Намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Лісковіч правёў прыём грамадзян у Дзятлаве.
На яго запісаліся чатыры чалавекі.
Жыхары раёна прыйшлі да Віктара Андрэевіча з пытаннямі, якія тычыліся правілаў пахавання памерлых на могілках горада Дзятлава, медыцынскага абслугоўвання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, размеркавання працоўнай нагрузкі, сацыяльнай падтрымкі насельніцтва.
Кожнага заяўніка Віктар Лісковіч уважліва выслухаў, пастараўся ўнікнуць у сутнасць выказаных праблем. Каб разабрацца ў сітуацыях дэталёва, намеснік старшыні аблвыканкама паралельна вёў размову са спецыялістамі адказных службаў, якія таксама былі запрошаны ў кабінет. Адпаведным структурам даваліся пэўныя даручэнні.
Першай на прыём прыйшла жыхарка райцэнтра. Жанчыну-пенсіянерку хвалявала невыкананне правілаў пахавання памерлых на могілках горада Дзятлава. Заяўніца неаднаразова звярталася са сваім пытаннем у розныя інстанцыі. Узнікла яе праблема з-за бетоннай канструкцыі, падобнай на сцяну, якую ўзвялі “суседзі” па ўчастку, дзе пахаваны муж грамадзянкі. Адпаведна заканадаўству аб правілах пахавання, парушэнні маюцца і ў яе, і ў суседзяў па могілках, таму спрэчка не вырашана, бакі не прыйшлі да згоды. Выслухаўшы дзятлаўчанку, Віктар Андрэевіч зазначыў, што могілкі – месца святое, яно не церпіць мітусні, таму паабяцаў заручыцца падтрымкай у пошуку рашэння інспектара па Гродзенскай вобласці Івана Лаўрыновіча і старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоля Дарожкі.
Гэту ж заяўніцу хвалявала праблема медыцынскага абслугоўвання ў раёне. Жанчына лечыцца ад цяжкага захворвання, якое было выяўлена пасля праходжання ёю дыягностыкі на платнай аснове. Віктар Андрэевіч паабяцаў дапамогу і ў гэтым пытанні.
Яшчэ адну жыхарку райцэнтра – пенсіянерку-інваліда, якая жыве адна ў прыватным сектары, хвалявала праблема падключэння вады. Праходзіць капітальны рамонт вуліцы, мяняюцца старыя камунікацыі, таму жанчыне прапанавалі зрабіць новую ўрэзку. Пазней з гэтай урэзкай узнікла праблема, якая ўжо вырашана, запазычанасцяў за пракладку водаправода няма.
Хвалявала заяўніцу і пытанне скошвання травы летам у прыватным сектары. Гэта паслуга платная, абкошвацца неабходна 3-4 разы ў сезон. Для пенсіянера “набягае” пэўная сума.
Віктар Лісковіч згодны, што падобныя сітуацыі пры навядзенні парадку на зямлі не адзінкавыя ў вобласці, значыць, прыспеў час задумацца над іх вырашэннем. У гэтым кірунку актыўнасць варта праявіць сацыяльным службам.
Зноў пра медыцынскае абслугоўванне вяла гаворку трэцяя заяўніца. У яе баліць сустаў, канчатковае рашэнне аб далейшым лячэнні пакуль не прынята. Віктар Лісковіч паабяцаў дапамогу і садзейнічанне мясцовых службаў.
Напрыканцы сваё пытанне задала настаўніца, якая перайшла на новае месца работы ў іншую школу, але на пачатку навучальнага года засталася мала запатрабаванай. Жанчыне паабяцалі пераразмеркаваць працоўную нагрузку і выдзеліць больш гадзін.
Падводзячы вынікі прыёму, намеснік старшыні аблвыканкама зазначыў, што на Дзятлаўшчыне ёсць пытанні, на якія варта скіраваць пільную ўвагу. Напрыклад, пазбегнуць праблем на могілках у наш час дапамагае электронны ўлік выдзеленых пад пахаванне ўчасткаў. Увогуле ж, спецыялістам розных сфераў варта ўмець выслухоўваць людзей, засяроджваць увагу не на эмоцыях, а на канкрэтных фактах, бо менавіта яны падказваюць далейшае вырашэнне пытання.
Пасля пасяджэння Віктар Лісковіч выехаў на дзятлаўскія могілкі і наведаў цэнтральную раённую бальніцу, каб больш дэталёва разабрацца ў агучаных сітуацыях на месцы.
Ірына СТЫРНІК
Работа інтэрактыўных пляцовак дзясятага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” завяршылася цырымоніяй узнагароджання. Па рашэнні кіраўніцтва…
Пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі запрасіў гасцей раёна…
Шматлюдна, весела, актыўна на пляцоўцы “Турыстычная”. Як заўсёды, там сабраліся любіцелі паходаў, начовак у палатцы,…
Дзясяты адкрыты фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” запрасіў сёння на спартыўную пляцоўку тых, хто сябруе…
На “Зецельскім фэсце” працавалі адразу некалькі інтэрактыўных пляцовак на любы густ. Сапраўднай сенсацыяй фестывалю стаў…
30 мая ў рамках дзясятага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” горад Дзятлава ператварыўся ў сапраўдную…