Калі я была студэнткай, у вольны ад вучобы час старалася падпрацоўваць. Атрымлівала стыпендыю, таксама фінансавую дапамогу аказвалі бацькі. Грошы траціла не вельмі беражліва, бо іх хапала амаль на ўсё. Але ў апошні месяц вучобы стала цікава, ці магчыма ў Мінску пражыць толькі на стыпендыю? Мая стыпендыя — 87 рублёў (павысіла з мінімальнай, добра здаўшы сесію).
Калі вырашыла правесці эксперымент, адразу вельмі засумнявалася, што ён удасца. Не ведала нават, з чаго пачаць. Перш за ўсё, вырашыла аплаціць «абавязковыя расходы». За інтэрнат — 25 рублёў, за інтэрнэт — 5, за мабільную сувязь — 8,5. Абавязкова трэба было паклапаціцца аб праязным білеце. Да месца вучобы і працы мне можна было дабрацца на метро, таму праязны вырашыла ўзяць толькі на адзін від транспарту, кошт — 24 рублі. Атрымалася, што больш за палову стыпендыі ўжо патраціла.
На 30 дзён у мяне засталося 24,5 рублі. Падзяліць гэту суму на кожны дзень было нелагічна, таму што за астатнія капейкі можна купіць хіба што маленькую бутэльку вады. Я рабіла пакупкі па меры неабходнасці ў магазінах, дзе былі зніжкі на патрэбныя мне тавары. Пашанцавала ў тым, што да пачатку эксперыменту ў мяне засталася ўпакоўка аўсяных шматкоў. Снедала кашай, а да яе дабаўляла яблыкі, якія каштуюць нядорага.
Абеды і вячэры? Выратоўвалі бацькі, перадаючы мне пакеты з хатняй ежай праз вадзіцеляў міжгародніх маршрутак і аўтобусаў. Дзякуючы гэтаму, на прадукты шмат траціць не прыйшлося. Ва ўніверсітэце купляла самыя танныя вафлі і чай, калі было шмат заняткаў. Часам купляла ў магазіне тварог, кефір, крыху разынак і рабіла «ссабойку».
За ўвесь час эксперыменту я патраціла на прадукты каля 17 рублёў. Ніколі я так пільна не звярала чэкі і ніколі так не прытрымлівалася правіла «капейка рубель беражэ». Апошнія 7,5 рубля патраціла на гігіенічныя рэчы. Мне нават удалося знайсці любімы шампунь для валасоў з вялікай зніжкай. Для гэтага, праўда, прыйшлося ехаць на другі канец горада.
У апошні дзень эксперыменту было нерэальнае адчуванне: хацелася на наступны ж дзень усе адкладзеныя кішэнныя грошы патраціць на якое-небудзь глупства. Лічы, так я і зрабіла.
Эксперымент удаўся, хоць было няпроста. Вынік: пражыць на стыпендыю рэальна, але толькі пры наяўнасці запасаў ежы і клопаце бацькоў. А добрыя адзнакі за экзамены, аказваецца, таксама могуць стаць выратавальным кругам і трохі пашырыць спіс расходаў.
Цікава, як «выкручваюцца» студэнты-дзятлаўчане і якой бы сумы ім хапіла на месяц?
Сяргей Губар, студэнт 2 курса ГрДУ імя Янкі Купалы:
— Мая стыпендыя — 62 рублі. Я стараста групы, за гэта атрымліваю дадаткова 9 рублёў і іх аддаю за аплату інтэрната. Каля 5 рублёў у месяц плачу за інтэрнэт. У мяне 2 сім-карты, на мабільную сувязь аддаю ў сярэднім 30 рублёў. На вучобу хаджу пешшу, за паездкі на грамадскім транспарце аддаю каля 3-х рублёў у тыдзень.
Думаю, што грошай, якія застаюцца, хапіла б на два тыдні, купляючы толькі самае неабходнае і не дазваляючы сабе нічога лішняга. Эканоміць бы даводзілася на ўсім.
Я прыязджаю дадому 2 разы ў месяц, і бацькі падтрымліваюць мяне фінансамі і прадуктамі. Калі абысціся без дапамогі, то 120-150 рублёў было б дастаткова на самае неабходнае для студэнта.
Ксенія Максімчык, студэнтка 1 курса ГрДУ імя Янкі Купалы:
— Ва ўніверсітэт я паступіла пасля заканчэння Гродзенскага гандлёвага каледжа. У каледжы я атрымлівала 45 рублёў стыпендыі, расцягнуць гэтыя грошы на месяц немагчыма. Таму пры паступленні ў ВНУ я абрала завочнае аддзяленне, каб самастойна працаваць і не звяртацца да бацькоў па дапамогу. Думаю, непрацуючаму студэнту хапіла б каля 150 рублёў у месяц.
Вадзім Каско, студэнт 2 курса БДЭУ:
— Маю стыпендыю ў 72 рублі можна патраціць толькі на праязны білет, дзве паездкі дадому, а астатніх грошай ледзь хапае на тое, каб схадзіць куды-небудзь з сябрамі. Я жыву ў інтэрнаце, наймаць жыллё не трэба — у гэтым плюс. Лічу, што сучаснаму студэнту нерэальна пражыць месяц толькі на стыпендыю, тым больш у сталіцы. Фінансавую дапамогу мне аказваюць бацькі. Мне б хапіла 150 рублёў стыпендыі.
Вераніка Жых, студэнтка 4 курса ГрДМУ:
— Я вучуся на платным аддзяленні і стыпендыю не атрымліваю. Грошы мне высылаюць бацькі. У мінулым годзе я спрабавала падпрацоўваць афіцыянткай, але гэта цяжка сумяшчаць з вучобай. Месца ў інтэрнаце мне не далі, цяпер жыву ў сваякоў, таму што бацькам складана аплачваць мне асобнае жыллё. У месяц я трачу няшмат. На асабістыя патрэбы — купіць праязны, аплаціць інтэрнэт, пагуляць з сябрамі — мне хапае рублёў 60-80, але гэта толькі таму, што жыву з роднымі.
Ілья Скібінскі, студэнт 2 курса БДУІР:
— Кожны месяц атрымліваю 68 рублёў. Іх мне хапае толькі на тое, каб аплаціць інтэрнат, купіць праязны і адзін раз схадзіць у магазін. Ва ўсім дапамагаюць бацькі, але дадому езджу толькі раз у месяц.
Думаю, на стыпендыю можна пражыць, калі выдатна вучыцца і павышаць суму. На тыя грошы, якія я атрымліваю, рэальна жыць, калі ва ўніверсітэт дабірацца пешшу і атрымліваць дапамогу ад бацькоў. Без дапамогі не абысціся, калі не хочаш харчавацца толькі аўсянкай.
Вольга Скіба, студэнтка 2 курса БДЭУ:
— Атрымліваю штомесяц 76 рублёў. Жыву ў інтэрнаце, і за гэта плачу 30 рублёў. Нямала грошай трачу на праезд па Мінску. Як і многім студэнтам, мне часта даводзіцца рыхтаваць рэфераты, курсавыя — гэта ўсё трэба раздрукоўваць за грошы. Для сябе практычна нічога не застаецца. Без дапамогі бацькоў не абысціся. Калі б студэнтам плацілі рублёў 200, то можна было б жыць самастойна.
Юлія БАКУНОВІЧ
Дзясяты адкрыты фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” запрасіў сёння на спартыўную пляцоўку тых, хто сябруе…
На “Зецельскім фэсце” працавалі адразу некалькі інтэрактыўных пляцовак на любы густ. Сапраўднай сенсацыяй фестывалю стаў…
30 мая ў рамках дзясятага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” горад Дзятлава ператварыўся ў сапраўдную…
Урачыста, прыгожа, з цудоўным настроем пачалося свята сямейнага адпачынку "Зецельскі фэст" ў Дзятлаве. Пад гукі…
На Зецельскім фэсце гуляе народ,На плошчы вясёлы вядзе карагод,Танцуе, спявае і славіць сям’ю,А хтосьці газеце…
Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…
View Comments
Молодежь хоть и пытается казаться самостоятельной , но без помощи родителей никуда, хорошо что вы это хоть понимаете , цените ! Но и работу студенту не так просто найти что бы не было ущерба в учёбе , совмещать не реально ! У меня две дочки студентки , одна в Минске , другая в Гродно и не получается найти работу , в университетах требуют посещаемость и работодатели хотят полный рабочий день
Автор , если не секрет где вы подрабатывали , какую подработку найти девочкам студенткам в Минске и в Гродно ? Мальчикам проще , грузчиком можно например