15 студзеня быў дадзены старт святочным мерапрыемствам, прысвечаным 85-гадоваму юбілею Дзятлаўскага раёна. З гэтай нагоды ў гісторыка-краязнаўчым музеі прайшла дыялогавая пляцоўка, якая сабрала разам некалькі пакаленняў дзятлаўчан.

Спікерамі мерапрыемства сталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі; галоўны заатэхнік КСУП “Хвінявічы”, “Чалавек года Гродзеншчыны-2020” Марыя Слушко; жыхар гарпасёлка Казлоўшчына, ветэран працы Уладзімір Грышук; дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурыла, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, член VII Усебеларускага народнага сходу Марына Нячай; першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Вядучая мерапрыемства – спецыяліст музея Вольга Цюшляева правяла экскурс у гісторыю раёна. 15 студзеня 1940 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у саставе Баранавіцкай вобласці з цэнтрам у гарадскім пасёлку Дзятлава быў утвораны Дзятлаўскі раён. 8 студзеня 1954 года наш раён быў уключаны ў састаў Гродзенскай вобласці. 25 снежня 1962 года яго ліквідавалі, а тэрыторыю ўключылі ў састаў Лідскага, Навагрудскага і Слонімскага раёнаў. 6 снежня 1965 года Дзятлаўскі раён быў адноўлены, у 1990-м – гарпасёлку Дзятлава прысвоены статус горада.

Аляксандр Бараноўскі звярнуўся да агульнавядомых і маладаследаваных фактаў жыцця раёна, узгадаў аб тым, чым можа ганарыцца кожны дзятлаўчанін:

– Наш Дзятлаўскі раён – часцінка вялікай цудоўнай краіны мае сваю гісторыю і традыцыі. Гонар раёна – прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, гісторыка-культурныя аб’екты, а галоўнае – людзі-працаўнікі, якія закладвалі аснову поспеху раёна і прадаўжаюць спрыяць яго развіццю. Мы ганарымся сваімі знакамітымі землякамі – акадэмікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандрам Лакоткам, Станіславам Грыбам, Міхаілам Нікіфаравым, мастаком, керамістам, скульптарам Мікалаем Несцярэўскім і многімі іншымі, – адзначыў ён.  – Мы захоўваем нашы адметнасці – помнікі гісторыі, археалогіі, культуры, з пакалення ў пакаленне перадаём памяць пра тых, хто змагаўся за нашу свабоду на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Аляксандр Станіслававіч нагадаў, што ўжо ў студзені кожны беларус будзе мець магчымасць выказаць любоў да свайго раёна, клопат аб будучыні краіны не толькі словамі, але справай: праявіць актыўную грамадзянскую пазіцыю і прыняць удзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Кожны чалавек павінен не проста жыць на зямлі, а быць руплівым гаспадаром – гэты гістарычны лозунг, актуальны і сёння, узгадала Марыя Слушко. Яна расказала пра гады работы ў сельскай гаспадарцы, успомніла, як у 90-я давялося “паднімаць” гэту сферу ў няпросты час. Марыя Сяргееўна заўважыла, што дзякуючы адданай працы людзей, з кожным годам сельгаспрадпрыемствы раёна павышаюць вытворчыя паказчыкі.

Уладзімір Грышук, які нарадзіўся, вырас на Дзятлаўшчыне, рэалізаваў сябе як добры работнік і палітычны дзеяч, расказаў, як за гэтыя гады расцвіла яго малая радзіма – гарпасёлак Казлоўшчына, дзе ў бліжэйшай будучыні завершацца работы згодна з маштабным інвестпраектам па добраўпарадкаванні.

Аб любові да прафесіі, сваёй зямлі і асабістым поспеху на Дзятлаўшчыне расказала Марына Нячай, аб рабоце з моладдзю, патрыятызме і валанцёрстве – Кацярына Хілімончык.

Работнікі музея запрасілі ўдзельнікаў сустрэчы наведаць новыя залы, прысвечаныя сучаснай гісторыі раёна, дзе гэтымі днямі праходзіць тэматычная фотавыстава “Дзятлаўшчына ў аб’ектыве”.

Намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка расказаў, што сёлета жыхароў і гасцей раёна чакае шмат цікавых юбілейных мерапрыемстваў:

– Сёння мы далі адлік урачыстасцям, прымеркаваным да 85-гадовага юбілею Дзятлаўскага раёна, яны прадоўжацца на працягу ўсяго года. Ужо 1 мая на свяце Міру і Працы мы будзем узгадваць яго слаўныя старонкі працоўнай гісторыі, ушаноўваць перадавікоў вытворчасці і ветэранаў працы. Юбілейнай датай будуць азнаменаваны і наш традыцыйны “Зецельскі фэст”, Дзень Незалежнасці, дзень вызвалення горада Дзятлава, які, згодна з новымі гістарычнымі даследаваннямі беларускіх навукоўцаў, сёлета адзначыць сваё 575-годдзе.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации