У Новаяльнянскім доме культуры адбылася ўрачыстасць-шанаванне, прымеркаваная да Дня сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.
Гасцямі мерапрыемства сталі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак, старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ігар Кухарэвіч, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.





Вядучыя канцэртнай праграмы – сакратар прыёмнай Валерыя Ласянкова і бухгалтар Вераніка Адамчык павіталі віноўнікаў урачыстасці – калектыў сельгаспрадпрыемства:
– Сёння ваш дзень, ваша свята, свята працавітых людзей, добрых і адказных, простых і мудрых. А мудрасць прыходзіць ад той зямлі, на якой вы працуеце. Шчыра віншуем вас з прафесійным святам!





Яны запрасілі да мікрафона дырэктара ААТ “Граніт-Агра” Уладзіміра Лашко:

– Паважаныя працаўнікі сяла, госці. Ад душы віншую вас з нашым святам – Днём сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Заканчваецца наш працоўны год, усе намечаныя планы мы выканалі, зрабілі гэта добра. За ўсімі дасягненнямі і поспехамі прадпрыемства стаіце вы – працаўнікі сельскай гаспадаркі. Наш агульны поспех – плён вашай працы ад раніцы да позняй ночы. Хачу пажадаць вам моцнага здароўя, міру, дабрабыту.





Са словамі віншавання да гранітаўцаў звярнуўся чалавек, які заўжды перажывае за поспехі сельскагаспадарчай галіны раёна, усімі сіламі і сродкамі падтрымлівае яе развіццё – старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Шаноўныя спецыялісты, работнікі ААТ “Граніт-Агра”! Адрасу вам самыя шчырыя віншаванні з адным з самых галоўных для нашай краіны святам. Ні для каго не сакрэт, што работа ў сельскай гаспадарцы і сельгасвытворчасць – справа складаная, яна ніколі не спыняецца, у любы час сутак і круглы год. Заўсёды прыемна адзначаць свята з важкімі вынікамі, і гэты год для вашага моцнага калектыву не стаў выключэннем. Атрымалі добры ўраджай збожжавых культур, выдатныя вынікі ў малочнай жывёлагадоўлі. План на год – надаіць 7600 кілаграмаў на карову, што дазволіць увайсці ў трыццатку мацнейшых раёнаў рэспублікі па надоях. Самы важкі ўклад у гэтым – ваш: па заканчэнні года па вашым прадпрыемстве чакаецца надой больш за 9 тысяч кілаграмаў на адну карову. Новая ферма “Еленка”, адкрытая не так даўно, дае станоўчую дынаміку развіцця гаспадаркі. За апошнія гады шмат зроблена для мадэрнізацыі сельгаспрадпрыемства, за гэта дзякуй мудраму і дальнабачнаму кіраўніцтву. Жадаю вашаму прадпрыемству фінансавага дабрабыту, каб было дастаткова сродкаў на абнаўленне, набыццё тэхнікі, новага абсталявання, каб адпавядаць запытам часу. Жадаю, каб кожны ваш дзень прыносіў радасць і задавальненне ад вынікаў сваёй працы. Міру вам, дабра, здароўя і ўсяго найлепшага.


Андрэй Уладзіміравіч уручыў памятныя падарункі кіраўніку арганізацыі Уладзіміру Лашко, старшыні наглядальнага савета, галоўнаму эканамісту Наталлі Барадзюк і галоўнаму бухгалтару Наталлі Сцяпура.



Да віншаванняў далучыўся Уладзімір Казак. Ён падзякаваў калектыву сельгаспрадпрыемства за любоў і адданасць сваёй справе, выніковую працу, уручыў прафсаюзныя ўзнагароды.


Цёплыя словы ў адрас работнікаў сяла выказаў Ігар Кухарэвіч.

Кацярына Хілімончык павіншавала і адзначыла ўзнагародамі маладых работнікаў гаспадаркі. Таксама яна падзякавала Уладзіміру Лашко за плённае супрацоўніцтва ў студатрадаўскім руху і ўручыла памятны падарунак.
Свята прадоўжылася цырымоніяй узнагароджання работнікаў калектыву: з рук дырэктара прадпрыемства работнікі кожнага з яго падраздзяленняў атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды разам з грашовымі прэміямі і словамі ўдзячнасці. Былі адзначаны механізатары, вадзіцелі, работнікі жывёлагадоўчых аб’ектаў, будаўнічай брыгады, інжынерная служба і адміністрацыя.



































Таксама ў гэты дзень работнікі сельгаспрадпрыемства прымалі віншаванні і падарункі ад прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Граніт-Агра”, іх уручыла калегам прафсаюзны лідар Людміла Адамчык.







Святочны настрой падтрымала феерычная канцэртная праграма ад вядомых артыстаў беларускай эстрады – спявачкі Вольгі Любавінай, саліста бойз-бэнда “Харызма” Сяргея Ішчука, саліста беларускай эстрады Руслана Рагалевіча і шоу-балета “Феерыя”.


Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#свята #нашалепшае #нашелучшее