Зіма – цяжкі час для птушак. Снег і мароз пазбаўляюць іх звыклых кармоў, і менавіта тады на дапамогу птушкам прыходзяць людзі.


У начальніка Дзятлаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрыя Балькоўскага і членаў школьнага лясніцтва “Лескам+” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы ўзнікла добрая ідэя: рэалізаваць праект “Птушыная сталовая”. Ініцыятыва была адобрана кіраўніцтвам райвыканкама і актыўна падтрымана навучэнцамі ўстановы і іх бацькамі. Навучэнцы дома зрабілі кармушкі і перадалі іх членам школьнага лясніцтва.


Сіламі лескомаўцаў зроблены стойкі і трымальнікі для кармушак. Атрымалася нават не проста сталовая для птушак, а невялікі птушыны гарадок у парку па вуліцы Міцкевіча ў Дзятлаве. Частка кармушак развешана на тэрыторыі школы.

Юныя лесаводы, дзеці і дарослыя паклапоцяцца аб тым, каб корм быў карысным: насенне сланечніка, збожжа, несалёнае сала, ягады рабіны і сушаныя яблыкі будуць напаўняць кармушкі ўсю зіму.


Прымаючы ўдзел у акцыі, мы не толькі ратуем птушак, але і клапоцімся пра навакольны свет. На першы погляд, невялікі ўчынак, а гэта ўжо – захаванне прыроды і проста ўрок дабрыні. Нас, членаў школьнага лясніцтва, і навучэнцаў установы радуе, што ў Год добраўпарадкавання мы змаглі зрабіць яшчэ адну добрую справу.


Самыя актыўныя і творчыя школьнікі і іх сем’і на ўрачыстай лінейцы па заканчэнні другой чвэрці будуць адзначаны падзякамі і салодкімі пачастункамі.

Задумка ўвасоблена ў жыццё дзякуючы зацікаўленасці навучэнцаў і педагогаў школы, падтрымцы Дзятлаўскага лясгаса і таварыства з абмежаванай адказнасцю “Чатыры Сонцы”.


Зарына МАКАРЧУК,
Павел БУШЧЫК,
юныя журналісты газеты “Перамога”, члены школьнага лясніцтва “Лескам+”, навучэнцы 10 класа сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава імя А. М. Чурылы
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае