Любы твор мастацтва па-свойму зачароўвае, яму нададзены ўнікальныя і непаўторныя рысы.
Кожны з нас знаходзіць у ім нешта адметнае, інтэрпрэтуе ў залежнасці ад свайго светапогляду, жыццёвага вопыту і густу. Мастацтва вечнае, бо яно пастаянна дапаўняецца сучаснымі творамі. Таленавітыя людзі працягваюць ствараць прыгожае і праз свае творчыя работы прыўносяць у наша жыццё і навакольны свет штосьці незвычайнае, цікавае і запамінальнае.
На Дзятлаўшчыне далучыцца да мастацтва новага тысячагоддзя можна ў мясцовым дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі. Зараз там працуе мастацкая міні-галерэя, на якой прадстаўлены карціны і керамічныя скульптуры сучасных творцаў. Наведванне гэтай экспазіцыі з’яўляецца неад’емнай часткай экскурсійнай праграмы. У асноўным на міні-галерэі можна ўбачыць работы нашых землякоў. Адзін з іх беларускі мастак, кераміст і скульптар Мікалай Несцярэўскі. Нарадзіўся ён пад Беластокам у вёсцы Бацюты. Пасля Вялікай Айчыннай вайны пераехаў у Дзятлава. У мясцовым Доме культуры кіраваў духавым аркестрам, быў удзельнікам танцавальнага гуртка. Працаваў настаўнікам малявання і чарчэння ў школе. Стварыў цэлую серыю “пятрушачных” лялек для тэатра, які дзейнічаў пры Доме піянераў. Мікалай Лаўрэнцьевіч з’яўляецца аўтарам усёй керамікі, прадстаўленай на экспазіцыі – бюстаў Канстанціна Астрожскага і Міндоўга, настольных і напольных вазаў, чайнікаў, дэкаратыўных вырабаў: кампазіцыі “Купалы”, скульптур “Муза”, “Спявачкі”, “Прадзільшчыца”, “Лявоніха”, “Сіняя птушка”, “Леў”, “Зубр”, “Баран”, “Дзед з унукам”, “Каваль”, “Жняя”, пластыкі “След на падушцы”. Творы майстра выкананы ў тэхніцы тэракота і шамот, некаторыя работы пакрыты глазурай. Выдатны дзеяч культуры праславіўся не толькі ўменнем ствараць керамічныя шэдэўры, але і адменным валоданнем пэндзля: у мастака вялікая колькасць палотнаў. У міні-галерэі знаходзіцца толькі іх малая частка: копія карціны “Двор у Нагародавічах” Вікенція Дмахоўскага, які жыў і тварыў у Зецеле яшчэ ў 19 стагоддзі, “Палац Сапегаў” (Палац Радзівілаў у Дзятлаве), нацюрморты “Півоні” і “Махровы бэз”. На палатне “Успаміны” намаляваны прадметы побыту: кубак, самавар, гадзіннік – яны візуальна ствараюць хатнюю ўтульнасць і перадаюць атмасферу мінулых гадоў. Каля 350 работ мастака-кераміста захоўваюцца ў фондах музея.
Разам з тым, на міні-галерэі ёсць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з выяўленчай творчасцю яшчэ адных нашых землякоў: Івана і Юрыя Козелаў. На карціне “Дзятлаўская старонка” намаляваны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Адразу кідаюцца ў вочы адкрытыя дзверы і агеньчык, які не гасне і ветліва “запрашае” ў госці, справа ад касцёла – фрагмент забудовы з мураванымі яўрэйскімі дамамі рамеснікаў. У ліку работ мастакоў таксама царква святых Пятра і Паўла, размешчаная ў аграгарадку Вензавец; вёска Погіры: месца, дзе нарадзіўся вядомы беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч Ігнат Дварчанін; сядзіба “Жыбартоўшчына” – сямейны маёнтак выдатнага вучонага, геолага, этнографа, географа, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі.
На мастацкай экспазіцыі таксама прадстаўлена работа Вікенція Ражко, які працуе ў тэхніцы акварэлі. Яго рэалістычная карціна “Пара летніх навальніц” адлюстроўвае прыгажосць прыроды. Карціна ўяўляе разнастайнасць каляровых адценняў – ад светла-жоўтага колеру, да сіне-бардовай каляровай палітры. Дзякуючы гэтаму мастацкаму прыёму ствараецца адчуванне надыходзячай навальніцы.
Гледзячы на карціну мінскага мастака-жывапісца Алеся Квяткоўскага, з заміраннем сэрца можна любавацца краявідамі вёскі Гузні.
Са слоў галоўнага захавальніка фондаў музея Ірыны Якаўчык, тыя, хто ўжо наведаў мастацкую міні-галерэю, адзначаюць, што карціна Мікалая Несцярэўскага “Махровы бэз” вельмі прыцягвае да сябе. Кажуць, што майскі букет, які намаляваны на палатне, як жывы, так і хочацца ўзяць у рукі. Таксама наведвальнікі ў захапленні ад керамічных скульптур: палёт творчай думкі ў спалучэнні з умелымі рукамі проста зачароўваюць.
Вывад просты: хто яшчэ не бачыў новую экспазіцыю, абавязкова прыходзьце паглядзець і далучайцеся да прыгожага.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
Дзясяты адкрыты фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” запрасіў сёння на спартыўную пляцоўку тых, хто сябруе…
На “Зецельскім фэсце” працавалі адразу некалькі інтэрактыўных пляцовак на любы густ. Сапраўднай сенсацыяй фестывалю стаў…
30 мая ў рамках дзясятага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” горад Дзятлава ператварыўся ў сапраўдную…
Урачыста, прыгожа, з цудоўным настроем пачалося свята сямейнага адпачынку "Зецельскі фэст" ў Дзятлаве. Пад гукі…
На Зецельскім фэсце гуляе народ,На плошчы вясёлы вядзе карагод,Танцуе, спявае і славіць сям’ю,А хтосьці газеце…
Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…