Тыдзень спорту і здароўя на Дзятлаўшчыне адзначыўся адкрыццём у Гезгалаўскай сярэдняй школе імя М. І. Нядзеліна новай шматфункцыянальнай спартыўнай пляцоўкі, пабудаванай у рамках рэалізацыі маштабнага рэспубліканскага сацыяльнага праекта “Спорт для ўсіх”, ініцыяванага Прэзідэнцкім спартыўным клубам. Абсталяванне для заняткаў фізкультурай і спортам прадаставіў клуб, будаўніцтва пляцоўкі для яго размяшчэння было прафінансавана з раённага бюджэту.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным адкрыццю пляцоўкі прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, прадстаўнікі аддзела адукацыі райвыканкама, навучэнцы і педагагічны калектыў Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна, госць Дзятлаўшчыны – начальнік упраўлення спорту Гродзенскага аблвыканкама Максім Малахоўскі.

Удзельнікаў мерапрыемства павітаў дырэктар навучальнай установы Эдуард Ненартовіч:

– Адкрыццё сучаснай спартыўнай пляцоўкі на базе нашай школы – гэта рэальны вынік палітыкі нашай дзяржавы ў галіне фізкультуры, спорту і здаровага ладу жыцця. Ад усіх нас дзякую Міністэрству спорту, Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу, кіраўніцтву раёна, усім, з чыёй падтрымкай адбылося сённяшняе свята. Спартыўная пляцоўка стане добрай матывацыяй для аграгарадкоўцаў у падтрыманні свайго здароўя, пакліча іх разам бавіць вольны час з карысцю для здароўя.

Андрэй Садоўскі павіншаваў школьнікаў і педагогаў, а таксама ўсіх дзятлаўчан з важнай для нашага раёна падзеяй:

– Восень багатая на адкрыццё сацыяльных аб’ектаў, у тым ліку спартыўных. Сёлета мы ўжо ўвялі ў строй пасля рамонту міні-футбольную пляцоўку, наперадзе – запуск стадыёна “Колас” у Дзятлаве, дзе вядуцца рамонтныя работы, а таксама – фізкультурна-аздараўленчага комплексу з басейнам. Упэўнены, што аб’ект, які мы сёння ўрачыста адкрываем, таксама будзе карыстацца папулярнасцю, стане кропкай прыцягнення для жыхароў аграгарадка ўсіх узростаў. Старэйшае пакаленне некалі толькі марыла аб такіх умовах для заняткаў спортам, сёння дзеці і моладзь атрымліваюць для гэтага ўсе магчымасці. Цаніце іх і выкарыстоўвайце для развіцця і новых спартыўных дасягненняў. Дзякуючы Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу і Гродзенскаму аблвыканкаму, на Дзятлаўшчыне з’явілася чацвёртая такая пляцоўка, і кожная з іх стала цэнтрам спартыўнага і сацыяльна-культурнага жыцця дзяцей, моладзі і дарослага насельніцтва.

– Дарагія дзеці, сёння мы адкрываем гэты аб’ект найперш для вас, каб вы маглі збірацца, займацца спортам, фізічнай культурай. Не забывайце пра сваіх бацькоў, бабуляў і дзядуляў, таксама прыводзьце іх сюды, каб і яны вялі актыўны лад жыцця. Вы – наша будучыня, і мы робім усё магчымае, каб у вас былі сучасныя ўмовы для развіцця, – адзначыў Максім Малахоўскі. – Хацелася б, каб усе гэтыя турнікі і трэнажоры пастаянна выкарыстоўваліся па прызначэнні і прыносілі вам карысць, загартоўвалі. Сёння Сцяг Рэспублікі Беларусь паднімалі навучэнцы школы – пераможцы і прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў, і мы разам з адміністрацыяй школы і кіраўніцтвам раёна ганарымся іх поспехамі. Жадаю не спыняцца на дасягнутым, любіць фізічную актыўнасць і не забываць добра вучыцца, каб у будучым праслаўляць свой раён і родную краіну.  

Перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку і тым самым далі старт рабоце спартыўнай пляцоўкі Андрэй Садоўскі, Вадзім Малахоўскі, Эдуард Ненартовіч.

Расказаў моладзі аб загартоўцы душы і цела, блаславіў на добрую работу і асвяціў новы аб’ект настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы протаіерэй Мікалай Орса.

Госці пакінулі свае подпісы на баскетбольным мячы, які зойме пачэснае месца ў экспазіцыі школы.

Права першым закінуць мяч у баскетбольнае кальцо прадаставілі кіраўніку раёна Андрэю Садоўскаму.

Навучэнцы школы, якія захапляюцца спортам і прадстаўляюць наш раён у розных спартыўных дысцыплінах, паабяцалі, што будуць актыўна выкарыстоўваць пляцоўку і запрашаць сюды блізкіх. Фінальным акордам спартыўнага свята стаў яркі флэшмоб у іх выкананні.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации