У Год беларускай жанчыны хочацца пазнаёміць нашых чытачоў з цудоўнай дзятлаўчанкай – Ганнай Гутыра, галоўным бухгалтарам Дзятлаўскага раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый. На рабоце яна моцны, граматны і адказны кіраўнік, а дома – лагодная жонка, любячая мама і клапатлівая гаспадыня. Яе імя сёлета папоўніла шэраг лепшых работнікаў на раённай Дошцы гонару.
У Цэнтры па забеспячэнні Ганна Міхайлаўна працуе пяць гадоў, пачынала з радавога бухгалтара – вяла ўлік сельскіх саветаў, а ў 2022 годзе ёй прапанавалі стаць галоўным бухгалтарам. Прызнаецца, што было хваляванне, перажыванні, ці справіцца, але, атрымаўшы падтрымку ад старэйшых калег – Святланы Вянско і Ірыны Жэгала, згадзілася і не памылілася ў сваім выбары, бо не проста выконвае абавязкі, а па-сапраўднаму любіць сваю работу.
– Я ніколі не меркавала, што змагу дабіцца такіх вынікаў, – гаворыць суразмоўца. – У школьныя гады і падумаць не магла, што звяжу сваё жыццё з бухгалтэрыяй. У юнацтве гэтая сфера здавалася мне сухой і далёкай. На факультэт бухгалтарскага ўліку я паступала, шчыра кажучы, без высокай мары – проста таму, што неабходна было атрымаць запатрабаваную адукацыю. Скончыла Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж, а ў наступным годзе заканчваю Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе вучуся завочна на факультэце эканомікі. Але ў лёса, відаць, быў свой ідэальны баланс. Сапраўдная магія прафесіі адкрылася мне, калі ад тэорыі я перайшла да практыкі. Тады ўпершыню ўсвядоміла, што бухгалтэрыя – гэта не сумная руціна, а жывая, стройная і абсалютна гарманічная сістэма. Выпадковы выбар прафесіі стаў справай усяго майго жыцця.
Той факт, што я прайшла гэты шлях ад самага ніза, ад неразумення да шчырай любові да сваёй работы, сёння вельмі дапамагае мне як кіраўніку. Цяпер на забеспячэнні ў цэнтры знаходзяцца 43 бюджэтныя арганізацыі раёна, тысячы асабовых рахункаў і дзяржкантрактаў. Гэта каласальны маштаб. І я з гонарам магу сказаць: я радая, што калісьці выбрала менавіта гэты шлях, бо кіраваць такім складаным фінансавым механізмам – гэта сапраўднае мастацтва і ў той жа час вялікая штодзённая праца і неверагодная адказнасць, якую ты адчуваеш 24 на 7. Слова “лёгка” тут не падыдзе. Памылка ў нашай рабоце недапушчальная, бо ад яе залежыць стабільнасць усёй сацыяльнай сферы раёна.
– Які вы кіраўнік?
– Патрабавальны і строгі. Але калі здараюцца ў маіх падначаленых памылкі, я імкнуся не пакараць іх за гэта, а падказаць і выправіць, каб больш не дапускаць у далейшым. Як галоўны бухгалтар, я бачу сваю задачу ў тым, каб выбудаваць працэсы як швейцарскі гадзіннік. Мы максімальна аўтаматызавалі ўлік, укаранілі электронны дакументазварот, дакладна размежавалі зоны адказнасці паміж матэрыяльным, разліковым і планавым аддзеламі.
Але адзін чалавек, якім бы прафесіяналам ён ні быў, з такім вялізным аб’ёмам работы, як у нас, не справіцца. Маё галоўнае выратаванне і гонар – гэта сістэма і каманда. І тое, што маё імя сёлета занесена на раённую Дошку гонару – гэта не толькі асабіста за маю работу. Я шчыра лічу гэту ўзнагароду заслугай усяго калектыву нашай бухгалтарскай службы – гэта 26 чалавек. Галоўны бухгалтар без моцнай каманды у нашай сферы не можа нічога. Таму сваім калегам я хачу выказаць вялікую ўдзячнасць за іх адданасць справе, цярпенне і прафесіяналізм. Работа ў Цэнтры па забеспячэнні – гэта штодзённы нябачны бой з вялізнымі аб’ёмамі даных, інструкцыямі і тэрмінамі, і яны спраўляюцца з гэтым выдатна. Я ганаруся тым, што працую ў такой моцнай камандзе.
– Якімі якасцямі павінен валодаць бухгалтар, каб быць паспяховым у сваёй прафесіі?
– Адказным, уважлівым, ведаць заканадаўства, нарматыўныя дакументы. Заўжды стаўлю ў прыклад наш “залаты фонд”, як я іх называю, – калег старэйшага пакалення. Гэта людзі моцнай савецкай загартоўкі, у якіх вялікае пачуццё адказнасці, выканаўчая дысцыпліна і вернасць прафесіі, ніколі не адступаюць перад цяжкасцямі. Для нашай моладзі яны – галоўны арыенцір і надзейная апора.
– Ці задумваліся калі-небудзь памяняць работу?
– Усё жыццё працую толькі бухгалтарам, але ніколі гэта мне не надакучала настолькі, што хацелася б памяняць. Не бачу сябе ў іншай прафесіі, хочацца толькі ўдасканальвацца. Адна з маіх мараў і мэтаў – атрымаць сертыфікат прафесійнага бухгалтара ад Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь. Буду імкнуцца і старацца. Цяпер мяне поўнасцю задавальняе маё месца працы, тут адчуваецца стабільнасць, мне камфортна, што немалаважна – спрыяльнае маральнае становішча. Мне падабаюцца мае калегі, мой кіраўнік – Святлана Віктараўна, якая чуе мяне ва ўсім, давярае, падтрымлівае.
– Як адпачываеце ад сваіх любімых лічбаў, разлікаў?
– Я не магу сядзець на месцы, таму, напрыклад, рукадзелле – гэта зусім не маё. А вось праводзіць час з сям’ёй – мужам і дзвюма дочкамі-школьніцамі, наводзіць утульнасць у доме, даглядаць свой маленькі агарод – гэта мне падабаецца. Мы вельмі дружныя, часта ездзім у іншыя гарады адпачываць або на маю малую радзіму ў Мінскую вобласць ці да бацькоў мужа ў Ваўкавыск.
– Дзе знаходзіце сілы і падтрымку на ўсё?
– Сумяшчаць такую нагрузку на працы з сям’ёй – вялікі выклік. Прафесія галоўнага бухгалтара – гэта не работа з дзевяці да шасці гадзін, гэта адказнасць, якую нявольна нясеш у галаве дадому. Вядома, выгаранні таксама бываюць, часам здаецца, што сілы на зыходзе. І ў такія моманты галоўным выратаваннем, асноўнай падтрымкай і надзейным тылам становіцца мой муж. Я бязмежна ўдзячная яму за яго бясконцае цярпенне, мудрасць і разуменне. У нас дома ёсць сваё залатое правіла – пра работу не гаварыць. Дома магу зняць з сябе груз адказнасці кіраўніка і быць проста жанчынай, пра якую клапоцяцца. Менавіта дзякуючы яго падтрымцы і нашаму сямейнаму правілу я знаходжу сілы спраўляцца з выгараннем і кожную раніцу зноў вяртацца да работы з яснай галавой. Сям’я – гэта мая галоўная крыніца энергіі.
У нас з мужам было тры мары, і мы іх ажыццявілі: пабудавалі дом, завялі сабаку, пасадзілі дрэва.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины
Пра тое, што яны добра знаёмы з раёнкай і выпісваюць яе дома, яшчэ з парога…
По оперативным данным, с начала купального сезона утонули 117 человек, из них 9 детей. Спасены 150 человек,…
Готовность объектов хозяйств в период уборочной кампании находится на особом контроле спасательного ведомства. Дятловские спасатели…
28 жніўня адбудзецца абласны этап VII рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года-2026” па Гродзенскай вобласці. У адборачных…
Уступная кампанія на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў Беларусі праходзіць у больш ранні тэрмін, чым асноўны…
Уборачная кампанія на піку работ, і на Дзятлаўшчыне стала больш камбайнераў і вадзіцеляў, якія атрымалі…