У дзень памяці святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай, які сёлета адзначаўся 8 лютага, у саборы горада Дзятлава, што носіць назву ў гонар гэтых святых, на сумесную малітву сабраліся прыхаджане і госці райцэнтра, да іх далучыліся старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і яго намеснік Вадзім Бялятка.

Святочную літургію для вернікаў служылі благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель, клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай іерэй Аляксей Сцепановіч, благачынны цэркваў Карэліцкай акругі іерэй Ігар Пірог, клірык Слонімскага благачыння іерэй Аляксандр Грак, дыякан Святаўспенскага Жыровіцкага манастыра Яўгеній Васілеўскі.

У гонар памяці святых навамучанікаў прысутныя таксама ажыццявілі хрэсны ход і каля памятнай дошкі ў гонар мучаніка епіскапа Феафана Семянякі ўчынілі аб ім сумесную заўпакойную ліцію.

– Сёння сапраўды вялікая ўрачыстасць, бо яна адбываецца ў гонар тых, хто шанаваў веру вышэй за сваё жыцце, хто ўчыніў пакутніцкі подзвіг, – гэта святыя навамучанікі і спаведнікі Царквы Рускай, – звярнуўся з пропаведдзю да прысутных святар Іаан Кісель. – Яны прыклад таго, як дзеля выратавання чалавек можа змяніцца да лепшага, “узяць крыж свой і пайсці за Ісусам Хрыстом” на пакуты і смерць. Да рускіх навамучанікаў мы адносім тых, хто за веру быў закатаваны пасля кастрычніка 1917 года. Цяжка пералічыць усіх пацярпелых за веру. Толькі святароў да рэвалюцыі налічвалася 150 тысяч, а ў 1939 годзе іх засталося 20 тысяч.

На Дзятлаўшчыне таксама ёсць свае навамучанікі і спаведнікі. Гэта святы Уладзімір Гезгальскі, які быў расстраляны за веру. Штогод дзень яго памяці адзначаецца 12 лютага, а ў папраўчай калоніі-пасяленні № 26 аграгарадка Гезгалы дзейнічае храм у яго гонар. Яшчэ гэта ураджэнец Дзятлава – епіскап Феафан Семяняка, які таксама пацярпеў за Хрыста і расстраляны ў 1937 годзе. Зусім нядаўна стала вядома, што ў вёсцы Войневічы адзін год служыў святар, у якога там нарадзіўся сын Леанід Серабранікаў, які з бацькам паехаў у Расію. Там хлопчык вырас, прыняў святарскі сан, а 7 студзеня, пасля елкі ў гонар Нараджэння Хрыстова, яго схапілі ганіцелі веры, замучалі і ўтапілі ў палонцы. Яго таксама Царква далучыла да ліку святых, а памяць ушаноўваецца ў дзень смерці 7 студзеня.

Будзем і мы маліць святых, асабліва дзятлаўскай зямлі, каб Гасподзь баславіў мірам Айчыну нашу, сем’і і дамы, каб мы годна жылі пад мірным небам і імкнуліся да ўратавання душы. Са святам!

– Сабор у Дзятлаве пабудаваны ў гонар святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай, і гэта мае асаблівае значэнне, – павітаў удзельнікаў свята Андрэй Садоўскі. – Перад намі лепшыя прыклады тысяч святароў і людзей, якія жылі годна і прынялі пакутніцкую смерць за веру. Нягледзячы на забароны і ганенні, вера і малітва перадаваліся ад пакалення да пакалення і захаваліся да нашага часу. Вось і сёння, прыйшоўшы на гэта свята, я адчуў мір у душы, натхненне, спакой, безумоўна, сіла сумеснай малітвы сапраўды вялікая. Усім жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, удачы ў справах зямных.

Іерэй Іаан Кісель расказаў, што сёлета ў свет выйшла кніга “Навамучанікі і спаведнікі зямлі Беларускай”, дзе апісана жыццё і подзвіг усіх беларускіх святых. З добрымі пажаданнямі ён уручыў асобнік кнігі кіраўніку раёна.  

У час свята айцец Іаан правёў асаблівы чын увядзення ў састаў сястрынства у гонар прападобнай Ксеніі блажэннай Пецярбургскай, якое дзейнічае пры храме, дзвюх прыхаджанак – Ксеніі і Валянціны, пажадаў ім старанняў у служэнні Богу, бліжнім і іншых справах дзеля выратавання душы.

Напрыканцы благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі запрасіў удзельнікаў свята да сумеснай трапезы на падворку храма, дзе былі прыгатаваны гарачая каша, чай з самавара і сладасці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации