрымалі аднагалосна, а затым прагаласавалі і за членаў рабочых органаў аб’яднання.

Ільі Касцюку пажадалі поспехаў і дасягненняў на пакуль што новай для яго ніве дзейнасці, паабяцалі падтрымку ў грамадска карысных справах. Новы лідар абмяняўся кантактамі, каб быць на сувязі з абласной і рэспубліканскай арганізацыямі ГА “БелТІ” і паспрыяць удзелу асаблівых дзятлаўчан у значных справах, падзеях і мерапрыемствах аб’яднання.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации