Перадсвяточныя дні – цудоўная нагода для прыемных сустрэч і добрых спраў, якія пакідаюць станоўчыя ўражанні і ўспаміны.

У рамках дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы – дзецям” Дзятлаўшчыну ў чарговы раз наведалі старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Іван Язэпчык і загадчыца аддзела арганізацыйнай і грамадскай работы Вольга Прахніцкая, а ў Дзятлаве да іх далучылася старшыня раённай галіновай прафсаюзнай арганізацыі Святлана Залучан.

З Дзедам Марозам і Снягурачкай – работнікамі культуры нашага раёна – прафсаюзныя актывісты завіталі ў сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава. Вясёлыя карагоды, навагоднія вершы і добрыя пажаданні нікога не пакінулі раўнадушнымі.

Аднак самым казачным і доўгачаканым стаў момант уручэння падарункаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі салодкія сюрпрызы ад прафсаюзных арганізацый, а дырэктару сацыяльна-педагагічнага цэнтра Кацярыне Ляўкевіч былі ўручаны грашовыя сертыфікаты для папаўнення матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы.

У сваю чаргу педагогі і выхаванцы цэнтра падрыхтавалі для гасцей прыгожыя дэкаратыўныя ялінкі і пажадалі, каб у іх працоўныя кабінеты таксама завітала свята.

– Дабрачынная акцыя “Прафсаюзы – дзецям” у гэтыя дні праходзіць па ўсёй рэспубліцы, – расказаў Іван Язэпчык. – Ніхто не застанецца без прыемных сюрпрызаў ад прафсаюза. Другі год запар у рамках мерапрыемства з падарункамі наведваю сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава і магу з упэўненасцю сказаць, што няма большай радасці, чым бачыць добры настрой і ўсмешкі дзяцей.

На развітанне госці і дзятлаўчане абмяняліся прыемнымі пажаданнямі: каб Новы год прынёс усім здароўе, мір, дабрабыт і пазітыўныя змены ў жыцці.

Ірына СТЫРНІК       

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #нашидети

About Author
administrator
View All Articles
Следующая новость

Похожие публикации