Гэта краіна незабыўнай старонкай увайшла ў жыцці многіх салдат і афіцэраў, якія выконвалі свой воінскі абавязак далёка ад Радзімы. Аднак не ўсе ведаюць, што побач з адважнымі мужчынамі выпрабаванне Афганістанам прайшлі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Адна з іх – наша зямлячка, жыхарка аграгарадка Дварэц Маргарыта Жылінская, якая працавала там поварам у адной з вайсковых часцей. 

Год, які жанчына правяла ў спякотным Кабуле, адгукаецца ў яе сэрцы не болем страты, а часам цікавага працоўнага вопыту ў новым калектыве, прыемных знаёмстваў і лёсавызначальнай  сустрэчы з будучым мужам, з якім ідуць па жыцці разам ужо больш за сорак гадоў.

Маргарыта Сяргееўна адправілася працаваць у Афганістан вольнанаёмным поварам разам з абмежаваным кантынгентам савецкіх войскаў. Яна расказала, як гэта было:

– Я нарадзілася ў горадзе Белазёрску Валагодскай вобласці, пасля васьмі класаў школы атрымала спецыяльнасць повара ў гандлёвым тэхнікуме ў Чарапаўцы. Прадаўжаць адукацыю не стала, бо трэба было працаваць, дапамагаць сям’і. На адпрацоўку нас адправілі ў трэст сталовых і рэстаранаў: разам з сяброўкай мы жылі ў інтэрнаце ў адным пакоі і працавалі ў сталовай пры заводзе па зменах.

Праз два гады дзяўчаты атрымалі прапанову, якая іх зацікавіла: ваенны камісарыят падаў заяўку ў трэст аб накіраванні повараў на работу ў воінскія часці.

– Калі паехалі на сумоўе ў ваенкамат, нават не думалі, што адправімся ў Афганістан. Прайшлі сур’ёзную праверку, атрымалі характарыстыкі, – успамінае жанчына. – А калі прыйшоў час выбіраць месца працы, нам паведамілі, што адзін повар патрэбен у Румынію, адзін – у Чэхаславакію, адзін – у Польшчу і два – у Афганістан. Мы выбралі апошняе, каб патрапіць туды разам.

Гэта быў 1983 год, калі ні для каго не было сакрэтам, якой няпростай і небяспечнай можа быць служба на афганскай тэрыторыі, усе чулі і пра “груз 200”, у якім вяртаюцца дадому салдаты. Аднак у прыняцці выніковага рашэння перамаглі маладосць, жаданне пераменаў і вялікая вера ў лепшае 19-гадовых работніц. Іх чаканні ў многім апраўдаліся, за выключэннем таго, што ў Кабуле шляхі дзяўчат разышліся: Маргарыта Жылінская адправілася ў правінцыю Шынданд, а сяброўка – у Баграм.

Нашай зямлячцы пашанцавала ўладкавацца на работу ў элітны рэактыўна-артылерыйскі полк. Тут былі камфортныя ўмовы для работы, пражывання і баўлення вольнага часу, якія можна было мець у чужой краіне: дзейнічалі дзве сталовыя – для афіцэраў і радавога саставу, усе жылі ў модулях з кандыцыянерамі, з-за спёкі працавалі тры разы на дзень па дзве гадзіны.

– Нас было там дзесяць жанчын – повары, афіцыянты, работніцы штаба і бібліятэкі. Калегі, старэйшыя за мяне, прыехалі сюды зарабіць, а мы, маладыя, больш па рамантыку і новыя ўражанні, – расказвае яна. – На тэрыторыі палка жыццё ішло сваёй спакойнай чаргой, але ўсе мы разумелі, што тут размяшчаюцца ваеннаслужачыя, а зусім побач ідзе вайна. Аб гэтым нагадвалі гукі выстралаў і ўспышкі, якія па начах асвячалі неба.

Афганістан – гэта паўсядзённая работа ў нязвыклым месцы, дзе нават вечарам 60 градусаў гарачыні, паўсюль – горы, каля падножжа якіх вясной усё ўсыпана чырвонымі цюльпанамі. Дзе з правізіі пераважна крупы і кансервы (іншыя прадукты не захоўваюцца ў мясцовым клімаце), а ў магазін можна выехаць толькі на УАЗе або БТРы.  

– Былі цікавыя запамінальныя моманты, напрыклад, калі 8 Сакавіка наш полк запрасілі да сябе афганскія ваеннаслужачыя з Шынданда. Частавалі смачным пловам, шашлыкамі, нават спецыяльна для нас знайшлі алюмініевыя відэльцы, хоць самі елі рукамі; дзеці падрыхтавалі выступленні ў мясцовым Доме культуры. Да нас у распалажэнне таксама час ад часу прыязджалі з канцэртамі вядомыя артысты Савецкага Саюза, такія як Эдзіта П’еха.  

Там, у далёкім Афганістане, у сталовай, дзе працавала Маргарыта, яна сустрэла свайго абранніка Аляксандра Жылінскага, з якім у хуткім часе пажаніліся.

– Мы атрымалі візу ад камандзіра палка, адправіліся ў самую паўднёвую кропку былога СССР – горад Кушка Туркменскай вобласці, дзе заключылі шлюб. Вярнуліся і адсвяткавалі гэту падзею разам з саслужыўцамі мужа і маімі калегамі. Як цяпер помню, у якасці святочнага пачастунка купілі тады каўбасы і хлеба, – узгадвае жанчына прыемныя моманты сямейнай біяграфіі.

Ужо ў чэрвені 1984 года прамым грузавым рэйсам да Ташкента, а затым у Беларусь вярталася сям’я Жылінскіх. Разам прыбылі на радзіму мужа ў Цяцейкі. Праз некаторы час сям’я пераехала ў Дварэц, атрымала месца ў інтэрнаце. Аляксандр Анатольевіч уладкаваўся на Дварэцкі льнозавод, дзе прайшоў свой доўгі працоўны шлях, Маргарыта Сяргееўна з 1990 года да выхаду на заслужаны адпачынак з’яўлялася загадчыцай магазіна спажывецкай кааперацыі ў аграгарадку.

У 1988 годзе сям’я пераехала ў сваю кватэру, дзе выгадаваліся і пайшлі ў самастойнае жыццё двое дзяцей, а сёння часта-часта гучыць звонкі смех шасцярых унукаў.

– Сын жыве і працуе ў Мінску, дачка – у Астраўцы, а ўнукі на выхадныя і канікулы “збягаюць” са сваіх кватэр да нас у Дварэц. Яны – мая радасць і ўцеха, заўсёды чакаю іх з нецярпеннем і пачастункамі, – гаворыць Маргарыта Жылінская.

Яна лічыць, што цяпер надышла выдатная пара жыцця, калі яны абодва з мужам на заслужаным адпачынку, з задавальненнем займаюцца домам і прысядзібным участкам, разам з унукамі гатуюць, чытаюць кнігі і даследуюць прасторы роднага краю. З аграгарадка Маргарыта Сяргееўна выязджае нячаста, пераважна ў ваенны шпіталь, каб паправіць здароўе. Запрашэнне ў Гродна на сустрэчу з кіраўніком вобласці стала для яе сюрпрызам.

– Чаканні станоўчыя, хочацца пабачыць Гродна, які, на маю думку, з’яўляецца адным з самых прыгожых гарадоў Беларусі, пазнаёміцца асабіста з Юрыем Караевым, пра работу якога часта чытаю ў газеце або бачу ў навінах па тэлебачанні. Рада магчымасці пагутарыць з жыхаркамі вобласці, на лёсе якіх таксама так ці інакш адбіўся Афганістан, паслухаць іх жыццёвыя гісторыі.

Наталля АВЯРЧУК
Фота Наталлі АВЯРЧУК, з архіва сям’і Жылінскіх

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае  #Годбелорусскойженщины

Похожие публикации